В Докшицах в 74-й раз торжественно отметили день Великой Победы + ФОТО!

img_5499У Докшыцах у 74-ы раз урачыста адзначылі дзень Вялікай Перамогі.  Гэта свяшчэнная дата – даніна памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам, працаўнікам тылу,  усім, у каго вайна забрала родных і блізкіх, хто доўгія чатыры гады ва ўмовах акупацыі чакаў вызвалення.

Па традыцыі, раніцай, 9 мая, прадстаўнічая дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком усклала кветкі на мемарыяльным комплексе “Праклён фашызму” ў Шунеўцы, а таксама да помнікаў і абеліскаў у райцэнтры.
– Усё больш часу аддаляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі салдат, смутак пра мільёны загінулых вечна будуць жыць у нашых сэрцах, – сказаў падчас урачыстага мітынгу, які адбыўся на плошчы імя Героя Савецкага Саюза І. С. Палявога, старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Падчас самай кровапралітнай вайны ХХ стагоддзя дзясяткі мільёнаў савецкіх людзей ахвяравалі самым дарагім – жыццём. У нашым раёне загінуў кожны трэці. Было спалена 107 вёсак. Іх па­мяць мы ўшаноўваем хвілінай маўчання. Сёння ў раёне пражываюць дзесяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, яшчэ 62 – тыя, хто да іх прыраўнаваны. Нізкі паклон вам, дарагія землякі, за Вялікую Перамогу, якая аб’ядноўвае пакаленні, слу­жыць прыкладам стойкасці і гераізму. Прыміце пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой.
Словы віншавання адрасаваў прысутным ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянцін Якушэўскі. Ад маладога пакалення выступіла карэспандэнт раённай газеты “Родныя вытокі” Таццяна Саковіч.
На ўсёй тэрыторыі краіны ў гэты святочны дзень праходзіла патрыятычная акцыя “Беларусь памятае”. У Докшыцах у ёй прынялі ўдзел дзясяткі школьнікаў, якія з партрэтамі сваіх родных, што загінулі ў гады вайны, і тых, каму пашчасціла вярнуцца дадому, прайшлі строем па вуліцы Ленінскай.
У заключэнне мітынгу кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый усклалі кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Свята прадоўжылася ў ККЗ “Іскра” святочным тэатралізаваным канцэртам.
На працягу дня ў горадзе працавалі дзіцячыя гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, маляўнічыя выставы. Увечары гараджане і госці зноў сабраліся на цэнтральнай плошчы, дзе адбыўся гала-канцэрт пераможцаў і лепшых творчых калектываў раённага конкурсу патрыятычнай песні “Нам жыць і памятаць”. Завяршальным акордам святочнага дня стаў феерверк, які россыпам каляровых фарбаў, як і 74 гады таму, расквеціў майскае вячэрняе неба.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *