Докшицы участвовали в Дожинках в Верхнедвинске (+ ФОТО)

img_6536У мінулую пятніцу з усіх куткоў вобласці спяшаліся ў Верхнядзвінск на традыцыйнае восеньскае свята “Дажынкі” хлебаробы. За плячыма асноўныя этапы сельскагаспадарчых работ, і ў аграрыяў з’явілася падстава на невялікі адпачынак, каб пачуць словы ўдзячнасці за нялёгкую працу, атрымаць заслужаныя ўзнагароды, падзяліцца вопытам, назапасіцца станоўчымі эмоцыямі.
Святочная праграма “Дажынак” стракацела падзеямі – гараджанам і гасцям хацелася патрапіць на многія мерапрыемствы. Вялікую цікавасць выклікалі выставы: традыцыйныя – сельскагаспадарчай тэхнікі, “Дажыначны сноп” і “Каравай-2018”, а таксама выставачны праект “Віцебшчына ў мініяцюры”, на які наш раён прадставіў архітэктурныя макеты скульптуры “Пракляцце фашызму” (творчы калектыў ЦДзіМ) і Спаса-Праабражэнскай царквы ў Порплішчы” (Парплішчанская сярэдняя школа).
Самыя важкія падарункі, якія атрымалі жыхары Верхнядзвінска да свята – адкрыццё фантана і фізкультурна-аздараўленчага комплекса, у якім у гэты ж дзень былі праведзены спаборніцтвы па рускім жыме лежачы і зафіксаваны новы сусветны рэкорд. Годна выступіў у спаборніцтве і прадстаўнік Докшыччыны Ігар Каралёнак.
Безумоўна, самы ўрачысты і хвалюючы момант свята – уручэнне ўзнагарод. На сёлетніх “Дажынках” Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама за добрасумленную працу, значны ўклад у дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў па выніках уборкі ўраджаю ўзнагароджаны галоўны інжынер ААТ “Бягомльскае” Аляксандр Парфяновіч (на здымку трэці справа побач са старшынёй аблвыканкама М.Шарснёвым). Дыплом пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў” быў уручаны фермерскай гаспадарцы “Мацкевіч”. Падзяку ад Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання атрымаў дырэктар ААТ “Барсучанка” Сяргей Маскалёнак. Граматай Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў АПК адзначаны працоўныя дасягненні сямейнага экіпажа камбайнераў з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” у складзе трактарыста-машыніста 1 класа Яўгена Машко і слесара падраздзялення па вырошчванні прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі Сяргея Машко.
Запомняцца і шматлікія мерапрыемствы свята – яркая водная феерыя на Заходняй Дзвіне, этнапанадворкі, дзе сваю кухню прэзентавалі Беларусы, расіяне і латышы, інтэрактыўныя пляцоўкі, канцэрт, падчас якога, дарэчы, шквал апладысментаў абрушыўся на ўдзельнікаў арт-групы “Карат” у складзе Андрэя Чабана, Сяргея Шчалкунова і Аляксандра Яцыны. У наступным годзе абласныя “Дажынкі” паедуць у яшчэ адзін заходні рэгіён Віцебшчыны – у Браслаў.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *