Верующие ситцевского Георгиевского прихода Докшицкого района первыми встретили православные реликвии

Здымак 1

Здымак 1

У панядзелак вернікі сітцаўскага Георгіеўскага прыходу першымі сустрэлі ікону Божай Маці “Дзісненская Адыгітрыя” і Каўчэг з мошчамі святапакутніка Канстанціна, прасвітэра Шаркаўшчынскага, якія прыбылі з Глыбокага ў Докшыцкае благачынне. З глыбокай пашанай укленчвалі перад святынямі дарослыя і дзеці, дзякуючы Госпаду за прадстаўленую магчымасць памаліцца перад старадаўняй іконай і прыкласціся да мошчаў новапакутніка (здымак 1).
Бліжэй да вечара гэта няспешна змаглі зрабіць жыхары райцэнтра, куды прыбылі святыні. Дзверы храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы былі адчынены да позняга вечара.
На наступны дзень пасля Літургіі пад званы пачаўся крыжовы шлях. Праводзіць святыні, якія гасцявалі суткі на докшыцкай зямлі, сабралася шмат людзей. Несці цяжкую ікону дапамагалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Ля кальцавой развязкі вернікі развіталіся са святынямі, і картэж накіраваўся ў Бягомль.
У гэты ж дзень вечарам у ККЗ “Іскра” адбылася вечарына, прысвечаная 1025-годдзю Полацкай епархіі. У ёй бралі ўдзел высокія госці: Яго праасвяшчэнства архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, старшыня райвыканкама Алег Пінчук, благачынны Докшыцкай акругі протаіерэй Георгій Мялешка, духавенства благачыння, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт БДУ Аляксандр Цітавец. Урачыстасць пачалася са знаёмства гасцей свята з экспанатамі АРТ-галерэі, якую прывезлі ў Докшыцы з Шаркаўшчынскага раёна (здымак 2). Вучні Вялікасельскай школы разам з яе дырэктарам Юрыем Матулем сабралі на выставе фотаздымкі ўсіх хрысціянскіх храмаў, якія ўпрыгожваюць і аберагаюць зараз Полацкую зямлю.
Адкрываючы ўрачыстасць, Уладыка ў сваёй прамове назваў сёлетні год цудоўным і незвычайным, бо на яго дзіўным чынам прыпалі тры адметныя даты: 1155-годдзе Полацка, 500 гадоў “Бібліі” Ф. Скарыны і 1025-годдзе епархіі.

Здымак 2

Здымак 2

– Значэнне гэтых падзей для дзяржаўнага, культурнага, духоўнага, гістарычнага, адукацыйнага жыцця нашай краіны – велізарнае, – падкрэсліў Яго праасвяшчэнства, – Еўфрасіння, Георгій Францішак Скарына – людзі, якія пайшлі за Хрыстом, і таму засталіся ў Вечнасці. Сённяшні лад жыцця навязвае чалавеку спажывецкі рай, але не ім жыў наш народ тысячы гадоў. І нават пасля дзесяцігоддзяў смутнага часу ганенняў на Веру людзі здолелі захав­аць у душы запаветы Божыя. Кожны з нас адкажа перад Богам і да гэтага моманту трэба рыхтавацца ўсё жыццё.
Усіх прысутных павіншаваў са святам старшыня райвыканкама. Алег Леанідавіч адзначыў вялікі ўклад Полацкай епархіі ў духоўным выхаванні насельніцтва.
– У час сустрэчы са святынямі нашы людзі радаваліся таму, што могуць сёння гэта свабодна ра­біць. Ім не трэба ўтойваць сваю веру, казалі мне пажылыя жанчыны. Але дадзеную свабоду, на вялікі жаль, не ўсе скарыстоўваюць на ка­рысць сабе. Наадварот, ідуць без перашкод па шляху спакус, – падкрэсліў ён, – наша агульная задача разам з Царквой аб’яднаць намаганні па выхаванні духоўнасці ў маладога пакалення.
Вельмі змястоўным, пераканаўчым было выступленне вучонага Аляксандра Цітаўца, чыё імя вядома не толькі ў свецкіх, але і багаслоўскіх колах.
Прадоўжыў вечарыну відэа­аповед пра духоўнае жыццё прыходаў Докшыцкага благачыння. Усю ўрачыстасць суправаджалі з густам падабраныя музычныя нумары ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Свята Божай ласкі доўжылася больш за дзве гадзіны. Пасля яго заключнага акорда кожны беражліва панёс дадому радасць душы ад сустрэчы са словам Божым.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *