Фото- и видеорепортаж: ТУРСЛЁТ на Бирулях Докшицкого района

img_1238На тры дні бераг Бірульскага возера ператварыўся для дваццаці турыстычных каманд у пастаяннае месца жыхарства. Прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый паказвалі свой спартыўны, кулінарны, мастацкі спрыт. Перамога ў гэтым годзе дасталася камандзе РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. На другім месцы зборная “Азімут” (гарадскія школы), на трэцім – “Віцязі”(суд, пракуратура, РАУС, райаддзел Дэпартамента аховы).

 

 

 

Чэрвень. Пачатак лета. Спякота і сухата не здае сваіх пазіцый. Але ёсць даўняя прыкмета: калі патрэбен дождж – дапаможа турзлёт. У першы дзень з раніцы нічога і не абяцала змены надвор’я. Першае выпрабаванне турыстаў па горна-пешаходнай тэхніцы праходзіла пад палячым сонцам, а таму на пад’ёме, спуску і траверсе з-пад ног спартсменаў ляцелі слупы пылу і пяску. Як толькі суддзі вытрымалі амаль дзень на санцапёку!? Камандам было не да адпачынку: іх пасля выпрабаванняў на кар’еры чакала спаборніцтва па валейболе.
Увечары на ўрачыстым адкрыцці ўдзельнікаў злёту вітаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук.
– Турзлёт — гэта і спартыўнае мерапрыемства, і свята, – зазначыў кіраўнік раёна. – Магчымасць праявіць свае здольнасці і ўменні. Атрымаць станоўчыя эмоцыі і адшукаць новых сяброў. А таму добрага ўсім настрою, спартыўных перамог і добразычлівых адносінаў.
Як толькі пачаўся конкурс мастацкай самадзейнасці – ударыў гром. Дождж дазволіў паказаць праграмы толькі чатыром камандам, астатнія былі перанесены на наступны дзень.
Раніца сустрэла ўсіх доўгачаканай свежасцю. Гэта было ў радасць, бо наперадзе чакала пяцікіламетроўка кантрольна-турысцкага маршруту. Адначасова працягваліся валейбольныя сустрэчы. А ў лагерах ішло гатаванне паходных страў. Каманда медыкаў і санстанцыі “Адрэналін”, якая ўпершыню ўдзельнічала ў спаборніцтвах, гатавала на вогнішчы рыбу ў бігсе. Кулінары Бягомльскай школы “намалявалі” на салаце герб свайго пасёлка, а аддзела па адукацыі склалі розныя прадукты ў форме русалкі. Зборнай “Пякарня і Друкарня” ў прадстаўленні рыбных страў дапамагаў уладыка вод Няптун. “Зарадзіць ляшча” прапанавалі “Віцязі”. “Смажанкай глінскай”, “Куркай бярэзінскай”, бульбай, салам і нават аладкамі, смажаныя на вогнішчы і многімі іншымі кулінарнымі вынаходствамі здзіўлялі кашавары.
Падсілкаваўшы журы і сябе, каманды прадоўжылі конкурс мастацкай самадзейнасці. У знаходлівых артыстаў былі і казкі, і байкі, і музычныя кліпы. Водаканал паказаў сваю версію мюзікла “Нотр-Дам дэ Пары”, у якім Эсмеральда ўсіх частавала вадой. Як шукала гульцоў у каманду Мікалаеўна Натурзлётзбіралаўна распавёў аддзел па адукацыі. Тры асілкі абаранялі гонар зборнай “DREAM TEAM” (Беларусбанк, РУЭС, РЭС, РУПС). Жартоўнымі прыпеўкамі павесяліла гледачоў каманда “Крынічка” райвыканкама.
Другі дзень турзлёту супаў з Днём усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, а таму па традыцыі яго ­ўдзельнікі запалілі памінальныя свечкі.
У завяршальны турыстычны дзень свае здольнасці дэманстравалі мастакі, рыхтуючы камандны “баявы лісток”, а спартсмены спаборнічалі ў трыятлоне.
На падвядзенні вынікаў турыстаў віншавала намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна. Яна ж уручыла кубкі пераможцам.
Пераможцам у праходжанні кантрольна-турыстычнага маршруту стала каманда “Азімут”. Горна-пешаходную тэхніку лепш прадэманстравала каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. У тэхніцы веласіпеднага турызму на прызы раённага аб’яднання прафсаюзаў перамаглі спартсмены з райста, у начным арыентаванні – Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат, трыятлоне – зборная “BEACTIVE” (Бярэзінскі с/с). У музычным конкурсе першае месца ў камунгасаўцаў, лепшая газета атрымалася ў зборнай аддзела па адукацыі. У конкурсах паходных страў перамаглі “Віцязі”. У першынстве турыстычнага злёту па валейболе на прызы раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” чэмпіёнамі сталі валейбалісты з райста. Спецыяльнымі прызамі адзначылі лепшых гульцоў Васілія Кісялёва і Надзею Транчэўскую. У асабістых спаборніцтвах у стрэлах з пнеўматычнай вінтоўкі самым меткім стаў Іосіф Чэрнянін, у дартсе – Віталь Храпун.
Віват пераможцам!
Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *