Тамара Должонок из Докшицкого района считает свою работу удачей

img_7665Прыёмшчык заказаў Тамара Даўжонак на КПП у Порплішчы працуе другі год. Перыяд невялікі, але, як зазначылі ў КУПБА «Бытавік», і яго дастаткова, каб зразумець, што арганізацыя з кадравым выбарам не прагадала. Справа ў тым, што да Тамары Віктараўны больш за год ён быў зачынены з-за адсутнасці спецыяліста.
Тамара Даўжонак жыве ў Дзядках. Да таго, як у дзевяностыя маладая сям’я прыехала на малую радзіму, паспрабавалі з мужам гарадскога жыцця. Яна, прафесійная тэкстыльшчыца, працавала на камвольным камбінаце, ён – вадзіцелем. Жанчына ўспамінае:
– Дзядкі тады былі значна большымі, мы прыехалі да бацькоў пагасціць і вырашылі застацца. Абое ўладкаваліся ў сельгасарганізацыю, займелі жыллё. А потым вызвалілася пасада ў мясцовай бібліятэцы, дзе і адпрацавала восем гадоў.
Калі ж установа зачынілася, перад жанчынай паўстала відавочнае пытанне працаўладкавання. Яна прызнаецца, што работу знайшла па-сучаснаму, праз Інтэрнэт. Падчас прагляду базы вакансій убачыла, што «Бытавіку» патрэбен прыёмшчык, і патэлефанавала.
– Лічу сваё новае месца працы ўдачай, бо яно мне сапраўды па душы. Люблю кантактаваць з людзьмі і ўвесь час быць у руху, – прызнаецца Тамара Даўжонак.
А парухацца ёй і сапраўды трэба. Па-першае, ад Дзядкоў да Порплішча амаль шэсць кіламетраў, гэта калі напрамкі. Пераадольвае іх жанчына часцей пешшу, але з нецярплівасцю чакае пачатку актыўнага мотасезона. Так-так, яна сама кіруе не прывычным для сённяшніх жанчын скутарам, а матацыклам. Усміхаючыся, згадвае, што, калі атрымлівала правы, з васьмі кандыдатаў была адзінай прадстаўніцай прыгожай паловы чалавецтва. А па-другое, сённяшні прыёмшчык заказаў павінен быць чалавекам мабільным. Яшчэ адзін яго абавязак – штотыдзень бываць у розных невялікіх населеных пунктах, каб даставіць заказы і сабраць новыя.
– Патрэбы ў нашых вясковых кліентаў самыя розныя, – распавядае прыёмшчык. Напрыклад, многія, асабліва пажылыя, перадаюць бялізну ў пральню і іншыя рэчы ў хімчыстку. Часта звяртаюцца, каб адрамантаваць абутак. У сезон для апрацоўкі прысядзібных надзелаў замаўляюць тэхніку. Попытам карыстаецца прадукцыя дрэваапрацоўкі «Бытавіка». Заказваюць пакрыху ўсё: ад зэдлікаў, табурэтаў, лавак, палічак розных памераў да садовых набораў і вулічных прыбіральняў. Кожны першы чацвер месяца да нас прыязджае цырульнік. Па просьбе састарэлых і нямоглых жыхароў падстрыгчы іх дома, не адмаўляем, уваходзім у становішча кожнага. Часта вяскоўцы просяць прывезці тавары швейнай вытворчасці, сёе-тое з іншага нашага асартыменту. Бягуць людзі на КПП і па прычыне жалобы, бо мы рэалізуем і рытуальныя вырабы.
У лютым выручка Парплішчанскага КПП склала 2300 рублёў, сакавік яшчэ не скончыўся, а сума аказаных паслуг і рэалізаваных тавараў перасягнула 2500 рублёў.
Нашу размову з Тамарай Віктараўнай час ад часу перапыняюць кліенты, якія заходзяць на КПП ці тэлефануюць, каб удакладніць, калі прыёмшчык прыедзе да іх у вёску. Жанчына многіх пазнае па голасе і запэўнівае, што ўсе заказы прыбудуць па дамоўленасці. Калі крыху вызваляецца, працягвае разважанне:
– Першыя месяцы было складаней, пакуль вывучыла ўсе паслугі, іх кошт і парадак прадстаўлення, пазнаёмілася з людзьмі. Зараз заходжу ў вёсачках амаль у кожную хату, збіраю заказы, а людзі, пакрысе, і субяседніка ўва мне бачаць. Ім аддушына, і ў нас праца ідзе спарней. Выбрала для сябе такую тактыку: не чакаць, пакуль чалавек дойдзе да прыёмшчыка, а самой прапаноўваць паслугі.
Гледзячы на гэту прыемную, усмешлівую жанчыну, робіш выснову, што выраз: чалавек на сваім месцы, – гэта пра яе. І ні ў якім разе не ўяўляеш, што яна ўжо мае не толькі дарослую дачушку, а яшчэ і дваіх унукаў.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *