Александр Земчёнок из Докшицкого района любит свою работу


bez-imeni-1Спорт для валкалатца Аляксандра Зямчонка – гэта адначасова праверка на трываласць, добрая крыніца пазітыву і любімая работа. Аляксандр Міхайлавіч – настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 1 г. Докшыцы.
– На выбар будучай прафесіі, безумоўна, паўплываў мой бацька – выкладчык фізкультуры Валкалацкай СШ Міхаіл Зямчонак, – расказвае малады педагог. – Ён далучыў мяне да спорту і заразіў любоўю да педагагічнай дзейнасці. Скончыўшы Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, я прыйшоў працаваць «фізруком» у СШ № 2 г. Докшыцы. У хуткім часе мяне прызвалі ў армію. Падчас службы зрабіў выснову, што фізічная падрыхтоўка вельмі дапамагае ў адаптацыі да воінскага распарадку. Да таго ж у нашай часці была створана валейбольная каманда, а таму была добрая магчы­масць зай­мацца адным з любімых відаў спорту.
Вось ужо другі год Аляксандр працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў СШ № 1 г. Докшыцы. За гэты час ён з лёгкасцю заваяваў аўтарытэт у вучняў.
– Лічу, што настаўнік павінен быць усебакова развітым, актыўным і пазітыўным, – дзеліцца разважаннямі суразмоўца. – І абавязкова любіць дзяцей і сваю работу. Разам з настаўнікам Іванам Грыгор’евым трэніруем у школе будучых валейбалістаў. Вучні нашай школы пастаянна становяцца прызёрамі і пераможцамі розных спаборніцтваў. Мне пашанцавала: яшчэ да мяне з хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзілася добрая фізічная падрыхтоўка. З дзецьмі абавязкова ўдзельнічаем у турзлётах, вандруем па раёне. Стараюся перадаць ім сваё захапленне лыжнымі гонкамі і біятлонам, а таму разам з імі радуюся сапраўднай зіме за акном. Акрамя гэтага, працую інструктарам-метадыстам у трэнажорнай зале ФСК “Ураджай” – у горадзе шмат культурыстаў.
Аляксандр Зямчонак сваім прыкладам настройвае вучняў на спартыўныя дасягненні. Сёлета ён стаў пераможцам у раённым асеннім кросе, прызёрам Кубка раёна па плаванні, таксама быў адзначаны як лепшы нападаючы валейбаліст. Яго энергіі і запалу з лішкам хапае і на рэспубліканскія спартыўныя мерапрыемствы. Напэўна, без яго ўдзелу не абышоўся ні адзін лёгкаатлетычны марафон, якіх шмат адбываецца ў нашай краіне.
Мегапазітыў і актыўнасць дапамагаюць Зямчонку рэалізаваць сябе не толькі ў спорце.
– Аляксандр – наша “палачка-ратавалачка”, – сцвярджае лідар прафсаюзнай суполкі школы Таццяна Януковіч. – Ён актыўна ўдзельнічае ў любых конкурсах мастацкай самадзейнасці, у школьных мерапрыемствах. Выступаў у “Старых песнях пра галоўнае”, “Талентах Докшыччыны”, на гарадскім бале.
Усёй сваёй дзейнасцю перспектыўны настаўнік пацвярджае свой асабісты дэвіз: “Рух – гэта жыццё!”

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *