Алексей Бизунов по примеру отца выбрал профессию юриста

img_3614Памочнікам пракурора раёна Аляксей Бізуноў служыць параўнальна нядаўна і пакуль вельмі задаволены сваім выбарам прафесіі. Тое, што ён будзе абавязкова служыць закону і аднаў­ляць справядлівасць, хлопец быў упэўнены практычна заўсёды. Праўда, быў час, што раздумваў: аддаць перавагу любімай гісторыі ці, усё ж такі, штурмаваць юрфак? Жыццёвы прыклад бацькі, асобай якога Аляксей захапляецца з дзяцінства, дазволіў зрабіць выбар на карысць прафесіі юрыста. Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Сяргей Бізуноў у крымінальным вышуку вобласці – чалавек вядомы. Высокакласны сышчык заразіў рамантыкай сваёй справы і любімага сына, якую яшчэ добра падмацоўвалі кнігі з вялікай сямейнай бібліятэкі і, у першую чаргу, раманы Агаты Крысці. Бізуновы – карэнныя жыхары Віцебска і Аляксей вучыўся ў той жа школе, што і бацька, партрэт якога вісеў у школьным музеі. Калі сын, як юны аматар-гісторык праводзіў у ім экскурсіі, то называючы тату, як бы ў думках абяцаў яму не ганьбіць прозвішча.
Аляксей закончыў юрыдычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і да вялікага свайго задавальнення апрануў форму з пагонамі. Такі шанц выпаў толькі яшчэ двум яго сябрам, астатнія ўладальнікі дыплома сталі юрыстамі грамадзянскага кшталту. У пракуратуру Докшыцкага раёна прыехаў на стажыроўку. На працягу паўгода, што яе праходзіў, па словах пракурора раёна Сяргея Куратніка, зарэкамендаваў сябе актыўным, здольным, граматным юрыстам, які валодае навыкамі прафесійнай дзейнасці і, галоўнае, любіць тую справу, якой вырашыў прысвяціць сябе. Вынікі стажыроўкі сталі падставай для назначэння на пасаду і прысваення першага класнага чына – юрыст 3-га класа. Сяргей Аляксандравіч выказаў упэўненасць, што з маладога калегі атрымаецца дастойны пракурорскі работнік.
Зараз у абавязкі памочніка пракурора Аляксея Бізунова ўваходзіць нагляд за законнасцю рашэнняў, якія выносіць суд пры разглядзе грамадзянскіх спраў. Ён жа ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства па непаўналетніх. Гэтыя службовыя абавязкі прымае вельмі блізка.
– Ведаю, што трэба быць ураўнаважаным, спакойным, каб прытрымлівацца літары закона, але і не магу не чуць унушэння сэрца, калі бачу бацькоў, якім напляваць на сваіх дзяцей, – гаворыць Аляксей. – І ўсё ж мая прафесія, як ніякая іншая, дазваляе непасрэдна бачыць вынік сваёй працы па аднаўленні справядлі­васці.
Будучае пакажа. А пакуль малады юрыст цвёрда вырашыў абараняць закон у Докшыцкім раёне і не сумуе надта па родным горадзе. Свой невялікі калектыў, які прыняў яго вельмі цёпла, лічыць сям’ёй і ўпэўнены, што самадастатковым можна стаць усюды. Маючы любімую работу, сяброў-калег, захапленні ў выглядзе кніг, спорту і гітары, Бізуноў сябе такім адчувае.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: памочнік пракурора раёна юрыст 3-га класа Аляксей Бізуноў.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *