Победу привезли со «Славянки» барабанщицы из Докшицкой ДШИ и танцорки из Докшицкой ЦДиМ

img_1691Купаюцца ў праменях перамогі і вернай яе сяброўкі славы дзяўчаты-барабаншчыцы з Докшыцкай ДШМ і танцоркі з раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Яшчэ б не радавацца, калі з ІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу мажарэтак і барабаншчыц, які праводзіўся ў межах ХХVІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, яны прывезлі толькі першыя месцы!

Дыпломам І ступені ў намінацыях “Паказ на подыуме “Мажарэт-шоу”(сеньёркі) і “Паказ на подыуме “Mix-група” (сеньёркі) узнагароджаны ўдзельніцы ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Сюрпрыз”, з якім плённа працуе таленавіты харэограф Алёна Насеннік. Танцоркі вазілі на конкурс ужо вядомую раённаму гледачу цікавую і арыгінальную харэаграфічную кампазіцыю з веерамі. У адным выпадку яны яе аздобілі яшчэ і сцягамі, а ў другім – зрабілі больш складанай за кошт выкарыстання іншых прадметаў, якія прымяняюцца ў танцы. Дзяўчаты зноў пацвердзілі, што званне “ўзорны” іх калектыў носіць заслужана.
Яшчэ больш ашаламляльнай атрымалася перамога ў ансамбля барабаншчыц “Step-Beat” Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага, бо яны сталі лаўрэатамі І ступені ў намінацыях “Паказ на подыуме “Барабан” (юніёркі) і “Паказ на подыуме “Трыа-Baton” (юніёркі) у барацьбе аж з 17 камандамі з Беларусі і Расіі. Дзяўчаты разам з нязменнымі кіраўнікамі калектыву Святланай Яцына і Дзмітрыем Няфёдавым вельмі адказна і мэтанакіравана рыхтаваліся да конкурсу — і вось яна, узнагарода ўкладзеным намаганням! Гэта для гледачоў выступленне барабаншчыц — лёгкае, феерычнае, маляўнічае відовішча. А за ім нябачна значацца ўпартыя рэпетыцыі, як кажуць, да сёмага поту. Мала мець будучай барабаншчыцы абсалютны слых, пачуццё рытму, прамую постаць і асляпляльную ўсмешку. Гэта, як кажуць, зыходныя дадзеныя, а ўсё астатняе – сінхроннасць, уменне адначасова танцаваць, жангліраваць батанам (снарад у выглядзе жэзла з двума наканечнікамі, які прымяняецца ў мажарэт-спорце) дасягаецца ўпартымі рэпетыцыямі, у тым ліку і індывідуальнымі. Святлана Паўлаўна, нягледзячы на багаты вопыт, талент і веды, каб зрабіць свой калектыў дастойным сапернікам расійскім камандам, дзе мажарэт-спорт вельмі папулярны, з’ез­дзіла нават у Маскву на адпаведны семінар. Усе навінкі, што прывезла, пастаралася скарыстаць у праграмах, якія і павезлі на “Славянку”.

img_e7316
Сёлетні поспех – не адзіная перамога “Step-Beat”. Першую атрымалі ў 2016 годзе, праз два гады пасля стварэння калектыву, калі на міжнародным фестывалі ў Вялікіх Луках сталі трэцімі. Сённяшні састаў – гэта ўжо другі па ліку, бо дзяўчаты заканчваюць школу і раз’язджаюцца, але не менш таленавіты і працавіты, чым першы. Іх 12 чалавек, а ў складзе пераможнага трыа танцавалі Аляксандра Мітко, Насця Шавель і Вераніка Сіўцэвіч.
З дыпломамі пераможцаў вярнуліся са “Славянкі” і майстры раённага Дома рамёстваў Таццяна Марціновіч і Алена Таляронак, якія сталі прызёрамі конкурсу мастацкага саломапляцення “Папараць-кветка-2019”.
– Выстаўкі і конкурсы народных рамёстваў – традыцыйныя мерапрыемствы фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, – гаворыць дырэктар установы Іна Карпека. – Кожны год нашы майстры абавязкова ўдзельнічаюць у народным кірмашы “Горад майстроў”, адметнай рысай якога з’яўляюцца конкурсы па розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Сёлета рамеснікі не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы дэманстравалі свае ўменні ў мастацтвах выцінанкі, лапікавага шыцця, майстравалі свістулькі. Сёлетняй цікавінкай конкурсу па саломапляценні стаў флэш-моб па вырабе вялікага саламянага павука, які з’яўляецца брэндавым відам творчасці, распаўсюджаным толькі ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Прыемна, што на конкурсе Дыпломам ІІ ступені адзначаны вяночак з ружамі Таццяны Марціновіч і Дыпломам ІІІ ступені — саламяны аклад Алены Таляронак.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *