В Докшицах появился самый вкусный чай

Дзеці ўжо ўпадабалі ў краме арэшкі і салодкую гарбатку.

Дзеці ўжо ўпадабалі ў краме арэшкі і салодкую гарбатку.

Выдатны падарунак да навагодніх святаў зрабіла жыхарам райцэнтра індывідуальны прадпрымальнік Ала Татарына. Па вуліцы Ленінскай у памяшканні будынка гасцініцы адкрылася невялічкая крама “Гарбата і кава”. На паліцах з густам аформленай гандлёвай кропкі прадстаўлены шырокі асартымент гарбаты на вагу, прычым натуральнай, кітайскай вытворчасці. Адной з самых папулярных у пакупнікоў лічыцца “Малочны ўлун”.
– Яна мае сметанковы смак, – гаворыць гаспадыня крамы. – Дастаткова заварыць тры-чатыры скручаныя лісточкі, каб адчуць сапраўдную асалоду ад чаяпіцця. Карыстаецца попытам у пакупнікоў таксама гарбата “Пырскі шампанскага”, “Ванільны бергамот”, “Дзікая ягада”, “Сакавіты манга”, “Загадка ўсходу” і іншыя. Дарэчы, каб не памыліцца і выбраць гарбату на свой густ, можна спачатку купіць так званы “пакецік-пробнік”. Аднаму з пакупнікоў спадабаўся гэты сыпучы прадукт з імбірам, таму адразу ўзяў 200 грамаў.
У новым гандлёвым аб’екце прапануюць набыць гарбату ў незвычайнай упакоўцы – керамічным заварніку. Згадзіцеся, цудоўны падарунак для аматара гэтага напою.
Гурманаў кавы тут таксама чакае сюрпрыз. Распушчальная і ў зернях – яна так і вабіць сваім пахам, нават ва ўпакоўцы. Для зручнасці наведвальнікаў у краме ўстаноўлены апарат, які тут жа “прыгатуе” гарачы духмяны напой. Эспрэса, амерыкана, капучына, латэ, макачына, гарачы шакалад… Папяровы кубачак з любым з гэтых відаў каштуе два рублі. Прыемны бонус чакае тых, хто ўжо чатыры разы частаваўся кавай: наступны, пяты кубачак, – бясплатны.
Новая крама – гэта сапраўдная знаходка для гаспадынь. На паліцах у празрыстых шкляначках – больш за 40 відаў прыпраў, а таксама арэхі, кунжут, імбір, цукаты, ванілін, какосавая стружка, топінг, сіроп, халва і многае іншае. Частыя наведвальнікі “смачнага” павільёна не толькі дарослыя, а і дзеці. І гэта зразумела: ад усялякай смакаты, як кажуць, вочы разбягаюцца. У бліжэйшы час, гаворыць Ала Татарына, асартымент прадукцыі пашырыцца. У продажы з’явяцца цукеркі, спецыяльныя шкляначкі для захоўвання сыпучых прадуктаў і іншае.
У новую краму ўжо з вуліцы пакупнікоў прыцягвае незвычайная, колеру серабра шыльда. Яе зрабілі пад заказ і прывезлі аж з Арэнбурга. Сапраўды, аформлена вельмі стыльна і з густам. Шкада толькі, што назва аб’екта на рускай мове (“Чай и кофе”). Усё ж такі на нашай, роднай беларускай мове, яна б гучала больш прыгожа, а галоўнае адметна. Менавіта беларускага эксклюзіву шукаюць звычайна замежныя госці і здзіўляюцца, чаму яго так мала ў нас.
Зрабіць пакупкі ў краме можна кожны дзень, акрамя панядзелка. Яна працуе з 9 да 18 гадзін (аўторак-пятніца) і з 9 да 16 гадзін (субота-
нядзеля).

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *