Информационно-игровая площадка открылась в Докшицком районе

img_6180

У райцэнтры на тэрыторыі СШ № 2 з’явілася інфармацыйна-гульнявая пляцоўка. Яна ўяўляе сабой невялічкі комплекс з разнастайнымі спартыўнымі элементамі. Абсталяванне паставіла сталічная кампанія “Бэбистрой”. Па словах яе дырэктара Аляксея Вакульчыка, яна займаецца вырабам, зборкай і устаноўкай надворных дзіцячых прыстасаванняў для розных спартыўных практыкаванняў. Абсталяванне надзейнае і адпавядае ўсім неабходным як беларускім, так і еўрапейскім стандартам. На новай пляцоўцы можна “пакатацца” на пажарнай машыне і матацыкле, спусціцца з горкі, пагушкацца на арэлях і, бадай, самае галоўнае – дасканала вывучыць правілы пажарнай бяспекі з дапамогай устаноўленых інфармацыйных стэндаў.
Будаўніцтва пляцоўкі вялося на працягу пяці месяцаў у ходзе рэалізацыі мясцовай ініцыятывы ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які рэалізуецца Праграмай ААН пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.
– Галоўным партнёрам мясцовай ініцыятывы “Бяду лепш папярэдзіць, чым затым пажар тушыць” выступіў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, – сказаў у час урачыстага адкрыцця пляцоўкі, якое адбылося ў мінулую суботу, дырэктар СШ № 2 Іван Шкелка. – Непасрэдна будаўнічымі работамі займалася ПВГУП “ЯВГ-сэрвіс”. Прыватнае прадпрыемства, дырэктарам якога з’яўляецца Валерый Янчак, аказала таксама і фінансавую дапамогу. Спадзяёмся, што аб’ект стане своеасаблівым упрыгожаннем школы, і наведваць яго будуць не толькі нашы вучні, а і жыхары мікрараёна. Пры гэтым хочацца нагадаць пра беражлівыя адносіны да зробленага, каб пляцоўка ў будучым паслужыла не аднаму пакаленню школьнікаў.
Як адзначыла падчас урачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, гэта не адзіная ініцыятыва, якая рэалізуецца ў нашым раёне. Фінансавую падтрымку набылі такія з іх, як Фестываль дзвюх рэк, будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі ў Бягомлі, правядзенне рамонту ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. У хуткім часе будзе рэалізоўвацца ініцыятыва па арганізацыі вольнага часу дзяцей у раённым Цэнтры дзяцей і моладзі.
Пасля ўрачыстасці хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю апанавалі новы комплекс і яшчэ доўга не разыходзіліся дадому. А выратавальнікі прадэманстравалі дзецям пажарную тэхніку, спецыяльнае аддзенне, гідраўлічны інструмент і іншае абсталяванне для выратавання людзей.

Тэкст і фота Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *