На оператора по откорму КРС сменила профессию журналиста из «РВ» Докшицкого района

a-150“Памераць” на сябе адну з жывёлагадоўчых спецыяльнасцей хацелася даўно. Ролю даяркі адпрэчыла адразу: пакуль што не “саспела” для яе, хоць і нарадзілася, і ўсё жыццё жыву ў вёсцы, трымала немалую хатнюю гаспадарку. Прычына ў тым, што ў ёй ніколі не было каровы. А вось паміж цялятніцай і аператарам па адкорме БРЖ нейкі час вагалася і вырашыла ўсё ж такі спачатку браць быка за рогі ў прамым і пераносным сэнсе. Навыкі атрымліваць адправілася не абы да каго – да шматгадовага пераможцы і прызёра раённых спаборніцтваў сярод аператараў па адкорме БРЖ Яўгена Кімстача, які працуе на ферме “Валкалата” ДП “АграСітцы”. А атрымалася, што цалкам да маленькага і дружнага валкалацкага калектыву.

Раніца. Палова восьмай. Шыбую на ферму, апранутая згодна з маім разуменнем “гардэробу” даглядчыка бычкоў і з віламі ў руках. Рэдкія мінакі або праводзяць здзіўленымі позіркамі, або цікавяцца жартам, на каго я іду вайной (мая сапраўдная “зброя” – фотаапарат – прыхавана ў пакеце).
У двух памяшканнях фермы на прывязі ўтрымліваюцца 273 бычкі, якія расстаўлены па ўзросце і вазе. У адным працуюць Яўген Кімстач і Анатоль Старадубцаў – яны даглядаюць па 82 галавы, у суседнім – брат і сястра Аляксандр Пуйшо і Наталля Каляга. Плюс два вартаўнікі, яны ж і слесары, – Алег Мартуль і Анатоль Кімстач. Брыгадзірам у гэтай мужчынскай камандзе мініяцюрная Наталля, якая не толькі вядзе неабходную дакументацыю, але і працуе з мужчынамі нараўне. “Тэхніка” – тры кані, два персанальныя ў Анатоля і Яўгена і адзін на дваіх у Аляксандра і Наташы.
Работа пачынаецца з дастаўкі мукі. Каманда едзе на конях на зернясклад, які знаходзіцца паблізу і ў якім уладарыць кладаўшчыца Зоя Шылько. Муку загружаюць у мяхі спецыяльнай меркай – затым на вока атрымліваецца дастаткова дакладна раздзяліць той мех на 10 галоў – па два кілаграмы “на брата”. “Эх, паболей бы мучыцы! Глядзіш, і прывагі пайшлі б уверх”, – уздыхаюць мае калегі. Муку ў Валкалатах не мелюць, прывозяць з Сітцаў. Да насыпання яе ў мяшкі допуску не атрымліваю, паколькі не маю халата і фартуха. Дарэчы, спецадзенне ў маіх таварышаў ужо старэнькае, даволі падношанае. Не было б залішнім кіраўніцтву паклапаціцца пра выдачу новага. А то, крыўдуюць жывёлаводы, механізатары атрымліваюць, а чым жа яны горшыя?
Хуценька раздаём муку, правяраем наяўнасць вады ў паілках і, пакуль жывёла занята паяданнем, бяромся за “ўборку” – чыстку ад гною. Здавалася б, работа прымітыўная, ніякіх навыкаў не патрабуе: знай арудуй скрабком. Але ў Жэні гэта атрымліваецца, калі можна так сказаць, віртуозна: хутка і спрытна. Жывёліны паслухмяна перастаўляюць ногі, імкнуцца лізнуць яго, падстаўляюць ілбы для часання. Я ж перамяшчаюся нейкімі зігзагамі, стараючыся паміж справай адхіляцца ад узмахаў хвастоў і брыкання капытоў – часам беспаспяхова. Заадно пільна сачу за касымі позіркамі маіх падапечных: хто ведае, што ў іх у галаве, а гэта ж не цяляткі – асобныя “экземпляры” ну вельмі ўражваюць! У выніку апратка Жэні застаецца абсалютна чыстай, на Наташынай куртачцы колеру фуксіі – ні плямкі, чым новаспечаны жывёлавод у маёй асобе пахваліцца не можа. Што ж, выдаткі прафесіі – супакойваю сябе.
Чыстка закончана – слесар Алег Мартуль бярэцца за справу: запускае працэс гноевыдалення. А мы дружна рушым за сенажом. Траншэя непадалёк, праз дарогу. Мужчыны спрытна заводзяць у яе коней заднім ходам такім чынам, што падводы становяцца ў роўную лінію. Пачынаем пагрузку. Падымаецца сонца, лёгкі марозік, траншэя ахутана парай. Калі глядзець зверху, складваецца ўражанне, што здымаецца нейкая батальная сцэна кшталту бітвы пад Барадзіно: людзі, коні, акопы, дым. Не хапае толькі свісту ядраў. Але гэта лірыка. Аказалася, сянаж грузіць таксама не так проста. Дзе ўздумаецца, вілы не ўторкнеш, бо тады, як ні намагайся, не вырвеш ні шматка. Трэба паступеньчата, пластамі, вучаць мяне мае саратнікі. А перад тым як кінуць на воз, вілы неабходна перавярнуць: так шчыльней кладзецца. Пакрысе пачынае атрымоўвацца, але мне ўсё ж па майстэрстве далёка нават да Наташы, у якой пласты сенажу падчапляюцца ці не ўдвая большыя за мае.
Далей – раздача. Праходы ў памяшканнях такія, што з возу якраз атрымліваецца скідваць сянаж у кармушкі. Па тэмпах гэтай работы Яўгену няма роўных. “У яго вілы на шэсць зубоў. Калі яшчэ два прыварыць, то наш Жэня перадавіком і ў вобласці стане”, – жартуе Анатоль Старадубцаў.
У групе Анатоля Міхайлавіча некалькі вялізных быкоў. Аднаго з іх, Яшку, нібыта самага рахманага, яны з Яўгенам вырашылі вывесці на вуліцу, каб сфатаграфаваць ва ўсёй красе. Не скажу, што я прыйшла ў захапленне ад гэтай авантуры, ярка помнячы карціну са свайго дзяцінства, калі за намі, вясковай дзятвой, пагнаўся такі вось КамАЗ з рагамі. Ох, недарэмна! “Рахманы” Яшка, адпушчаны з ланцуга на вяроўку, пакуль дабраўся да выхаду, панарабляў у паветры такіх піруэтаў, што, здавалася, утрымаць яго не пад сілу камандзе барцоў сумо. А Анатоль Міхайлавіч утрымаў. Праўда, быў адзін момант, калі, здалося, што кучаравы “мача” ўзяў верх, і я, распластаная па сцяне, за секунду ўспомніла ўсе малітвы, якія ведаю. Але – цьфу, цьфу! – абышлося. На дварэ Яшка паслухмяна стаў побач з гаспадаром для фотасесіі. Дзеля справядлівасці варта зазначыць, што дапамагло тут, мусіць, кольца ў пысе, за якое Яшу выраўнялі “ва фрунт”.
– Біць быкоў, як і любую жывёлу, нельга ні ў якім разе, а вось тое, што ты мацнейшы фізічна і духам, разумнейшы, яны абавязкова павінны адчуваць, таму і праца гэта ўсё ж больш падыходзіць для мужчын, – лічаць жывёлаводы, стаж работы кожнага з якіх перавышае два дзесяцігоддзі, а ў сібірака Анатоля Старадубцава, ужо пенсіянера, набліжаецца да трыццаці гадоў.
Адзінаццаць гадзін, усе работы завершаны. Разыходзімся да 16.00, а затым – “эта песня хороша, начинай сначала”. Алгарытм, кажучы камп’ютарнай мовай, той жа. З дня ў дзень, з году ў год. Фізічна лёгкай работу не назавеш – гэта і без уласнага вопыту зразумела. Як і не назавеш дастойнай аплату працы. Яшчэ адзін мінус: вынікі не залежаць цалкам ад цябе самога – тут яшчэ важна, як працуе зааветэрынарная служба, якая якасць кармоў і ці дастаткова іх. Жывёлаводы ў гэтым ланцужку нават тады, калі абавязкі свае выконваюць бездакорна, самыя залежныя ад рознага роду фактараў. Таму іх вернасці абранай справе, іх цярпенню, вытрымцы, мазолістым рукам – паклон. Праўда. Без пафасу.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *