Окунание верующих в день Крещения в Докшицах (+ ФОТО)

img_6492Богаяўленне – адно з вялікіх двунадзясятых святаў. У гэты дзень вернікі звяртаюць свой духоўны позірк да хваляў Іардана, з якіх ціха выходзіць Ісус Хрыстос. Ён толькі што прыняў хрышчэнне, і адкрываецца цуда Богаяўлення. Уражвае, што бязгрэшны Ісус Хрыстос, нібы апошні грэшнік, прыйшоў да Іардана, як і тыя, каму было ў чым каяцца. А Іаан Прадцеча, які казаў пра Хрыста: «Я не дастойны схіліцца і развязаць рамень абутку Яго», хрысціў Богачалавека. Гэтым самым бязгрэшны Ісус узяў на сябе ўсе грахі чалавечыя і менавіта пасля хрышчэння пачаў прасвятляць людзей, азараючы іх святлом ісціны. Ён паказаў сябе свету як Збавіцель і Месія.
Богаяўленне на Беларусі называюць яшчэ Вадохрышчам. Увечары напярэдадні нашы продкі гатавалі трэцюю за Каляды бедную куццю. Потым елі толькі раніцай, пасля службы ў царкве, прычасціўшыся свянцонай вадой.
Чын Вялікага асвячэння вады ў многіх храмах, у тым ліку і ў Свята-Пакроўскім у Докшыцах, адбыўся таксама напярэдадні, 18 студзеня, пасля літургіі. Потым ахвотныя напаўнялі Агіясмай (святая вада па-царкоўнаму) ёмістасці і неслі яе дадому на абярэг жытла, на здароўе, на шчасце. Святой вадой прычашчаюцца, даюць піць хвораму, сурочанаму, немаўляці, каб было спакайнейшым. Лічыцца, што калі чалавек пахрысціцца 19 студзеня, то будзе шчаслівым усё жыццё, а калі пакупаецца ў рацэ, у возеры, ваду ў якіх асвеціць святар, дык набудзе здароўе. Таму ў многіх мясцінах краіны 18 і 19 студзеня была свая маленькая Іардань. Не стала выключэннем і Докшыцкая праваслаўная акруга. У райцэнтры ваду ў возеры асвяціў айцец Георгій Мялешка пасля службы ў Свята-Пакроўскай царкве (на здымку). Пасля гэтага ў палонку ў выглядзе крыжа да позняга вечара з задавальненнем акуналіся і вернікі, і тыя, хто хацеў праверыць свае здольнасці “маржа”. Акунанне ў асвечаную ваду вадаёма актыўна прайшло таксама ў Бягомлі і Крулеўшчыне. Хаця многія святары лічаць, што традыцыя акунання не з’яўляецца абавязковай і не мае нічога агульнага са Святам Вадохрышча і, што асабліва важна, не ачышчае чалавека ад грахоў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *