Синдром «мертвой» матери, или Так ли живем, господа?

new-mother-stress-1050x500Прыродай закладзена так, што кожная нармальная жанчына марыць стаць маці і, атрымаўшы ў радзільным доме доўгачаканы камячок, пасля шматгадзінных пакут адразу ж забывае пра іх і поўніцца шчасцем, раствараецца ў сваім дзіцяці. Аднак усё часцей сітуацыя складваецца не зусім так, а бывае – і зусім не так.
Ужо працяглы час – з 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя – псіхолагі і псіхіятры свету б’юцца над пытаннем: чаму маладыя маці, нарадзіўшы дзіця, не хочуць не толькі клапаціцца пра яго, але і ў прынцыпе ба­чыць? І калі раней такія выпадкі сустракаліся даволі рэдка, то апошнім часам іх колькасць імкліва набірае абароты. Страшная бяда для дзіцяці – страціць сваю маму фізічна. Толькі ці не яшчэ страшней ведаць, што мама ёсць, але ты ёй не патрэбны? І зараз гутарка ідзе не пра тых маці, якія заглядваюць у бутэльку, ці “падселі” на наркотыкі, ці самі выраслі ў сям’і, дзе сталі “пабочным прадуктам” п’янага сексу і нейкія маральна-этычныя асновы ў іх галовы закласці не было каму. Мы гаворым пра тых жанчын, якія мелі шчасце нарадзіцца і вырасці ў поўных благанадзейных сем’ях, былі акружаны клопатам і любоўю бацькоў, бабуляў і дзядуляў, а затым самі стварылі такія ж, на першы погляд, добрыя сем’і і былі задаволены сваім жыццём да тае пары, пакуль у ім не з’явілася дзіця – трэцяе лішняе…
Прычыны, з-за якіх маленькія дзеці “перакачоўваюць” на нібыта часовае, а як паказвае практыка, часцей за ўсё пастаяннае, жыхарства да бабуль з дзядулямі, называюцца розныя. Напрыклад, бытавая неўладкаванасць. Разам з тым у процівагу можна прывесці мноства прыкладаў, калі маладая сям’я жыве гадамі ў цесным пакойчыку інтэрната з малымі дзецьмі, тата ўмудраецца працаваць на дзвюх работах, а мама – яшчэ і завочна вучыцца. Але тут сітуацыі бываюць розныя, часам і сапраўды дастаткова складаныя. Другая прычына – маладая маці моцна занятая сваёй кар’ерай, і дзіця, якое “не ў час” з’явілася на свет, перашкаджае ёй, як гаварыў адзін з герояў камедыі Гайдая, “расці над сабой”. Мабыць, калі гэта працягваецца год-два, яе яшчэ таксама можна неяк зразумець. Але як зразумець тую маці, якая адмаўляецца ад дзіцяці, аргументуючы гэта тым, што яно, цытую, “раздражняе”, “дастала!”, “надакучыла”, “няма больш сілы слухаць яго плач і выконваць капрызы”, “перашкаджае нармальна жыць, а маладосць кароткая”. Не, гэтыя цытаты ўзяты не з Інтэрнэта – так абгрунтавалі сваё адмаўленне ад родных крывінак дзве маладыя жыхаркі нашага раёна. У адным выпадку дзіця падкінулі бабулі, якой самой крыху за сорак і ёй яшчэ шмат працаваць да пенсіі, у другі — дэкрэтны водпуск вымушаны быў аформіць тата, дарэчы, зусім малады хлопец, а жонка тым часам “вкушает все прелести жизни”. На фоне такіх эмацыянальна “мёртвых” маці прадстаўнікі плыні “чайлд-фры” здаюцца хаця б дастойнымі павагі за тое, што асэнсавана не хочуць калечыць лёсы дзяцей.
Чайлд-фры – “вольныя ад дзяцей” – плынь, што ўзнікла ў 60-ыя гады ў асяродку амерыканскіх феміністак, якія нараджэнне і выхаванне дзяцей разглядалі як адну з формаў “дамашняга рабства”. У хуткім часе яна выйшла за фемінісцкія межы і атрымала распаўсюджанне па ўсім свеце як сярод жанчын, так і сярод мужчын. Па некаторых ацэнках, у развітых краінах да чайлд-фры адносяць сябе ад 5 да 10 працэнтаў насельніцтва. Прыкладна столькі ж адмаўляюцца станавіцца бацькамі, не пазіцыянуючы сябе як членаў гэтай плыні. Даўно існуюць крамы, “вольныя ад дзяцей, кафэ “толькі для дарослых” і зоны адпачынку, куды ўваход з дзецьмі катэгарычна забаронены.
Спакон вякоў жанчына, якой бы актыўнай грамадскай дзейнасцю ні займалася, які б бізнес ні цягнула на сабе, якіх вышынь ні дасягнула б, у першую чаргу – маці. Калі яна вырашае ёю не быць – гэта яе выбар, яе права. Калі ж дзіця нарадзілася, адмовіцца ад яго таму, што раздражняе і перашкаджае жыць, – і ў жывёл такога не сустрэнеш. Застаецца толькі спачуваць дзеткам, бацькам і мужам такіх “мёртвых” маці. Бо выхоўваць гэтых жанчын і закладваць у іх душы тое, што не заклалася, ужо позна.
Сіндром “мёртвай” маці – адсутнасць любові і прывязанасці да свайго дзіцяці. Упершыню паняцце было агучана ў 1980 годзе ў дакладзе вядомага французскага псіхааналітыка Андрэ Грына перад Парыжскім псіхааналітычным таварыствам.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
P.S. Напісанае вышэй ні ў якім разе не з’яўляецца цвёрдым меркаваннем – гэта толькі спроба асэнсаваць праблему, паразважаць. Безумоўна, наконт яе могуць існаваць іншыя погляды. Падзяліцеся імі з чытачамі газеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *