Бухгалтеру представительства Белгосстраха по Докшицкому району Наталье Попковой вручили благодарность

IMG_3819Бухгалтар – гэта спецыяліст адной з самых сур’ёзных і дакладных прафесій. Не кожнаму становяцца падуладнымі лічбы, ад акуратнага лічэння якіх залежыць фінансавая стабільнасць кожнага працаўніка. Майстрам па дэбітах і крэдытах прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Докшыцкім раёне шосты год з’яўляецца бягомльчанка Наталля Папкова.

Наталля Віктараўна – вопытны работнік. За яе плячыма вядзенне бухгалтарскай справы на заводзе “Ветразь” і бягомльскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў. Пасля расфарміравання апошняга яна ўладкавалася на часовае месца галоўнага бухгалтара ў прадстаўніцтве, а атрымалася, што так і засталася тут.

– Ніколькі не крывадушнічаю, калі кажу, што рада працаваць у гэтым калектыве, – дзеліцца Наталля. – Тут сабралася добрая, згуртаваная каманда, якой ўмела кіруе высокаадукаваны, адказны, аўтарытэтны і прынцыповы дырэктар Віктар Жакаўка. Для чалавека вельмі важна знаходзіцца там, дзе яму камфортна. Спакой і ўпэўненасць спрыяюць працаздольнасці, а добры настрой, з якім вяртаюся ўвечары дадому, падтрымлівае і сямейны лад. Зразумела, што ў кожнай арганізацыі свае асаблівасці работы бухгалтара, але прафесію сваю люблю, а таму да новага адаптавалася неяк хутка і лёгка.

Наталля Віктараўна прыгадала, што з дзяцінства любіла дакладнасць ва ўсім, каб усё было “капейка ў капейку”. Гэтаму заўсёды вучыў тата – Віктар Пятровіч Шаркевіч. Удзячна яму і за тое, што яе – зусім юную і нявопытную васьмікласніцу – ён падтрымаў у спробе паступіць у фінансавы тэхнікум. Так, у пятнаццацігадовым узросце Наталля паехала вучыцца ажно ў Калінінскую вобласць. Атрымала жаданую спецыяльнасць бухгалтара і вярнулася дадому. Па размеркаванні працавала ў Сянно, дзе сустрэла будучага мужа. З усмешкай успамінае Наталля Віктараўна свой так званы “мядовы месяц”, калі маладыя па камсамольскай пуцёўцы паехалі будаваць БАМ. У горадзе Тында пражылі Папковы дванаццаць гадоў. Нарадзілі дваіх дзетак. Пасля развалу Саюза вярнуліся ў Беларусь, у родны сэрцу Наталлі Бягомль. Па падказцы дырэктара тагачаснага прадпрыемства “Ветразь” Мікалая Глазко “пайшла” па вышэйшую адукацыю – завочна скончыла Санкт-Пецярбургскі універсітэт упраўлення і эканомікі.

Прафесіяналізм бухгалтара Наталлі Папковай сёлета пацвярджае падзяка Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства “Белдзяржстрах”, якую яна атрымала за плённую, добрасумленную працу, істотны ўклад у развіццё страхавання, дасягненне высокіх паказчыкаў у працы і ў сувязі з 95-годдзем утварэння Белдзяржстраху. Наталля Віктараўна ўпэўнена, што няма мяжы дасканаласці, а таму з радасцю імкнецца ісці ў нагу з часам, спасцігае новыя веды ў любімай бухгалтарскай справе.

Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *