Профессиональный праздник библиотеки района отметили вместе с читателями

Сёлета сваё прафесійнае свята бібліятэкі раёна адзначылі ў блізкіх адносінах з чытачамі. Самыя найлепшыя пажаданні росквіту, удзячных чытачоў, багатага фонду ўпрыгожылі калектыўную віншавальную паштоўку, якую стваралі дарослыя і дзеці. З задавальненнем далучыліся жыхары і госці горада да піяр-акцыі “Стань чытачом бібліятэкі!”, якую бібліятэкары правялі на вуліцах райцэнтра.
Эмацыянальным, багатым на жарты, песні і віншаванні стаў конкурс прафмайстэрства “Дзелавая жанчына ЦБС”. Распачалося мерапрыемства з цёплых слоў у адрас віноўнікаў урачыстасці ад в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крысціны Гмырак і дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Ірыны Карэпанавай.
У конкурснай праграме ўдзельніцам прапаноўвалася праявіць свае дзелавыя якасці, прафесіяналізм, крэатыўнасць і артыстызм. Бібліятэкары шукалі выйсце з розных непрадказальных сітуацый, якія могуць іх напаткаць у рабоце. Цікавымі былі і прапановы, як патраціць тысячу рублёў, калі б такія грошы трапілі ў рукі. Сярод планаў рэалізацыі такога каштоўнага падарунка гучалі рамонт будынкаў бібліятэк, набыццё новай мэблі і камп’ютарнай тэхнікі, а таксама касцюмаў для правядзення дзіцячых мерапрыемстваў і, канечне, папаўненне кніжнага фонду. Свае артыстызм і арганізатарскія здольнасці праявілі бібліятэкары падчас інсцэніроўкі экспромтам розных баек. Асабліва ўсіх развесялілі Раіса Вярцінская з гарадзішчанскай бібліятэкі, Жанна Мядзелец з гняздзілаўскай, Алена Гіцук з крулеўшчынскай і Святлана Спічонак з Вітуніцкай, якія выступілі з творам І. Крылова “Свіння пад дубам”.
Падчас мерапрыемства ўдзельніцы рэкламавалі кнігі і розныя перыядычныя выданні, прадстаўлялі мадэль бібліятэкі будучыні і дэманстравалі вобраз элегантнага работніка сваёй установы.
Пакуль адны бібліятэкары выконвалі розныя заданні, другія стваралі добры настрой музычнымі выступленнямі. Шчырымі апладысментамі віталі прысутныя Таццяну Аўласевіч з бягомльскай бібліятэкі, Алену Карповіч з сітцаўскай, Вікторыю Ражкову з докшыцкай. А ў выніку конкурсу перамагло сяброўства. Кожны ўдзельнік пацвердзіў, што ён разумны, упэўнены, знаходлівы, абаяльны, элегантны і, галоўнае, высакакласны спецыяліст.
Бібліятэчны тыдзень завяршыўся цікавым мерапрыемствам для гурманаў “Есці пададзена! або Меню літаратурных герояў”, у якім удзельнічалі члены клубаў “Сустрэча” і “Дакшычанка”. На сустрэчы ўсе пазнаёміліся са шматлікімі даўно забытымі рэцэптамі, як, напрыклад, “Суп з цыбулі”, які вельмі любіў Аляксандр Дзюма, “Шакаладныя прафітролі” з твораў Жоржа Сіменона, “Бульбяны суп з сасіскамі” ад Генрыха Бёлля і іншыя. Кулінарная вандроўка была падмацавана дэгустацыяй некаторых страў.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *