Андрей Мельник из Докшицкого ДРСУ победил в номинации «Лучший дорожник»

img_6878Адну з самых масавых прафесій Андрэй Мельнік з Докшыц (на здымку) выбраў яшчэ падчас службы ў арміі. У сапёрным батальёне прайшоў курсы кранаўшчыкоў, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, так і стаў вадзіцелем. У гады службы нават прыязджаў у наш раён на размініраванне. Вярнуўшыся дадому, уладкаваўся спачатку ў райсельгасхімію, а з 2000 года перабраўся на работу ў ДРБУ-180. З той пары Андрэю прыйшлося працаваць не па графіку, а па выкліку. Вось і днямі ў сувязі з няўстойлівым надвор’ем ад дзяжурнага паступіў званок, а на гадзінніку не было яшчэ і пяці раніцы.

– Хуценька апрануўся, выпіў кубачак кавы і за справу – у кабіну “пяскараскідвальніка”, – гаворыць вадзіцель. – Пасля адлігі прымарозіла, на дарогах стала слізка, таму трэба іх “падсыпаць”.

Кальцавая і дарога ў бок Беразіно – той участак, які абслугоўвае машына Мельніка. Спачатку ён адпраўляецца на базу ў Чырвонае Беразіно, дзе загружае 8 тон пясчана-солевай сумесі. За дзень удаецца зрабіць па 4-5 рэйсаў. Гэта ў асенне-зімовы перыяд. У іншы час машына мяняе пяскач на бочку і дастаўляе ваду для патрэб асфальта-бетоннага завода.
Яшчэ адна адзінка тэхнікі, якая замацавана за вадзіцелем, – гэта кран. За яго “штурвал” Андрэй садзіцца пры будоўлі мастоў, пры ўкладцы труб. З дапамогай “велікана” разгружае плітку і бардзюры. Тэхніка не новая і патрабуе догляду, якім і займаюцца ўмелыя рукі гаспадара, бо напагатове трэба быць у кожную хвіліну. За гэта, а яшчэ за адказныя адносіны да работы, і цэніць яго кіраўніцтва.

Акрамя сваёй асноўнай прафесіі, Андрэю падабаецца працаваць з дрэвам. Чым і займаецца ён у час адпачынку. З яго слоў, калі б не стаў вадзіцелем, то абавязкова выбраў спецыяльнасць, звязаную з будаўніцтвам. І гэта не проста словы: ля ўласнага дома ў двары размясцілася прыгожая альтанка, вялікія арэлі, знайшлося месца і дэкаратыўнаму млыну – усё з дрэва. Ёсць час даглядаць хатнюю гаспадарку – сям’я трымае свіней і штук дваццаць курэй.

Адказны работнік, дбайны гаспадар, клапатлівы тата двух сыноў – такім яго ведаюць калегі і сябры. Ён ніколі зорак з неба “не здымаў”, але заўсёды быў у пашане. Сёння ж Андрэй Мельнік – адзін з тых, чыя праца прызнана на ўзроўні раёна. На злёце перадавікоў ён быў адзначаны ў намінацыі “Лепшы дарожнік”.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *