Социальным работником в Докшицах работает Ольга Шарох

DSC01067У нашай краіне надаецца значная ўвага людзям пажылога ўзросту. Створана сістэма сацыяльнай абароны, якая ўключае ў сабе прадастаўленне шматлікіх ільгот і гарантый, стабільнае пенсійнае забеспячэнне, сацыяльнае абслугоўванне і дапамогу дома. У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе аддзяленне сацыяльнай дапамогі, якое на сённяшні дзень аказвае падтрымку 848 грамадзянам пажылога ўзросту. Гэта 218 чалавек адзінокіх, 624 — якія жывуць адны, у іх ліку 10 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 60 інвалідаў І і ІІ груп. Пра іх быт і здароўе клапоцяцца 106 сацыяльных работнікаў. Калі гаварыць пра паслугі, то яны прадастаўляюцца ў залежнасці ад колькасці візітаў – бясплатна, на ўмовах частковай альбо поўнай аплаты.

Самыя элементарныя з паслуг – гэта пакупка і дастаўка на дом прадуктаў харчавання і лекаў, аказанне дапамогі ў прыгатаванні ежы, уборка, дастаўка вады, у зімовы перыяд – расчыстка прыдамавой тэрыторыі ад снегу і іншыя. Сёлета адбылося павелічэнне аплаты за сацыяльнае абслугоўванне. Так, кошт аднаго візіту для тых, хто жыве адзін, і адзінокіх пенсіянераў, у якіх пенсія большая за 200 % БПМ, складае 1руб. 34 кап. За сямейную пару – 2 руб. 14 кап. За месяц (пры наведванні сацыяльным работнікам тры разы ў тыдзень) грамадзяніну трэба будзе заплаціць 17 руб. 42 кап., сямейнай пары – 27 руб. 82 кап. Для тых, хто мае ў дамах і кватэрах усе камунальныя выгоды, кошт аднаго візіту складзе 92 кап., за месяц – 11 руб. 96 кап. (12-13 візітаў).

Для адзінокіх малазабяспечаных пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсію ніжэйшую за 200 % БПМ, прымяняецца частковая аплата візіту – 80 кап. За месяц пры трохразовым наведванні ў тыдзень – 10 руб. 4 кап. Для сямейнай пары – 1руб. 34 кап. (за месяц 17 руб. 42 кап.).

Аддзяленне сацыяльнай дапамогі развівае і новыя віды паслуг, сярод якіх дыета-, арома-, фітатэрапія, су-джок (пальчыкавы масаж). Па рэкамендацыях участковых тэрапеўтаў можна скарыстацца “санаторыем дома”. Сёлета гэта ўжо зрабілі 7 чалавек. Запатрабаванымі сярод разавых платных паслуг з’яўляюцца мыццё бялізны, апрацоўка прысядзібнага ўчастка, расчыстка дарожак ад снегу, генеральная ўборка ў доме, афарбоўка столі і падлогі.
Што такое клопат пра састарэлых, добра ведае Вольга Шарох, бо сем гадоў адпрацавала ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Сітцах. Пабудаваўшы кватэру ў Докшыцах, жанчына ўладкавалася сацыяльным работнікам у ТЦСАН і зараз стварае камфорт у дамах і кватэрах дзевяці бабуль і дзядуль. Яе з радасцю чакаюць усе падапечныя. Сярод іх і Вікенцій Гаўрыловіч. У свой час ён 33 гады адпрацаваў вадзіцелем-манцёрам у РЭСе. Зараз знаходзіцца на пенсіі, жыве адзін. Жонку пахаваў, дзеці стварылі свае сем’і і пераехалі ў Расію. Зразумела, 78-гадоваму дзядулю аднаму цяжкавата спраўляцца з хатнімі клопатамі, таму знаёмыя і параілі яму звярнуцца ў ТЦСАН. Зараз Вікенцій Канстанцінавіч задаволены тым, што карыстаецца паслугамі сацыяльнага работніка, тым больш такога, як Вольга Пятроўна.

– Вольга клапоціцца і пра чысціню ў доме, і пра маё здароўе, – кажа Вікенцій Гаўрыловіч. – Ні на якога іншага сацработніка яе не прамяняў бы, нават на самага лепшага. Для мяне яна і ёсць самая лепшая.
Вольга ж, з усмешкай гледзячы на свайго падапечнага, дадае:

– Прафесія выбрала мяне, а не я яе. І без сваіх старэнькіх сваё жыццё ўжо не ўяўляю.

Таццяна
ПАДБЯРЭЗКАЯ.
На здымку: сацыяльны работнік Вольга Шарох дапамагае расчысціць дарожку ля дома свайго падапечнага Вікенція Гаўрыловіча.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *