Молодая учительница из Докшицкого района уехала покорять Китай

kitajПадарожнічаць любяць многія: адны, каб змяніць абстаноўку, іншыя – наздымаць яркіх фотаздымкаў на фоне славутасцей або папрактыкаваць замежную мову ў асяроддзі яе носьбітаў. Ксенія Дорц з Восава падарожнічае і працуе адначасова.

Некалькі гадоў таму яна вывучала англійскую і нямецкую мовы ў Полацкім дзяржаўным ўніверсітэце. А зараз вось ужо другі год жыве ў кітайскім горадзе Цяньцзынь, дзе вучыць англійскай мове кітайскіх дзетак.
Валанцёрам стала, калі была студэнткай. З радасцю ўдзельнічала ў розных міжнародных праектах, адным з якіх была праграма трох краін “Хаты замест Чарнобыля”. Тры гады запар разам з іншымі валанцёрамі будавала экалагічна чыстыя дамы для чарнобыльскіх перасяленцаў у Італіі, Германіі і Беларусі.
Скончыўшы вучобу, вярнулася на малую радзіму, дзе два гады працавала настаўніцай англійскай мовы ў СШ №1, выкладала замежную мову і для дашкалят у гарадскім яслі-садку №4, дзе назапашвала педагагічны вопыт. Марыла пра далёкія краіны і шмат рабіла для таго, каб мары гэтыя сталі рэальнасцю.
– Зараз з упэўненасцю магу сказаць, што дома лепш, чым дзе, але, каб гэта зразумець, трэба зведаць іншае, – гаворыць маладая настаўніца.
Ксенія ўпершыню трапіла ў Паднябесную ў кастрычніку 2017 года.
– Чаму менавіта Кітай, сказаць не магу і зараз, – гаворыць дзяўчына. – Першапачаткова разглядала ўсе варыянты выкладання прыватных урокаў англійскай мовы за мяжой. Як аказалася, падобны від дзейнасці вельмі папулярны ў многіх краінах. Калі ўбачыла ў Інтэрнэце прапановы з Кітая, падумала: “А чаму б не?”
Больш за ўсё Ксенію пужаў моўны бар’ер: яна не ведала нават, як па-кітайску павітацца. Але ж усё выйшла як нельга лепш: супрацоўнікі фірмы, з якой заключыла дамоўленасць, сустрэлі яе ў аэрапорце, як і абяцалі, аформілі ўсе патрэбныя дакументы, падабралі жыллё, пазнаёмілі з месцам работы – узялі поўнае шэфства.
Месяц Ксенія ў якасці валанцёра займалася англійскай мовай у дзіцячым садку. Маленькія кітайцы напачатку глядзелі на яе, як на нейкае дзіва дзіўнае.
– Для кітайцаў усе славяне вельмі прыгожыя, і тут дзецям, хутчэй за ўсё, проста быў патрэбны час прывыкнуць да блакітных вачэй, светлых валасоў і да скуры іншага колеру, – тлумачыць. – А мне трэба было прывыкнуць да іх – на погляд еўрапейца яны вельмі падобныя паміж сабой. Але прайшоў час, і я навучылася адрозніваць іх. Праз месяц мяне ўжо накіравалі ў прыватную школу англійскай мовы, або трэнінгавы цэнтр.
Меркаванне пра тое, што кітайцы – вялікія працаўнікі, правільнае, але не дзейнічае для замежнікаў: іх у Кітаі вельмі берагуць.
Працоўны дзень Ксеніі ў школе пачынаецца ў 14.00 і складае прыкладна шэсць гадзін. Групы ў школе ствараюцца ў залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі вучняў, у кожнай з іх прыкладна восем дзетак ад трох да дванаццаці гадоў. З дзецьмі Ксенія хутка знайшла паразуменне: як толькі пераступае парог школы, адусюль чуецца “Ніха, лаушэ!”, што азначае “Прывітанне, настаўнік!”
– Кожны ўрок праходзіць у атмасферы радасці, – сцвярджае беларуская настаўніца. – Там мы не толькі настаўнікі, але і носьбіты сваёй культуры. Ёсць сярод нас педагогі з Афрыкі, Турцыі і Украіны. Умоўна кажучы, я – мост паміж Кітаем і Беларуссю, і таму, у першую чаргу, прэзентую сваю краіну, зразумела, з дапамогай англійскай мовы.
Урокі вядуцца пераважна ў гульнёвай форме. І хоць на кожным занятку абавязкова прысутнічае кітайскі асістэнт, яму не дазваляецца нічога тлумачыць па-кітайску. Толькі ў крайнім выпадку ён можа ўнесці сваю рэмарку. Усе настаўнікі – маладыя людзі, вельмі энергічныя, пазітыўныя і крэатыўныя. Па словах Ксеніі, у асяроддзі аднадумцаў працаваць прыемна і лёгка.
Калі для славян самым распаўсюджаным пытаннем з’яўляецца “Як справы?”, то кітайцы звычайна пытаюцца: “Ты паеў?”. І калі чуюць адмоўны адказ, вядуць цябе ў бліжэйшы рэстаран або нават у “стрыт фуд” – крамку вулічнай ежы. У іх ёсць меркаванне, што зімой нельга ўжываць сырую садавіну і агародніну, таму ядуць абсмажаную, а вось хлеб не ўжываюць увогуле. Вельмі складана знайсці ў Кітаі і малочныя прадукты.
За год з лішнім, які Ксенія правяла ў Кітаі, ёй удалося не толькі пазнаёміцца з традыцыямі Паднябеснай, адсвяткаваць шумны Новы год, але і адкрыць для сябе розныя цікавыя мясціны гэтай краіны: Пекін, Шанхай, Ганконг і Хайнань.
– Для таго, каб дасягнуць чагосьці ў жыцці, не трэба нічога баяцца. Ведаю па сабе, што далёка не кожны здолее доўгі час пражыць без роднага дома, без любімых бацькоў ды сяброў. Тым не менш, думаю, што пакуль мы маладыя, трэба дзейнічаць. А звязацца з роднымі заўсёды дапаможа “скайп”. Да таго ж, трэба абавязкова займацца вывучэннем англійскай мовы, бо яна сапраўдная палачка-ратавалачка ў падарожжах па іншых краінах, – падсумоўвае наша зямлячка Ксенія Дорц.

Таццяна САКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *