Начало войны в Докшицах

sniper_art-hd-wallpaper_1920x1200_knowledgehi-comПрыход Савецкай улады ў горад адзначыўся рухам ва ўсеагульную адукацыю. Вучыць чытаць і пісаць пачалі ўсіх. Выкладанне ў школах ажыццяўлялася на рускай мове. Ёй жа надавалі перавагу і ў партыйных, савецкіх установах, якія сталі паўсюдна стварацца. Для працы ў іх прыехалі так званыя “ўсходнікі” – спецыялісты з усходніх раёнаў БССР, у асноўным, усе камуністы. Пад жытло ім аддавалі дамы тых, каго вывозілі ў Сібір. У “ворагі народа” адразу былі запісаны ўсе палякі, “кулакамі” і “эксплуататарамі” амаль адначасова сталі і габрэі з беларусамі, якія жылі больш-менш заможна. У “шпіёны” і наогул было лёгка трапіць, напрыклад, па даносе зайздроснага суседа. Арыштаваных чорныя “варанкі” забіралі ноччу з 24 да 3-х гадзін. Закрыліся амаль усе рэстараны і кавярні. Людзі сталі апранацца больш бедна, каб не залічылі іх у багатыя, а значыць, у “ворагі”. Затое кожную нядзелю ў клубе дэманстраваліся кінафільмы, моладзь ладзіла канцэрты, праводзіліся піянерскія злёты, агляды мастацкай самадзейнасці.
Вайну чакалі са страхам, бо з Польшчы прыходзілі чуткі пра зверствы нацыстаў. Габрэі наогул апусцілі галовы, хадзілі сумныя, больш хітрыя сталі паціху збіраць пажыткі і выязджаць у глыбіню Расіі, але равін у сінагозе сказаў, што ўсё ад Бога, і нават вайна. Трэба змірыцца са сваёй доляй і чакаць.
22 чэрвеня, як вядома, быў нядзельны дзень. З ранку стаяла цёплае, сонечнае надвор’е, па-святочнаму прыбраныя гараджане ішлі сем’ямі ў царкву, касцёл. Рыбакі з вудамі спяшаліся на рэчку, а дзеці сноўдалі па горадзе, прыдумляючы чарговую гульню. Але ўжо ў 10 гадзін аднекуль прыйшла вестка, што пачалася вайна з немцам. Гаварылі пра гэта шэптам, бо раптам няпраўда, а за распаўсюджванне панікёрскага настрою маглі і арыштаваць. Але хутка ў горадзе аб’явілі, што ўсім трэба сабрацца ля клуба (ён тады знаходзіўся на цяперашняй вул. Палявога), каб паслухаць паведамленне ўрада. Выступленне Молатава слухалі моўчкі, гэтак жа здранцвеўшы прастаялі і ўвесь мітынг, на якім выступоўцы, камуністы і камсамольцы, заклікалі біць ворага.
На наступны дзень пачалася мабілізацыя. Навабранцаў паставілі ў шарэнгі ў парку ля царквы, бо прызыўная камісія працавала ў клубе. Мужчыны стаялі хмурыя, жанчыны галасілі, але ўсім яшчэ не верылася, што пачалася вайна. А вечарам гэтага ж дня нямецкая авіяцыя пачала бамбіць чыгунку ў Крулеўшчыне і Параф’янаве. На жураўлёўскае поле выкінулі першы дэсант. Адна з бомбаў узарвалася на полі ля Докшыц, акурат дзе зараз у канцы вул. Савецкай знаходзіцца падстанцыя. Другую скінулі ля Рашкаўкі. Потым кулямётнай чаргой з самалёта абстралялі статак кароў ля Чыстаполля.
Пасля падобнай дэманстрацыі нямецкай зброі у горадзе пачалася тэрміновая эвакуацыя сем’яў партыйных і савецкіх служачых. Людзі пакідалі ўсе рэчы, бралі з сабой толькі самае неабходнае, хаця ў страху і разгубленасці часта не маглі вызначыць, што такім з’яўляецца. Эвакуацыю правялі вельмі хутка, дзесьці за 2-3 гадзіны. А потым праз горад пайшлі бежанцы з захаду, часці Чырвонай Арміі, якія адступалі і трымалі шлях на Лепель і Барысаў. 26
Раніцай 24 чэрвеня ў Докшыцах з’явіліся нкусаўцы і міліцыянеры, якія ноччу хаваліся на ўсялякі выпадак у лесе. Наступныя некалькі дзён прайшлі спакойна, і жыццё, здавалася, пачало вяртацца ў звыклую ручаіну. Сталі працаваць пякарні, крамы, сталовая. Падманнае адчуванне мірнага жыцця закончылася 2 ліпеня. У 6 гадзін раніцы, калі на базарнай плошчы (зараз плошча Палявога) сабраўся вялікі натоўп ахвотных купіць хлеб, на яе з Татарскай вуліцы (зараз Дзяржынскага) заехалі тры легкавушкі, у кожнай з якіх сядзела па пяць немцаў. Людзі аслупянелі і, спужаныя, не маглі крануцца з месца. Немцы тым часам выйшлі з машын, праўда, не ўсе. Выглядалі яны добра: статныя, у прыгожай форме. Адзін з іх усміхнуўся натоўпу і пачаў клікаць: “Ком, ком!”, паказваючы характэрным жэстам, каб нехта з прысутных падышоў да яго. Адгукнуўся малады габрэй. Ён і загаварыў па-нямецку. Убачыўшы, хто перад ім, немец зароў, хапаючыся за аўтамат: “Юдэ! Юдэ! Вэк!” Хлопец кінуўся наўцёкі, а немцы загэргалі ўсе разам. Тады да іх асмеліўся падысці адзін пажылы мужчына, які быў у нямецкім палоне яшчэ ў Першую сусветную вайну і мог крыху размаўляць па-нямецку. Аказалася, фашысты пыталіся дарогу на Даўгінава. Яны паехалі, а людзі разбегліся па хатах.
У гэты час з Чыстаполля ў Докшыцы накіраваліся пасля начлегу нкусаўцы з міліцыянерамі. Было сярод іх і некалькі чырвонаармейцаў. Запыталіся ў мясцовага жыхара Дзмітрыя Чысцякова, хата якога стаяла на ўскрайку, што чуваць у горадзе. Ён ім, канечне, расказаў пра здарэнне на плошчы. Усе ўзрушыліся, схапіліся за зброю, а начальнік міліцыі Тропкін кінуў: “Пошли, ребята, дадим им жару”. І яны накіраваліся ісці па вул. Піянерскай да цэнтра. А насустрач ім ужо беглі пагранічнікі, якія начавалі ў гасцініцы. Пагутарылі ваенныя паміж сабой і, развярнуўшыся, шпарка пакрочылі ў лес. Хутка стала зразумела, чаму яны так зрабілі. У горад уваходзілі рэгулярныя нямецкія часці, якія ішлі далей на Беразіно – Лепель і Бягомль – Барысаў. Што маглі зрабіць вінтоўкі супраць танкаў і кулямётаў?
Праз тыдзень-другі вайна поўнасцю павярнулася да гараджан сваім страшным смяротным тварам. У горадзе ўсталяваліся камендатура, жандармерыя, паліцэйскі ўчастак. З усіх шчылін павылазілі здраднікі, што не прынялі савецкую ўладу, і проста нягоднікі. Паліцыю ўзначаліў паляк, былы памежнік Камулька. Паліцаі з мясцовых, якія жадалі прадэманстраваць новым гаспадарам сваю адданасць, пачалі сапраўднае паляванне на людзей, якіх яны лічылі савецкімі актывістамі. У адной з калон з ваеннапалоннымі, якія прыганялі кожны дзень у горад, прызналі былога работніка пашпартнага стала габрэя Сэпсула Левіна. Яго, а яшчэ маладую дзяўчыну Аню Пінцэвіч і невядомага камісара, для застрашвання гараджан павесілі на базарнай плошчы.
У гэты ж час на ўскрайку горада пачалі будаваць тры баракі для ваеннапалонных і казарму для салдат аховы. А пакуль гаротнікаў зганялі за агароджу царквы. На ноч адпраўлялі ў сам храм, каб не ўцяклі. Настаяцель Мікалай Пляшчынскі не адзін раз хадзіў да каменданта горада з просьбай не апаганьваць святыню, прычым у прамым сэнсе, бо людзей па патрэбе ноччу не выпускалі з храмавага будынка. Нарэшце просьбу яго задаволілі, але пад адкрытым небам на былым школьным агародзе ў канцы вул. Ленінскай палонных трымалі аж да лістапада. Апошні месяц лета і восень выдаліся халоднымі і дажджлівымі, а многія з салдат былі нават босымі. Кармілі іх два разы на дзень, давалі кубак баланды, зваранай з усялякай травы, і сухар. Ад холаду, голаду, ран, якія ніхто не лячыў, ваеннапалонныя паміралі дзясяткамі кожны дзень. Хавалі іх там жа, больш моцныя рылі агульную яму. Мёртвых складвалі ў рады па 25-30 чалавек, потым засыпалі зямлёй і хлёркай. Такіх радоў было чатыры ці пяць, а усіх магіл чатыры. Тысячы ахвяр ляжаць зараз у агульнай магіле з помнікам у раёне вул. Палявой. Многіх расстрэльвалі самі гітлераўцы. А колькі іх гінула, калі байцы спрабавалі ўцячы ў час руху калоны! Звычайна іх гналі з боку Глыбокага ці Беразіно. Жыхары вёсак выбягалі на дарогу, спрабавалі кінуць галодным, знясіленым людзям хоць нейкія прадукты, а то і ставілі вузельчыкі з ежай паабапал дарогі. Але не кожны канвой дазваляў гэта рабіць. У горадзе жанчыны хадзілі да лагера, таксама насілі прадукты. Звычайна немцы і паліцаі бралі сабе што лепшае з іх, а астатняе аддавалі ў агульны кацёл. Некаторых палонных у якасці быццам бы мужоў ці братоў удалося выкупіць жанчынам-гараджанкам. Падсілкаваўшыся, тыя звычайна збягалі ў лес, каб ваяваць супраць акупантаў.
Восень стала і пачаткам трагедыі докшыцкіх габрэяў, а наперадзе яшчэ былі тры гады акупацыі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Один комментарий для “Начало войны в Докшицах

  • 26.07.2017 в 5:44 пп
    Permalink

    «У “шпіёны” і наогул было лёгка трапіць, напрыклад, па даносе зайздроснага суседа. Арыштаваных чорныя “варанкі” забіралі ноччу з 24 да 3-х гадзін. Закрыліся амаль усе рэстараны і кавярні. Людзі сталі апранацца больш бедна, каб не залічылі іх у багатыя, а значыць, у “ворагі”. Затое кожную нядзелю ў клубе дэманстраваліся кінафільмы, моладзь ладзіла канцэрты, праводзіліся піянерскія злёты, агляды мастацкай самадзейнасці.»
    Прабачце, канешне, але ці варты былі такія людскія ахвяры (маю на ўвазе рэпрэсаваных, а не ахвяр ВАв), каб потым кожную нядзелю глядзець кінафільмы, канцэрты і г.д.?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *