Алла Русаловская из Докшицкого района не представляет свою жизнь без спорта

img_6267Вось ужо сорак гадоў трэнер ДзЮСШ і настаўніца фізічнай культуры і здароўя Крулеўшчынскай СШ Ала Русалоўская вядзе прапаганду здаровага ладу жыцця сярод юных жыхароў Докшыччыны. За плённую і самаадданую працу ў гэтым накірунку яна неаднойчы адзначалася як у раёне, так і ў вобласці. Калегі паважаюць яе за мэтанакіраванасць і трываласць. Вучні і выхаванцы цэняць за ўзаемаразуменне, сяброўскія адносіны да кожнага, клопат не толькі за іх фізічны, але і маральны стан.
Сёння Ала Дзмітрыеўна адказвае на “Тузін пытанняў ад “РВ”.

1. – Ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш лёс?
– Яшчэ ў пачатковай школе мая лепшая сяброўка неяк узяла мяне з сабой на баскетбольную трэніроўку, якую праводзіў у школе настаўнік фізкультуры Віктар Бульбенка. Я ж хоць і малая была, але паспрабавала закідваць мяч – атрымалася. А пасля гульні Віктар Паўлавіч запрасіў мяне ў спартыўную секцыю. Пасля гэтага я ўвесь вольны час стала прысвячаць заняткам у спартзале. Яна месцілася асобна ад школы, на тым месцы, дзе зараз Крулеўшчынскі касцёл. Дарэчы, у яе будаўніцтве актыўна ўдзельнічалі вучні школы. Спартыўная зала ніколі не пуставала – мы з сябрамі часам употай залазілі ў яе, каб пагуляць у баскетбол ці тэніс. У сваім школьным сачыненні на тэму “Кім бы я хацеў стаць?” я ўпэўнена напісала: “Настаўнікам фізкультуры!” І ў мяне атрымалася: скончыла Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры і завочна Брэсцкі педінстытут.
2. – Работа для Вас – кар’ера ці справа?
– Настаўніцтва для мяне – гэта пакліканне душы і справа жыцця. Вельмі люблю працаваць з дзецьмі, адкрываць у іх здольнасці, накіроўваць у патрэбнае рэчышча пачынаючых спартсменаў. Вядома, што падлеткі, асабліва ў так званы пераходны перыяд, не заўсёды слухаюць дарослых. Не выхваляюся, але да мяне прыслухоўваюцца. Кажу прама ў лоб, калі бачу, што вучань пайшоў не па тым шляху. У большасці тыя, хто звяртае ўвагу на мае парады, дзякуюць пазней за падказку.
3. – У якой прафесіі хацелі б сябе рэалізаваць?
– У прафесіі будаўніка! – (без разважанняў адказала суразмоўца – ад аўт.) – Альтанка ў двары – гэта справа і маіх рук. Нават не ведаю, як растлумачыць гэту любоў да малатка, нажоўкі і рубанка. Можа, таму, што ўсё люб­лю рабіць сама.
4. – Прадоўжыце выказванне: мая сям’я – гэта…
– Мая крэпасць, якая трымаецца на любові, узаемападтрымцы і павазе. На дадзены момант мая сям’я — гэта даражэнькая матулечка Рамуальда, малодшыя брат Міхаіл, сястра Людміла і іх сем’і.
5. – Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
– У нашай сям’і ўсе працаголікі. Прыкладам працавітасці быў некалі дзед – матулін бацька. Мы яго вельмі паважалі, любілі, а таму ўсюды бегалі за ім і вучыліся ўсім селянскім справам.
6. – Які сэнс укладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?
– Я – патрыёт, і вельмі гэтым ганаруся. Заўсёды, калі чую ці гавару пра Радзіму, успамінаю радкі Якуба Коласа “Мой родны кут, як ты мне мілы!” Для мяне Беларусь – гэта нешта накшталт сям’і. Шанаваць зямлю, якая цябе нарадзіла, клапаціцца аб ёй – гэта доўг кожнага беларуса. Асабіста для мяне самым дарагім сэрцу месцам з’яўляецца бацькоўская хата – мой бясцэнны астравок, які захоўвае гісторыю нашай сям’і.
7. – Які ён, свет вашых захапленняў?
– Яшчэ ў юнацтве захапілася збіральніцтвам. Да сённяшніх дзён захоўваю калекцыі паштовых марак, манет, значкоў. Дарэчы, на апошнія ніколі не шкадавала грошай. Самы стары значок 1965 года выпуску. Тэматыка нагрудных знакаў разнастайная: гэта спорт, космас, партрэтыстыка, архітэктура і многае іншае. Фалерыстыкай – менавіта так называецца збіральніцтва значкоў – цікавяцца вучні ў нашай школе, а таму перыядычна станаўлюся госцем пазакласных гадзін, на якіх паказваю свае калекцыі.
8. – Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
– Безумоўна, выратавальнікі і тыя бясстрашныя людзі, якія мужна прыходзяць на дапамогу чалавеку ў надзвычайных сітуацыях.
9. – Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?
– А як жа інакш? Чалавеку трэба гаварыць, дзяліцца думкамі, уражаннямі. Адзінокі чалавек – абдзелены. Мне вельмі пашанцавала, бо сябрамі магу назваць школьны калектыў, у якім працую.
10. – Якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны мужчына? Што ў ім не прымаеце?
– Ён павінен быць працавітым, дапамагаць жанчыне, паважаць і любіць яе. Не ўспрымаю падман і здраду, і не толькі ў мужчынах.
11. – Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?
– Не можа. Канечне, каханне не толькі акрыляе, але і робіць балюча. Але кахаць трэба, бо гэтае моцнае пачуццё абуджае ў табе ўсё светлае, чыстае, узнёслае.
12. Любімыя колер, музыка, літаратурны твор, страва, від спорту, пара года?
– жоўта-лімонны;
– класіка;
– паэзія;
– беларускія дранікі, асабліва з мясным начыннем;
– баскетбол, настольны тэніс;
– у прыроды прыгожыя ўсе поры года.
Гутарыла Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *