Учитель физкультуры Берёзковской ДСБШ прививает любовь к спорту

Настаўнік фізкультуры Бярозкаўскай ДСБШ Віктар Гаўрыловіч  з трэцякласнікамі.

Настаўнік фізкультуры Бярозкаўскай ДСБШ Віктар Гаўрыловіч
з трэцякласнікамі.

Пад такім дэвізам больш за дваццаць гадоў працуе ў раённай сістэме адукацыі Віктар Гаўрыловіч. “Спорт – гэта такая дзейнасць, у якой важныя не словы, а справы”, – сцвярджае суразмоўца. Фізічная падрыхтаванасць і прызавыя месцы ў розных спаборніцтвах вучняў Бярозкаўскай ДСБШ, у якой працуе Віктар Васільевіч настаўнікам фізкультуры, гавораць самі за сябе. Навучальны год толькі пачаўся, а юныя спартсмены паспелі годна выступіць на раённым этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда” і стаць яе залатымі прызёрамі. Лепшы вынік паказаў шасцікласнік Дзмітрый Шопат, які заваяваў сярод хлопчыкаў свайго ўзросту І месца.
– Усе дзеці сям’і Шопат – спартыўныя, – сцвярджае настаўнік. – З іх васьмікласнік Улад і пяцікласніца Віялета нават трапілі ў групу здольных юных спартсменаў, якую адбіралі ў нашым раёне прадстаўнікі федэрацыі біятлона. У будучым ім прапаноўваюць вучыцца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. З асабістымі перамогамі са Шкаліяды вярнуліся таксама Улад Шынкевіч і Святлана Васілевіч. Ганарымся, што Віялета Шопат і Вадзім Каржэвіч выступілі ў складзе каманды Віцебскай вобласці, якая на рэспубліканскім лёгкаатлетычным спартыўна-масавым мерапрыемстве “300 талентаў для каралевы” заваявала ІІІ месца.
Любоў да фізічнай культуры Віктар Гаўрыловіч прывівае вучням і на асабістым прыкладзе: ён член зборнай каманды ББП (Бярозкаўская, Барсукоўская і Парплішчанская школы), выступае і за каманду аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Сёлета заваяваў бронзу на раённым асеннім лёгкаатлетычным кросе сярод мужчын свайго ўзросту.
Звязаць будучыню са спортам Гаўрыловіч пачаў марыць у старэйшых класах, калі выкладчыкам у Глінскую школу, у якой вучыўся хлопец з Шалагіраў, прыйшоў Іван Крыкун.
– Іван Іванавіч стварыў школьную футбольную каманду, з якой мы ўдзельнічалі ў розных спаборніцтвах, – успамінае Віктар Васільевіч. – Не аднойчы выйгравалі ў докшыцкіх футбалістаў. Некалькі чалавек з нашай каманды запрасілі пагуляць за раён. Мы перамаглі на абласным чэмпіянаце і потым выступалі на рэспубліцы. Напэўна, усё гэта і паслужыла выбарам будучай прафесіі – я паступіў у сталічны інстытут фізічнай культуры на трэнера па футболе. Яшчэ падчас вучобы запрасілі працаваць настаўнікам фізкультуры ў Сітцаўскую СШ. Так вярнуўся ў раён. Праз год перавёўся ў Бярозкаўскую школу. Там пазнаёміўся з будучай жонкай – настаўніцай пачатковых класаў. Сямнаццаць гадоў жылі і працавалі ў Бярозках, нарадзілі дачку і сына. Пабудавалі кватэру ў Докшыцах. Вось тады прыйшлося шукаць работу бліжэй да райцэнтра. Шмат змянілі працоўных месцаў, а ў выніку вярнуліся ў Бярозкаўскую ДСБШ. Сёння вучу дзяцей сваіх былых вучняў і вельмі радуюся, калі бачу, што бацькі і дзеці
разам з’яўляюцца прыхільнікамі здаровага ладу жыцця.

Тэкст і фота Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *