Городской бал прошёл в Докшицах

img_1313На свята Вадохрышча кінаканцэртная зала “Іскра” гасцінна прымала ахвотных адпачыць на гарадскім бале, які ўпершыню адбыўся ў райцэнтры ў мінулым годзе.

Афішы аб ім з месяц стракацелі па ўсім горадзе. Каб трапіць на танцавальны вечар, трэба было выканаць некалькі абавязковых умоў. Першае – набыць вячэрнюю сукенку і смокінг, другое – знайсці партнёра па танцах, і трэцяе – вывучыць старадаўнія танцы, курсы па якіх былі спецыяльна арганізаваны напярэдадні. Калі з выкананнем першай умовы праблем надта не ўзнікала, то вось з другой справіліся не ўсе, хто хацеў пабываць на вечарыне. Аказалася, што адшукаць партнёра – не такая і лёгкая справа, асабліва для жанчын: ці кавалеры перавяліся, ці смокінгаў на ўсіх не хапае.
Вось і аўтару гэтых радкоў давялося ісці на баль з самым верным сваім сябрам – фотаапаратам.
Чароўны настрой на шляху да ККЗ стварала нават надвор’е – бялюткі сняжок паціху сыпаў і пераліваўся яркімі маленькімі зоркамі ў святле ліхтароў. У фае прыгажуні ў шыкоўных строях “масціліся” ля люстэркаў. Элегантныя, статныя кавалеры з гальштукамі-матылькамі на шыі пакорліва чакалі сваіх дам. Некаторыя тут жа набывалі патрэбныя аксесуары, зробленыя майстрамі Докшыцкага Дома рамёстваў.
У зале гучыць ціхая прыгожая музыка: шматлікія госці ледзь прыкметным кіўком галавы вітаюць адзін аднаго і ўладкоўваюцца на канапы. Рамантычнага антуражу дадаюць запаленыя свечкі на маленькіх століках: некаторыя пары ля іх тут жа робяць сэлфі. Ёсць у зале і спецыяльна адведзенае месца для фатаграфавання, але пакуль яго абыходзяць (хаця напрыканцы мерапрыемства ад жадаючых сфатаграфавацца ў фотазоне, якую стварылі ў фае Юлія і Арцём Стадольнікі, не было адбою).
І вось пад урачыстыя гукі фанфар распачынаюць свята распарадчык і гаспадыня балю: Сяргей Шчалкуноў і Марына Чабан. Яны ж прадстаўляюць сёлетніх удзельнікаў. Дзесяць пар пад шоргат крыналінавых сукенак і стук абцасаў праходзяць па чырвонай дывановай дарожцы. І першы танец, з дапамогай якога звычайна пары дэманструюць сябе, свае строі, шляхетнасць манер – паланэз.
Падчас адпачынку танцораў гучыць “жывая” музыка – сваім майстэрствам дзеляцца выкладчыкі Докшыцкай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага.
Чаго толькі не было ў гэты вечар! Вакальныя нумары артыстаў ГЦК, бяспройгрышная латарэя, гульня ў “фанты”, ручаёк, варажба на лёс і танцы, танцы, танцы… Вальсуючыя пары выклікалі мноства пазітыўных эмоцый, усе былі ў захапленні ад прыгажосці і гармоніі рухаў. Вельмі імпазантна выглядала пара дакшычанкі Алены Касцюковіч і мастацкага кіраўніка Бягомльскага ГДК Уладзіміра Шчэпіна. Усіх узялі ў палон галантнасць гэтага кавалера, яго паслужлівасць і ветлівасць не толькі да партнёркі па танцах, але і да кожнага ў зале. Гледзячы на яго і самому хацелася стаць такім жа. Другі раз танцавалі на бале маладыя настаўнікі Бягомльскай дзіцячай школы мастацтваў Наталія Нарэль і Уладзіслаў Фількоў.
– Нам вельмі спадабалася ў мінулым годзе, а таму мы не раздумваючы прыехалі і на гэты раз, – усміхаецца Наталія. – Усе танцы, якія трэба было развучыць да мерапрыемства, – не такія і складаныя, як думаюць многія. Мы з Уладзіславам ужо чакаем наступны гарадскі баль.
Па традыцыі, усе пары напрыканцы танцавальнага вечара атрымалі ганаровыя тытулы. А Каралём і Каралевай балу сёлета сталі настаўнікі Докшыцкай ДШМ – Яўген і Вераніка Крывічаніны. Першымі з перамогай іх павіншавалі мінулагоднія Кароль і Каралева – таксама настаўнікі школы мастацтваў Алег і Вольга Жалткевічы.
Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджаннем пераможцаў раённай выставы-конкурсу “Карнавальная маска-2018”, прызы якім уручыла загадчыца Докшыцкага Дома рамёстваў Іна Карпека.
***
Раённая выстава-конкурс “Карнавальная маска-2018” праводзілася па трох намінацыях. На ёй былі прадстаўлены 43 творчыя работы.
Пераможцам у намінацыі “Сімвал года” стала калектыўная работа навучэнцаў Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат. У намінацыі “Эка-маска” ў пераможцы трапілі маскі: “Матылёк” Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага, “Каралеўна” Параф’янаўскай СШ і “Флора” СШ № 2 г. Докшыцы. Самымі лепшымі “Казачнымі маскамі” названы: “Шут” Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат, маскі калядных герояў раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, “Они сошлись. Волна и камень…” Сітцаўскай СШ, “Казачная фея” Бягомльскай ДШМ, “Снежная каралева” Глінскай СШ. Прызы глядацкіх сімпатый атрымалі маска “Снегавік” Крулеўшчынскай ДШМ, “Венецыянская Багіня” Бягомльскага ГДК і “Фея ночы” Аліны Макатун.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *