В гармонии с собой… и другие принципы жизни семьи Шаметько из Бегомля

img_0427Калі мы запускалі праект “Людзі на зямлі”, то добра ўсведамлялі, што будзе ён не частым на газетных старонках: знайсці не толькі спраўных вясковых гаспадароў, а землякоў з асаблівай жыццёвай філасофіяй – гэта журналісцкая ўдача. Але крыху памыліліся: толькі ў мінулым месяцы выйшаў артыкул пра жыхароў Улесся, як героі для рубрыкі знайшліся зноў. На гэты раз у Бягомлі, у сям’і Сяргея і Наталлі Шамецькаў. Шчыра прызнацца, сустрэча з імі доўжылася не адну гадзіну. І нягледзячы на тое, што час прыспешваў, выхо­дзіць ад сапраўднага гаспадара, які мае здаровую сялянскую філасофію і разуменне таго факту, што наш дабрабыт ва ўласнай зямлі, не хацелася. Гэту ісціну ён не толькі здолеў пераняць ад дзядоў, але і перадае дзецям.

Маргавіца – каранёў жывіца

Гаспадар сям’і мясцовы. Яго родная вёска – зараз амаль злучаная з Бягомлем Маргавіца. Старажылы добра памятаюць яшчэ яго дзеда і бацьку. А для нашага героя іх справы і ўчынкі – навука ўсяго жыцця:
– У нашай сям’і ніколі не было гультаёў, – пачынае распавядаць Сяргей Васільевіч. – Заўжды мелі ўсё сваё, але ж і рабілі ад рання да цёмнага. На пару з бацькам трымалі чатыры каровы і столькі ж коней, не лічачы ўжо іншай жывёлы. Уявіце, колькі намаганняў прыкладалася, каб толькі яе накарміць. І гэта не тое, што зараз: сенажацяў свабодных шмат і блізка, амаль каля самай хаты. Не такое напрацаванае зараз сена ў параўнанні з тым, што трэба было на балоце скасіць, пасушыць і толькі з першымі маразамі вывезці. Сялянская праца ўся была ручная, але і думкі не ўзнікала скардзіцца на жыццё.
Сёння Шамецькі трымаюць каня ды кароўку, свіней, курэй, качак, апрацоўваюць вялікі агарод. Свой трактар дапамагае значна хутчэй упраўляцца. Гаспадар за тое, каб пяцёра ўнукаў елі натуральнае мяса, яйкі, гародніну, малочныя прадукты. А калі гасцей трэба сустрэць, дык на стале заўжды і пальцам піханая кілбаса па сакрэтным рэцэпце, і ружовенькая паляндвіца, і мяккае сальца асаблівага вясковага смаку, якога пакуль не здолелі дабіцца крамныя аналагі…
Бацька Сяргея Васільевіча – Васіль Андрэевіч – усё жыццё адпрацаваў у бягомльскім саўгасе, быў выдатным электрагазазваршчыкам, а калі трэба, мог і іншых спецыялістаў падмяніць.
– Курыць тата кінуў, у гарэлку надта не даваўся. Дзякуй богу, не грашым гэтым ні я, ні сыны. А вось адно захапленне ў яго мелася ўсё жыццё – гэта бортніцтва. Пчаляром ён слыў адметным і вучыў мяне. Праўда, мне на гэта пакуль не вельмі хапае часу (С.В. Шамецька працуе электраманцёрам-вадзіцелем у РЭСе ў райцэнтры), але калі выйду на адпачынак, займуся на поўную. Хаця некалькі вулляў усё роўна трымаю. Для сябе, каб не забыцца…
– Як даглядаць меданошаў? – спрабую працягнуць думку суразмоўцы, які гаворыць лёгка, з усмешкай, увесь час жартуе, але ў жартах тых не пустата, а жыццёвая мудрасць і гаспадарчая прадбачлівасць.
– Ды не, гэта я памятаю добра. Каб не забыцца, колькі працуюць ад рання і да змяркання пчолкі, каб атрымалася адна кропелька салодкага мёду. Людзям гэта навука, асабліва тым, якія больш часу скардзяцца на лёс, чым справай займаюцца. А яшчэ сваё трэба не толькі зара­біць, але і здолець захаваць. Вось, скажам, мой бацька заўжды згадваў, як наш дзед, чалавек дробна складзены, невялікага росту, за сваё рызыкаваў жыццём. У вайну забралі немцы з дзедавага хутара карову. Што гэта азначала на той час, людзям майго ўзросту тлумачыць не трэба. Дык ён у адну ноч пешшу дайшоў па ходзе ракі ажно да Мсціжа, неяк здолеў выкрасці ў фашыстаў сваю рагулю і прывесці яе дадому…

Выхаванне – гэта павага і дысцыпліна

img_0420Калі працавітасць галава сям’і Шамецькаў пераняў ад свайго бацькі, то дабрыню, шчырасць і спагадлівасць да людзей – ад маці.
Клапатлівую выхавальніцу дзіцячага садка Ніну Апанасаўну і сёння памятаюць многія бягомльчане. Пасля педвучылішча ў 1946 годзе яе, ураджэнку Магілёўшчыны, вязніцу канцлагера, накіравалі працаваць у дзіцячы дом, які размяшчаўся тады ў адным з будынкаў па сённяшняй вуліцы Набярэжнай. Пяць гадоў яна працавала з сіротамі, а потым яшчэ цэлых сорак у дзіцячым садку, які раней быў па вуліцы Савецкай.
У размову ўступае Наталля Адамаўна:
– Наша бабуля так любіла дзяцей, што, калі яе пасля доўгіх размоў угаварылі пайсці на адпачынак, без перабольшвання, тыдзень галасіла. Потым забралі да сябе жыць, а ў нас на той час ужо былі першыя ўнукі. Дзеці бегаюць, скачуць, шумна. Прашу, каб цішэй, каб бабулю не трывожыць. А яна, наадварот, падбухторвае малых – шуміце-шуміце, дзеткі, не магу ўжо без гэтага. А потым аблепяць прабабулю на ложку. Казкі ім чытае, і такім шчасцем свецяцца яе вочы…
Дарэчы, і сама Наталля Адамаўна, медсястра Бягомльскай райбальніцы, як і яе свякроў, у Бягомль таксама патрапіла пасля вучобы:
– Я з вёскі Палявая, гэта на Талачыншчыне. Вучылася ў Оршы ў медвучылішчы, а калі настала пара размеркавання, да нас прыехаў галоўны ўрач Бягомльскай бальніцы Іван Захарчук. Сам выбіраў кадры для некалі вялізнай медустановы. Так са жніўня 1978 года я ў Бягомлі. Пяцярых дзяўчат-медыкаў пасялілі ў кватэру ў пяціпавярховіку па вуліцы Лепельскай. Дарэчы, усе мы і жыць засталіся ў пасёлку, знайшоўшы тут свой жаночы лёс.
– З Наташай я пазнаёміўся 8 студзеня 1979 года, – расказвае Сяргей Васільевіч. – Дакладна памятаю гэтыя дні. Былі самыя Каляды, моладзь тады ў вёсках збіралася ў хатах, святкавала, ладзіла розныя забавы. Я пасля арміі працаваў у бягомльскай аўтабазе. Са змены хацеў хутчэй вярнуцца ў Маргавіцу, ды машына ў дарозе падвяла – зламалася. Ну што, кажух на зямлю – і рамантаваць. Праз дзень мая спіна мне гэтага не даравала. Паклалі ў бальніцу, а там маладзенькая, прыгожая медсястра. Закахаўся, амаль адразу прапанаваў стаць жонкай.
– Шчыра сказаць, не надта была гатовая да такой паспешлівасці, аднак потым усё ж згадзілася – працягвае Наталля Адамаўна. – І ведаеце, чаму? Сяргей не толькі мне падабаўся, але і быў вельмі падобны і знешне, і па ўчынках да майго таты. Прыехала дадому, убачыла бацьку маладым на партрэце і зразумела, што ў Бягомлі мяне чакае свой, родны чалавек.
Сям’ю Шамецькі стварылі вясной таго ж года. Хутка кемлівы гаспадар распачаў будаўніцтва ўласнай хаты ўжо ў Бягомлі, у якую ўвайшлі праз тры гады. Нарадзіліся тры сыны – Андрэй, Васіль і Улад. Хлопцы шустрыя, хапала ўсялякага, але ні бацька, ні маці ніколі не шкадавалі сіл і часу на іх.
– Сёння я магу ганарыцца тым, што мае хлопцы ўсе атрымалі вышэйшую інжынерную адукацыю, што за вучобу ніводнага з іх не давялося плаціць, што яны знайшлі сваё месца ў жыцці. Дзецям трэба воля, але і дысцыпліна, – разважае пра выхаванне Сяргей Васільевіч. – Сын скажа, што зрабіў ўрокі, а ты не палянуйся – правер, спытай у яго, сам лішні раз у кніжку зазірні. Ні аднаму, ні другому не пашкодзіць. А яшчэ ў іх павагу трэба выхоўваць да бацькоў. Памятаю, як яшчэ мой бацька пра сваё дзяцінства ўспамінаў: “Паставіць маці на стол вячэру, мы вакол пасядзем, хочацца хутчэй есці, а бацька маліцца пачынае, дзякаваць за хлеб надзённы. Не дай бог каму загаварыць ці засмяяцца ў гэты час. Драўляная лыжка па лбе трапляла тут жа”. І гэта правільна: павага да старэйшых, зямлі і неба – тры кіты, на якіх трымаецца сям’я. І я прывык кожны дзень пачынаць і заканчваць з дзякавання Богу за тое, што маю, прасіць блаславення сынам, нявесткам, унукам. У іх жыцці хапала рознага, але я заўжды кажу сваім дзецям, што любыя складанасці можна пераадолець. Бог даў вам рукі, галаву і розум, адукацыю вы атрымалі самі, зямлі ў нас хапае, а значыць, працуйце, кумекайце, круціцеся ў жыцці і не чакайце, што нехта нешта дасць вам проста так. Будзьце ў суладдзі з сабой і Сусветам.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *