«Сырный разгуляй» отгремел в агрогородке Ситцы Докшицкого района

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў свята — старшыня Сітцаўскага сельвыканкама Аляксандр Сташэвіч.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў свята — старшыня Сітцаўскага сельвыканкама Аляксандр Сташэвіч.

У буйстве асенніх колераў і сцэнічнага афармлення пляцоўкі каля Дома культуры, пад мелодыі беларускіх песень і танцаў, ад якіх ногі рваліся ў скокі, з галавакружным водарам печыва і сыроў, прыгатаваных мясцовымі ўмельцамі, з гульнямі і забавамі адгрымеў у Сітцах “Сырны разгуляй”.

Шмат намаганняў па падрыхтоўцы свята прыклалі работнікі Дома культуры і бібліятэкі. Гэта і афармленне гульнявых пляцовак і выставы “Малочная даліна”, і выраб дэкарацый, і шыццё касцюмаў для ўдзельнікаў свята.
А пачалося ўсё дзеянне з паходу да славутага сітцаўскага дуба ў былых уладаннях пана Дамейкі. Каб дайсці да яго, трэба было пераадолець шмат інтэлектуальных перашкод: паадгадваць загадкі, дапоўніць прымаўкі, прачытаць скорагаворкі, ды не агульнавядомыя, а мясцовыя, напрыклад: “А ў Сітцах стаіць дуб, і мацнейшы ён за зуб. Не чапай ты зубам дуб: будзе дубам з’едзен зуб”. Каля дуба госці свята, а сярод іх былі і жыхары Расіі, якія спецыяльна прыехалі ў аграгарадок з санаторыя “Лясное”, змаглі паўдзельнічаць у тэатралізаваным прадстаўленні і даведацца пра цікавыя факты з гісторыі вёскі Сітцы.
Эфектным было з’яўленне Сырнай Каралевы: яе на троне-самакаце выкацілі дзяўчынкі-Сырынкі і Мышкі. Яго вялікасць Сыр, галоўны герой свята, не зазнаваўся і актыўна дапамагаў Каралеве і Гаспадыні весяліць гасцей. Кожны мог знайсці на свяце сабе справу па душы: паўдзельнічаць у гульнях, паслухаць цікавыя факты пра сыр з гісторыі ўзнікнення сыраварства і да сённяшніх дзён, паспяваць разам з самадзейнымі артыстамі, патаньчыць і, вядома ж, паспрабаваць сыр самых розных гатункаў, выраблены ў хатніх умовах, а таксама печыва з ім і тварагом. Такой смакаты, скажу я вам, у краме не купіш ні за якія грошы. Таму і было так шмат ахвотных прадэгуставаць, а то і набыць сырную прадукцыю, якая ў шырокім асартыменце і маляўнічым афармленні была прадстаўлена калектывамі мясцовых школы, дзіцячага садка, участковай бальніцы, ДП “АграСітцы”, аддзялення кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, КПП. Тым больш што і суправаджалася дэгустацыя вершамі, песнямі ды прыпеўкамі, вясёлымі інтэрмедыямі і заклічкамі, нават сімпатычная карова ў рознакаляровых кедах – які ж сыр без вытворцы малака? – прысутнічала. За такую актыўнасць усе калектывы-­ўдзельнікі атрымалі падарункі.
Ушанавалі на свяце трох мясцовых юбіляраў: Валянціну Гараніну, Святлану Аганесян – з саліднымі датамі і маленькую Валечку Фрол з першым у жыцці юбілеем – ёй споўнілася 5 гадоў. Музычны падарунак атрымалі Сафія Сабыніч, Аляксандр Іваноўскі, Алена Фрол і Ілья Курэц, якія адзначалі свае дні нараджэння менавіта падчас свята. Старшыня Сітцаўскага сельвыканкама Аляксандр Сташэвіч уручыў дыплом і падарунак сям’і Лявохаў, Іосіфу і Станіславе, лаўрэатам раённага конкурсу сярод ветэранаў на лепшы панадворак. У конкурсе-дэгустацыі “Лепшы сыр” перамаглі гаспадыні з Бярозаўкі, на другім месцы – ДП “АграСітцы”, трэцяе заваявалі парплішчане, за што таксама атрымалі падарункі. Спонсарамі свята выступілі райста, ДП “АграСітцы” і ТАА “Корша”.
Гледачы шумна заўзелі за ўдзельнікаў гульняў, гучнымі апладысментамі і воклічамі “брава” і “малайцы” сустракалі самадзейных артыстаў Сашу Аганесян, Лізу і Насцю Цягуновіч, дуэт у складзе Надзеі Сушко і Сяргея Норавіча, а таксама народны ансамбль песні “Прызбачка”, які прыехаў да суседзяў з канцэртнай праграмай. “Цвіком” праграмы стаў жартоўны танец “Сырныя лялечкі” ў выкананні Жанны Штоль, Алены Карповіч, Аксаны Шылавіч і Алы Нікіцінай, на які госці свята збегліся з усіх пляцовак і ад гандлёвых палатак, каб не толькі паглядзець і падтрымаць танцорак, але і зняць дзею на відэа. А завяршыўся “Сырны разгуляй” агульнай беларускай полькай.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *