Почему помощник врача Докшицкой ЦРБ Наталья Ковель советует посещать больницу

img_6944Нягледзячы на тое, што ўсе мы хочам быць здаровымі, некаторыя звяртаюцца да ўрача толькі тады, калі, як кажуць, “прыцісне”. А між іншым, своечасова  выяўленая хвароба паддаецца лячэнню лягчэй. Для ранняй дыягностыкі і прафілактыкі захворванняў урачы рэкамендуюць рэгулярна праходзіць дыспансерызацыю. Пачынаецца яна з даўрачэбнага кабінета.

Трыццаць гадоў у ім сустракае пацыентаў – і здаровых, і хворых – адзін з самых вопытных спецыялістаў ЦРБ, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Наталля Ковель. Яна змерыць тэмпературу і артэрыяльны ціск, праверыць вагу цела, а таксама дасць накіраванне на здачу аналізаў, вынікі якіх потым уважліва праверыць. Медыцынскую спецыяльнасць Наталля Мікалаеўна набывала ў Невельскім медвучылішчы. Дарэчы, магла б застацца жыць і працаваць у Расіі. Але дома, у Докшыцах, выйшла замуж.
– Нідзе няма лепш, як на радзіме, – гаворыць Наталля Мікалаеўна. – Столькі гадоў працую ў адной установе, што нават самой не верыцца! Работа, трэба сказаць, вельмі адказная і патрабуе ўважлівасці. Наша асноўная задача – сачыць за рэгулярным праходжаннем дыспансерызацыі, якая ў краіне актыўна праводзіцца з 2007 года. Яна дазваляе прыкметна зменшыць верагоднасць развіцця найбольш небяспечных захворванняў, якія з’яўляюцца асноўнай прычынай інваліднасці альбо смяротнасці, ці выявіць захворванні на ранняй стадыі развіцця.
Па словах Наталлі Ковель, няўважлівасць да свайго здароўя можа прывесці да такіх сумных наступстваў, як цукровы дыябет ці інсульт. Добра, што людзі сталі разумець гэта. Так, летась у раёне дыспансерызацыяй было ахоплена 99,8 працэнта насельніцтва. На жаль, апошнім часам пры праходжанні медыцынскага агляду была выяўлена вялікая колькасць хворых на артэрыяльную гіпертэнзію.
– У правядзенні дыспансерызацыі вялікая роля належыць сярэдняму медыцынскаму персаналу, – зазначае вопытны спецыяліст. – Выдатна спраўляюцца са сваімі прафесійнымі абавязкамі Ларыса Карпека і Таццяна Карчэўская. Яны кантралююць выкананне пацыентам медыцынскіх рэкамендацый. Заўважу, што дыспансерызацыя – гэта не толькі паглыблены комплексны медыцынскі агляд, але і наступнае дынамічнае назіранне за станам здароўя пацыента, што дае магчымасць кожнаму чалавеку кантраляваць чатыры важныя для здароўя паказчыкі: узровень артэрыяльнага ціску, глюкозы ў крыві, халестэрыну, індэкс масы цела. Дарэчы, апошні паказчык дазваляе ацаніць ступень рызыкі для здароўя, у прыватнасці, па ўзнікненні і развіцці цукровага дыябету II тыпу, атэрасклерозу, артэрыяльнай гіпертэнзіі.
Не варта адмаўляцца ад дыспансерызацыі, лічыць памочнік урача, бо трымаць сваё здароўе пад кантролем – у інтарэсах кожнага.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *