Докшицкие студенты рассказали про свою учёбу в Горецкой БГСХА

bez-imeni-1Выбар прафесіі не хвілінная справа, якая для многіх становіцца ці не самым цяжкім рашэннем у жыцці. У сённяшніх старшакласнікаў яшчэ ёсць час дазнацца пра вучэбныя ўстановы Рэспублікі  Беларусь, пра спецыяльнасці, якія можна ў іх атрымаць. Спадзяёмся, што расказы некаторых нашых землякоў пра сваё студэнцкае жыццё, а таксама парады спецыялістаў-псіхолагаў дапамогуць выпускнікам зрабіць правільны выбар.

Аня Арпуховіч і Юля Юковіч (на здымку) – былыя выпускніцы СШ № 1 і № 2 г. Докшыцы – сёлета сталі студэнткамі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасябравалі яны яшчэ ў Полацкім аграрна-эканамічным каледжы, у які паступілі пасля дзевяці класаў. Тры гады разам спасцігалі азы бухгалтарскай справы, а калі сталі перад выбарам у набыцці вышэйшай адукацыі, ніколькі не раздумвалі, бо выкладчыкі каледжа пастаянна раілі ісці ў акадэмію. Да таго ж Аня ў мінулым годзе прыняла ўдзел у алімпіядзе па сваёй спецыяльнасці, якая адбывалася ў БДСГА. Для алімпіяднікаў была праведзена экскурсія па акадэмічным гарадку, які вельмі ўразіў дзяўчыну.

– Для вучобы ў акадэміі створаны найлепшыя ўмовы, – расказвае Аня. – Кафедры аснашчаны сучасным абсталяваннем, камп’ютарнай тэхнікай з выхадам у Інтэрнэт. Вучэбныя практыкі студэнты праходзяць на вопытных палях, вучэбных фермах, у майстэрнях, дзе, акрамя авалодання асноўнай спецыяльнасцю, можна атрымліваць і працоўныя прафесіі. Лепшыя студэнты маюць магчымасць праходжання практыкі-стажыроўкі за мяжой. Ва ўстанове можна атрымаць і другую вышэйшую адукацыю.

– Шмат чаго створана ў БДСГА і для баўлення вольнага часу студэнтаў, – працягвае Юля. – Спяваеце або танцуеце – калі ласка, у Палац культуры. З’яўляецеся прыхільнікам здаровага ладу жыцця – вас чакаюць спартыўны комплекс са стадыёнам і басейнам, трэнажорныя залы ў інтэрнатах, тэнісныя пакоі і шмат чаго іншага.

– За сваю шматгадовую гісторыю акадэмія падрыхтавала для АПК і іншых галін народнай гаспадаркі больш за 90 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў, – падтрымлівае размову дзяўчат наша зямлячка, выкладчык кафедры бухгалтарскага ўліку ў сельскай гаспадарцы УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія” Алена Ракуціна. – Выпускнікоў БДСГА можна сустрэць ва ўсіх кутках рэспублікі і далёка за яе межамі. Акадэмія па праве ганарыцца тым, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка – выпускнік яе эканамічнага факультэта.

Сёння Горацкая акадэмія – гэта вядучая ВНУ ў нацыянальнай сістэме адукацыі краіны ў вобласці падрыхтоўкі кадраў аграпрамысловага профілю. БДСГА займае лідзіруючае становішча ў краіне па развіцці міжнародных сувязей. Яе можна назваць буйным навукова-даследчым цэнтрам. Акадэмія – гэта 16 вучэбных карпусоў, 14 студэнцкіх інтэрнатаў, вучэбна-даследчая гаспадарка, бібліятэка з кніжным фондам больш за мільён тамоў, сталовая на 800 месцаў, батанічны сад і дэндрарый са шматлікімі рэдкімі і каштоўнымі відамі раслін.

У БДСГА усё робіцца для таго, каб прэстыж ведаў будучых спецыялістаў заставаўся высокім. За выдатную вучобу і актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце Саветам акадэміі заснавана 14 імянных стыпендый вядомых навукоўцаў, якія працавалі ў акадэміі, у тым ліку – стыпендыя Максіма Гарэцкага, якая прызначана лепшаму студэнту-іншаземцу. Акрамя гэтага, 8 чалавек з’яўляюцца стыпендыянтамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Больш падрабязную інфармацыю пра кожны факультэт і правілы прыёму ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію можна знайсці на сайце www.baa.by.
Адрас прыёмнай камісіі БДСГА: Магілёўская воб­ласць, г. Горкі, навучальны корпус № 11, к. 707, тэл. (802233) 7-97-31, 5-94-65.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *