Актуальные вопросы землепользователей Докшицкого района


3804Зямельныя ўчасткі і пабудовы, якія знаходзяцца на іх, у абавязковым парадку павінны быць зарэгістраваны. Толькі ў гэтым выпадку землекарыстальнік будзе мець права распараджацца імі па сваім жаданні. Пра тое, да чаго можа прывесці ігнараванне гэтым патрабаваннем, мы пагутарылі з начальнікам землеўпарадкавальнай службы раёна Дзіанай Шульгат.

– Дзіана Мяфодзьеўна, відавочна, што землекарыстальнік, акрамя правоў на ўчастак, набывае і абавязкі, нагадайце асноўныя з іх?
– Адразу хачу звярнуць увагу, што гэта не рэкамендацыі, а абавязкі, якія неабходна выконваць, бо яны замацаваны артыкулам 70 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі. Землекарыстальнікі павінны карыстацца ўчасткамі, а таксама пабудовамі на іх у адпаведнасці з мэтавым прызначэннем і ўмовамі адводу. Трэба выконваць мерапрыемствы па ахове зямлі, своечасова ўно­сіць аплату за яе і вытрымліваць устаноўленыя законам тэрміны займання ўчасткаў і будаўніцтва на іх. Нельга парушаць правы іншых землекарыстальнікаў. Неабходна вытрымліваць устаноўленыя абмежаванні правоў на ўчасткі. У выпадку, калі зышоў тэрмін часовага карыстання ці арэнды зямлі, яго трэба своечасова падоўжыць ці вярнуць участак.
– Спыніцеся больш падрабязна на паняцці “мерапрыемствы па ахове зямель”.
– У межах сваіх участкаў землекарыстальнікі павінны займацца добраўпарадкаваннем і эфектыўна выкарыстоўваць зямлю, у тым ліку захоўваць урадлівасць глебы. Таксама неабходна ахоўваць землі ад воднай і ветравой эрозіі, падтаплення, забалочвання, засалення, ушчыльнення, забруджвання адкідамі і шкоднымі рэчывамі. Нельга дапускаць, каб сельскагаспадарчыя і іншыя землі зарасталі пустазеллем і хмызняком.
– Якія меры прадугледжаны ў выпадку самавольнага заняцця ўчастка?
– Грамадзянам, якія самавольна занялі зямлю, узвялі на ёй пабудовы, неабходна, не чакаючы прыняцця рашэння райвыканкама аб вяртанні самавольна занятага ўчастка і зносе пабудовы, паклапаціцца пра лёс самавольна занятай тэрыторыі самастойна. У адваротным выпадку камунальная арганізацыя знясе пабудову і прывядзе ў належны стан зямельны ўчастак. Выдаткі ж за гэтыя работы лягуць на парушальніка і будуць спагнаны ў судовым парадку.
– За што карыстальнікаў зямлі могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці?
– Калі зямлёй увогуле не карыстаюцца на працягу тэрміна, які вызначаны заканадаўствам, прадугледжана пакаранне штрафам да 10 базавых велічынь. У выпадку парушэння патрабаванняў па ахове зямель прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь. Ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь спаганяецца за нямэтавае карыстанне зямлёй, ад дзесяці да трыццаці — за самавольнае яе займанне. Сёлета за неэфектыўнае выкарыстанне зямель да адказнасці былі прыцягнуты 29 чалавек.

Два правілы для землекарыстальнікаў:
1. Пры набыцці капітальных пабудоў і жылых дамоў агароджа павінна быць устаноўлена ў адпаведнасці з планам, які прыкладаецца да пасведчання аб дзяржрэгістрацыі зямельнага ўчастка.
2. Граніцы зямельнага ўчастка замацоўваюцца межавымі знакамі. Знішчэнне, пашкоджанне ці самавольны іх перанос караецца штрафам да 20 базавых велічынь.

Гутарыла
Наталля НАВІЦКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *