100-летие белорусской милиции. Докшицкий РОВД: история и современность

begomlskij-rajotdel1

Пасляваенныя гады.

Бягомльскі райаддзел

Сёння беларуская міліцыя адзначае 100-гадовыя ўгодкі з дня свайго нараджэння. Менавіта 4 сакавіка 1917 года быў падпісаны Загад аб назначэнні Міхаіла Міхайлава (Міхаіла Фрунзе) часовым начальнікам мінскай міліцыі. У міліцыянеры пайшлі рабочыя, салдаты, якія вярнуліся з фронту, і прадстаўнікі іншых саслоўяў, якія спачувалі рэвалюцыі. Разам з аховай грамадскага парадку, барацьбой са злачыннасцю міліцыя змагалася і з так званай унутранай контррэвалюцыяй. 

На сучаснай тэрыторыі Докшыцкага раёна райаддзел міліцыі быў створаны ў Бягомлі ў 1924 годзе, калі 2-я сесія ЦВК БССР заканадаўча замацавала новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне рэспублікі. Дзякуючы яму на карце краіны з’явіўся Бягомльскі раён. Ён праіснаваў да 1960 года. Пасля чаго тэрыторыя была раздзелена паміж Барысаўскім, Лепельскім і Докшыцкім раёнамі.
Звестак пра дзейнасць Бягомльскага райаддзела міліцыі не так шмат, бо ніхто мэтанакіравана захаваннем гісторыі не зай­маўся. Але з дапамогай энтузіяста музейнай справы Алы Каралевіч удалося сабраць некаторыя звесткі.
На пачатку 1930-га года адзіночкай антысаветчыкам Тарасевічам, па прозвішчу “Асмолак” быў забіты начальнік крымінальнага вышуку Логвінаў. Вядома прозвішча перадваеннага начальніка аддзела – Каняеў. У гэтыя ж гады ў міліцыю прыйшлі служыць тры браты Паркулевічы з Ваўчы. Дарэчы, з гэтай вёскі было некалькі міліцыянераў. Івана, Ілью, а таксама Мікалая Батуру, Парфірыя Добыша, Зянько восенню 1941 года арыштавалі і расстралялі ў Бягомлі. Па загадзе немцаў зрабіў гэта мясцовы здраднік Амелька. Раман Паркулевіч стаў партызанам брыгады “Жалязняк”.
Пасля вайны ў раёне, як і ўсюды, назіраўся разгул бандытызму. Дзеянні невялікіх бандаў насілі чыста крымінальны характар. Дзейнічалі бандыты групамі па 2-3 чалавекі, у іх ліку былі мужыкі з вёсак Броды, Недаль, Тартак. Усе былі ўзброеныя, бо гэтага дабра хапала пасля вайны. Асноўная цяжкасць барацьбы з бандытамі лягла на плечы міліцыі. Райаддзел размяшчаўся ў цагляным будынку былой турмы. На другім паверсе жыла сям’я начальніка міліцыі Цярэнція Івончыка. А на першым знаходзіўся пакой папярэдняга затрымання. Дачка Цярэнція Наумавіча Зоя ўспамінае, што вязні, калі хацелі есці, стукалі па столі, гэтым самым нагадвалі пра сябе родным міліцэйскага начальніка.
Гісторыя захавала імёны тагачасных міліцыянераў. Участковым Бярэзінскай зоны доўгі час быў Міхаіл Добыш. Таксама ўчастковым працаваў Сцяпан Семянчук. Міліцыянерамі служылі Іван Глазко, Юрый Зорыч, Уладзімір Кадзер, Розаў, Юрчанка, Дарафеенка, Лаўрэнцій Добыш. Жыццё Кузьмы Падальца, які з 1953 года па 1960 быў намеснікам начальніка Бягомльскага райаддзела міліцыі, – класічны прыклад біяграфіі міліцыянера тых неспакойных, гераічных часоў. Службу Кузьма Данілавіч пачаў у 1935 годзе ўчастковым інспектарам у Заслаўскім раёне. Сам жа быў родам з Чашніцкага.
У пачатку вайны, калі міліцыю перавялі на ваеннае палажэнне, Падалец быў прызваны на службу ў полк асобага назначэння па барацьбе з дыверсантамі. У кастрычніку 1941 года ён апынуўся пад Масквой. Затым прайшоў спецпадрыхтоўку і ў складзе асобнай чэкісцкай групы быў закінуты за лінію фронту для аховы Віцебскага падпольнага абкама партыі. Пасля вяртання з тылу ворага служыў у Цэнтральным апараце НКУС. У 1953 годзе яго накіроўваюць узначальваць крымінальны вышук Смалявіцкага раёна, а потым неўзабаве пераводзяць у Бягомль.

Докшыцкі райаддзел

Докшыцкае аддзяленне міліцыі было створана 10 лістапада 1939 года пасля таго, як Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. Размяшчалася яно па вул. Ленінскай у двухпавярховым будынку (зараз на гэтым месцы аўтамабільная стаянка паміж поштай і райвыканкамам). За польскім часам у ім быў паліцэйскі пастарунак, а да рэвалюцыі паліцэйскі ўчастак. У будынку размяшчалася дзяжурная часць, крымінальны вышук, ленінскі пакой, дзе знаходзіўся сцяг, агітацыйная літаратура, віселі партрэты правадыроў. У падвале былі камеры для часова затрыманых. Яшчэ адзін пакой быў адведзены пад школу. У ёй міліцыянеры тэрмінова вучылі рускую мову і атрымлівалі атэстат аб сярэдняй адукацыі. У гэтым жа будынку размяшчаўся інтэрнат для іх. Начальнікам міліцыі быў прысланы Тропін. Асабістага саставу налічвалася 23 чалавекі. На месца злачынства выязджалі на конях.
Калі пачалася вайна, міліцыя несла службу кругласутачна: лавіла дыверсантаў, суправаджала ў эвакуацыю дакументальны архіў, матэрыяльныя каштоўнасці, сем’і партыйных і савецкіх работнікаў. Тыя, хто застаўся ў горадзе, разам з чырвонаармейцамі сустрэлі немцаў са зброяй у руках. Але, што маглі зрабіць наганы і трохлінейкі з аўтаматамі і кулямётамі? Таму праз ноч рушылі на Усход. У рукі немцаў трапіў работнік пашпартнага стала Сэбсін Левін. Яго расстралялі на гарадской плошчы. Макар Кавалевіч загінуў пазней на баявым пасту. Аляксандр Гмырак біў фашыстаў у партызанах. Быў разведчыкам.
Адразу пасля вызвалення аддзяленне міліцыі аднавіла сваю дзейнасць. У спаленым горадзе яму адвялі драўляны будынак, які знаходзіўся на перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Чарняхоўскага. Насупраць яго ў доме, які зараз значыцца пад № 47, было аддзяленне Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (МДБ), якое наводзіла страх на людзей. Начальнікамі міліцыі ў той час былі Іван Лазабееў, Ашчэпкаў, Сямён Пруднікаў, Іван Маліноўскі, Раман Лаўрыкаў. Афіцэрамі служылі Васіль Лушнікаў, Аляксандр Ткачоў. Сярод сяржанцкага саставу значыліся Уладзімір Логінаў, Васіль Парцянка, Міхаіл Кароткі, Васіль Карачоў, Іван Патрушаў. У асноўным усе яны былі франтавікамі і не тутэйшымі. Мясцовым, магчыма, не давяралі, а мо яны самі не ішлі ў міліцыю. Як і ў Бягомлі на Докшыччыне таксама гулялі банды. Толькі некаторыя з іх мелі і палітычную афарбоўку: хапала незадаволеных савецкай уладай. З яе абаронцамі яны размаўлялі з дапамогай зброі. Ад рук бандытаў загінуў у вёсцы Струкі ў 1946 годзе оперупаўнаважаны Пётр Паддубскі. Разам з ім расстралялі і яго цяжарную жонку Марусю. У 1953 годзе ля Порпліскага двара ў час знішчэння апошняй банды быў цяжка паранены капітан Аляксандр Пададзёраў. Былы франтавік, ён меў шмат баявых узнагарод.

Нябачны бой

milicПасля аднаўлення ў 1965 годзе раёна ў новых тэрытарыяльных межах раённы аддзел міліцыі ўзначаліў таксама былы франтавік Алі Аляксандровіч. Выдатнік міліцыі, палкоўнік кіраваў ім 21 год. Размяшчаўся райаддзел у вялікім драўляным доме па вул. Ленінскай ля цяперашняй крамы “Эйс”. У 1974 годзе быў пабудаваны тыповы будынак, у якім РАУС знаходзіцца і зараз. Міліцыянеры, а было іх толькі 30 чалавек на 56 тысяч насельніцтва ў раёне, паступова перасаджваліся з коней на матацыклы, а потым на аўтамабілі. Людзям у пагонах удалося перамагчы арганізаваную злачыннасць, бандытызм і бліжэй да сярэдзіны 60-х гадоў актуальнай стала эканамічная злачыннасць. Міліцыя вяла з ёй нябачны бой і часта выходзіла пераможцам.
У 70-х гадах актыўна працавала аддзяленне па барацьбе з раскраданнем сацыялістычнай маёмасці, у складзе якога было толькі два чалавекі: капітаны Васіль Іванюшчанка і Войцэх Бальчэўскі. Прафесійны аператыўнік і былы фінансіст стварылі групу, якую праз некаторы час сталі вельмі баяцца тыя, хто запускаў руку ў народнае дабро. Як, напрыклад, злачынная група ў ПМК-48, дзе за завышаныя аб’ёмы работ падстаўныя асобы атрымлівалі зарплаты, якія часам у тры разы перавышалі кошт тагачасных новых “Жыгулёў”. Стварыў групоўку былы памочнік пракурора, таму “раскусіць” гэты арэх было складана, але ён аказаўся па зубах маладым аператыўнікам. У ДЭУ-180 раскраданнем дзяржаўнай маёмасці займаліся начальнік разам з майстрам. Некалькі дзён слухалася справа злачыннай групы райспажыўсаюза разам са старшынёй праўлення і камбіната грамадскага харчавання, на чале якой стаяў сам дырэктар. Кралі кааператары па-буйному: камбікорм – вагонамі.
Падобных спраў было шмат, і ўсе яны даходзілі да суда.
Прафесійную кар’еру Іванюшчанка завяршыў на пасадзе начальніка асобага аддзела УУС аблвыканкама ў званні палкоўніка. Яго напарнік таксама стаў палкоўнікам і ў 1986 годзе ўзначаліў райаддзел. Войцэх Бальчэўскі ўзнагароджаны медалямі “За ахову грамадскага правапарадку” і “За адвагу на пажары”. Апошняй былі адзначаны заслугі начальніка РАУС па ліквідацыі пажару на Крулеўшчынскай нафтабазе.
На пасту кіраўніка райаддзела ў 1998 годзе яго змяніў Эдмунд Мароз. У 2003 годзе начальнікам стаў У.А. Ходаль. Уладзімір Антонавіч пачынаў службу сяржантам, а завяршыў, прайшоўшы ўсе яе прыступкі, першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення асабовай бяспекі МУС Рэспублікі Беларусь. З 2008 па 2010 райаддзел узначальваў Міхаіл Архіпаў.
На пярэднім краі барацьбы са злачыннасцю ў розныя гады стаялі: Рыгор Козел, Альбін Несцяронак, Уладзімір Вішнеўскі, Аркадзь Гутар, Тадэвуш Цягуновіч, Казімір Аўласевіч, Аляксандр Аксючыц, Уладзімір Каваленка, Анатоль і Уладзімір Таляронкі, Аляксандр Ткачоў, Павел Шэвель, Валерый Катэйка, Мікалай Цімошчанка, Тадэвуш Аксновіч, Аляксандр Баравікоў, Анатоль Міхалевіч, Валерый Леднік, Юрый Мацяюн, Валерый Русак, Анатоль Міцько, Павел Кавалёнак, Валерый Сташэвіч, Вадзім Гарбачоў, Рычард Каросцік, Мікалай Страканаў, Вячаслаў Блажыевіч, Іван Рубаняк, Пётр Ліпчык, Яўген Гайковіч, Аляксандр Скакун, Валерый Лаўцэвіч, Мікалай Левановіч, Леанід і Ганна Гамановічы, Іван Лось, Іван Камінскі, Альгерд і Анатоль Мацюшы, Алейза Матрунёнак, Сяргей Ярашэвіч, Іван Шарог, Мікалай Шульгат, Рыгор Мацюшонак, Зіфрыд Скачко, Баніфацый Пугаўка, Анатоль Стэмпель, Анатоль Шышла, Алег і Ларыса Лубачкі, Аляксандр Вялічка, Мікалай Зубовіч, Іван Ждановіч, Аляксандр Хамко, Анатоль Лубнеўскі, Алег Шчэбет, Алег Атрахімовіч, Алег Гайдук, Сяргей Каралевіч, Ларыса Толкач, Алена Ставер, Аляксандр Лабынька, Аляксандр Палідавец, Алег Марчанкаў, Анатоль Ралавец, Валерый Круковіч, Алег Кратовіч, Юрый Варган, Павел Протас, Анатоль Сценнік, Аляксандр Кучыц, Сяргей Дук, Аляксандр Азямблоўскі, Андрэй Герасімёнак, Вячаслаў Палачанін, Таццяна Салаўёва
і іншыя.

 

img_1554Напярэдадні ўрачыстай даты – 100 гадоў з дня заснавання беларускай міліцыі — у кінаканцэртнай зале “Іскра” адбылося ўрачыстае пасяджэнне. На ім за добрасумленнае выкананне службовага доўгу шэраг супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў атрымалі розныя ўзнагароды. Сярод іх (на здымку злева направа) старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ капітан міліцыі Я.М. Хілько, старшы ўчастковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі капітан міліцыі Ю.М. Піменаў, старшы інспектар-дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы маёр міліцыі А.М. Гмыза.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *