35 лет на одном месте работает Виктор Люлько из Докшицкого района

img_0122Інжынер па якасці Докшыцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктар Люлько – старажыл прадпрыемства. Сёлета спаўняецца 35 гадоў з таго часу, як ён прыйшоў на працу ў тады яшчэ ПМК-48. Па выніках 2016 года В.І. Люлько прызнаны лепшым работнікам арганізацыі, якая абслугоўвае сельскую гаспадарку.

– Сам я мясцовы, родам з Вараноў, – расказвае Віктар Іванавіч.
— Пасля школы паступіў у палітэхнікум у Мінску, затым адслужыў у арміі ў Забайкаллі і з дыпломам распрацоўшчыка тарфяных радовішчаў вярнуўся на малую радзіму. Некалькі гадоў аддаў БМУ-6 у Крулеўшчыне, а потым былы дырэктар ПМК-48 Мікалай Аніськоў паклікаў у Докшыцы. Што гэта было за прадпрыемства! Каля паўтысячы работнікаў, якія працавалі ў некалькі змен на многіх вялікіх аб’ектах адначасова, безліч тэхнікі. Працаваць у арганізацыі марылі многія, бо гарантавана мелі не толькі намнога вышэйшы за сярэдні заробак, але і сацыяльную падтрымку. У пачатку 80-х вакол прадпрыемства актыўна будаваўся мікрараён меліяратараў: узводзілася шмат жылля, з’явіліся крама і садок. На той час я ўжо меў сям’ю і ў ліку іншых атрымаў службовае жыллё.
Прашу героя артыкула згадаць самы значны аб’ект, дзе давялося працаваць.
– Добра памятаю адзін са сваіх першых аб’ектаў – гідратэхнічныя збудаванні ў напрамку ад Слабады да Варлані. Плошча, на якой мы працавалі, была вялікая – пад 1200 гектараў. Ужо і не падлічыш, колькі было выраблена выканаўчых дакументаў, праведзена лабараторных аналізаў і інструментальных праверак з таго часу. Займаючыся гэтай работай, на ўсё жыццё запомніў парады і адносіны да справы інжынера-геадэзіста Яўгена Сушкевіча, чалавека вельмі патрабавальнага ў першую чаргу да сябе і таксама да астатніх, які не дазваляў нікому рабіць справу дрэнна.
Сёння мы займаемся рамонтам і рэканструкцыяй меліярацыйных сістэм у розных кутках раёна. Недаацэньваць гэту справу ні ў якім разе нельга. Калі хаця б на некалькіх гадоў запусціць яе, сістэма выйдзе з рабочага стану, і пачнецца зваротны працэс. А таму работы ў нас хапае.
У размове пра асабістае Віктар Іванавіч шчыра прызнаўся, што дзякуе лёсу, які не занёс яго на чужую зямлю, а пакінуў на роднай.
– Я чалавек ад прыроды. Люблю лес, зямлю. Шчаслівы тым, што жыццё пражыў побач з бацькамі, што ўжо каля сарака гадоў у шлюбе з жонкай Галінай, з якой выгадавалі двух сыноў, а яны атрымалі годную адукацыю і стварылі свае сем’і. А асабліва пяшчотна сэрца шчэміць, калі ў нашай хаце збіраюцца разам чацвёра ўнукаў. І больш мне нічога не патрэбна.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *