Фоторепортаж с выпускного вечера в Докшицах

img_5398У суботу ў школах раёна прайшлі выпускныя вечары. 122 адзінаццацікласнікі Докшыччыны развіталіся са звыклымі ўрокамі і перапынкамі. Восем атрымалі сёлета залатыя медалі. Святочная праграма выпускных вечароў у кожнай школе свая, але традыцыйнымі ва ўсіх застаюцца вальс і сустрэча світанку. А наперадзе ў гэтых хлопцаў і дзяўчат свой шлях. Галоўнае ў ім, лічыць былы выпускнік Докшыцкай СШ імя І.С. Палявога Аляксандр Шылавіч, каб у кожнага была мара. 

– Прынята лічыць, што для чалавека, які зачыніў за сабой школьныя дзверы, пачынаецца новае жыццё – самастойнае. І для такога меркавання ёсць важкія падставы – атэстат даросласці. Гэта ваша першае сур’ёзнае працоўнае дасягненне на працяглым цікавым шляху асабістага і прафесійнага росту. Няхай вас заўсёды суправаджае поспех – ён шануе мэтанакіраваных, працалюбівых, упартых. Чалавек, якому пашанцавала, – гэта чалавек, які рабіў тое, што іншыя толькі збіраюцца зрабіць. Нехта с мудрых сказаў, што міма кожнага чалавека прабягае конь поспеху, але не кожны паспявае яго асядлаць. Стаўце перад сабой смелыя мэты, ідзіце да іх! Не бойцеся рабіць памылкі – гэта ваш вопыт! Марце – у кожнага ёсць шанец ажыццявіць сваю мару! Не выпускайце ні аднаго зручнага выпадку змяніць сваё жыццё да лепшага. У вас усё атрымаецца! – пажадаў сённяшнім выпускнікам у электронным лісце, дасланым у рэдакцыю, заслужаны выпрабавальнік касмічнай тэхнікі.
Выпускнікі ж перажываюць час развітання са школай і ўступленне ў дарослае жыццё па-рознаму.
Андрэй Косцін, Крулеўшчынская СШ:
– Пачуцці даволі змешаныя: з аднаго боку, я пакідаю родную школу, у якой вучыўся 11 гадоў. З другога — пачынаецца першы этап на шляху дарослага жыцця, што вельмі хвалюе і насцярожвае. За гады вучобы кожны з нас набыў для сябе шмат важнага. Асабіста для мяне гэта веды, без якіх у наш час немагчыма, і сапраўднае сяброўства. Я яшчэ не зусім вызначыўся са сваім будучым, але ўсё вырашыцца ў бліжэйшы месяц пасля здачы цэнтралізаванага тэсціравання.
Віівіка Траплоўская, Бягомльская СШ:
– Вось і завершаны пачатковы этап падрыхтоўкі да дарослага жыцця. Думаю, што фундамент, які мы закладваем зараз, дапаможа нам упэўнена рухацца далей. Разам з сястрой збіраемся паступаць у Лінгвістычны ўніверсітэт. Загадваць штосьці звышнатуральнае на будучыню не хочацца. Думаю, што трэба проста ісці ў тым напрамку, які падабаецца. Чаго і ўсім жадаю.
Дар’я Казлоўская, залатая медалістка, СШ № 1 г. Докшыцы:
– Падрыхтоўка, экзамены, выпускны – усё праляцела як адно імгненне. Справіцца з хваляваннем дапамагалі родныя і блізкія, якія заўсёды былі побач. Зараз нас чакае не менш адказны і важны этап – здача ЦТ і паступленне. Пакідаць школу не страшна, але вельмі шкада тых своеасаблівых школьных момантаў, гісторый, падзей. І, канечне ж, развітання з настаўнікамі і аднакласнікамі. Мы былі як адна сям’я, нават нягледзячы на тое, што ў гэтай школе я правучылася толькі два гады. З асаблівым пачуццём буду ўзгадваць таксама і сваіх сяброў і настаўнікаў з Барсукоўскай школы.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.

 

СШ №1

СШ №2

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *