Супружеская чета Чернявских из Докшицкого района ухаживает за искалеченным аистом

І боль суціхае ў пяшчотных руках.

І боль суціхае ў пяшчотных руках.

Яніна і Аляксандр Чарняўскія з вёскі Мацееўцы, што ў Крыпульскім сельсавеце, не бравіруюць выказваннямі  тыпу “мы ў адказнасці за тых, каго прыручылі” і не ведаюць прыпавесці пра хлопчыка, які ратаваў выкінутых на бераг марскіх зорак, – проста паступаюць так, як дыктуюць ім сэрцы і сумленне.

Убачыўшы на вуліцы збітага аўтамабілем бусла, сужэнцы без ваганняў забралі яго дадому. Кажуць, звярталіся па дапамогу “ў экалогію і да ветэрынараў”, але ўсюды атрымалі адмову. Самі ампутавалі пераламаную лапу птушкі, якая трымалася літаральна на скуры і пачала ўжо загнойвацца, апрацоўвалі рану да поўнага зажыўлення, імкнуцца, каб птушка добра харчавалася для хутчэйшага выздараўлення.

Буслінае гняздо знаходзіцца на воданапорнай вежы насупраць дома Чарняўскіх. Сёлета пад коламі машыны загінула бусліха. Не пашанцавала і аднаму з яе дзяцей.
– У нас жа тут аўтамабілі нясуцца з хуткасцю лайнераў, дарма што населены пункт, – уздыхае Яніна Браніславаўна. – З-за такіх вось чэрствых, абыякавых ліхачоў гінуць у Мацееўцах каты, куры. Буслы таксама не ў добрым месцы пасяліліся – бяда за бядой.

Знаёмімся бліжэй. Чарняўскія – жывёлаводы ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, толькі галава сям’і яшчэ працуе, а гаспадыня ўжо на пенсіі. З імі жыве сын, прыехала “на пабыўку” дачка з малым дзіцяткам. Такім чынам у Мацееўцах іх хата – самая густанаселеная. Працавітыя вяскоўцы трымаюць ладную гаспадарку. Аляксандр Яўстаф’евіч яшчэ і печкі ды пліты людзям кла­дзе, яго палова выдатна грае на баяне – кажа, з паўсотні вяселляў у свой час адыграла. Людзі яны шчырыя і прыязныя, што адразу прыцягвае.
Пакуль размаўляем з гаспадарамі, паяўляецца іх цыбаты пастаялец і паціху, моцна кульгаючы, дапамагаючы сабе крыламі, адно з якіх таксама пашкоджана, набліжаецца да нас, прыглядаецца насцярожана: новыя ж людзі.

– Спярша стараўся ўцячы, вырываўся з рук, баяўся, – распавядае Аляксандр Яўстаф’евіч. – А пасля зразумеў, што тут яго ніхто не пакрыў­дзіць, і супакоіўся. Адпускаем штодзень гуляць, дык не сыходзіць нікуды, вяртаецца ў двор. Нават галоўным сябе адчуў: кот ці сабака падыдуць дужа блізка – можа і дзеўба­нуць, асабліва калі ў кагосьці з нас на руках ся­дзіць – мусіць, раўнуе.

Буслік, якому гаспадары яшчэ не прыдумалі мянушку, не першы, каго ў гэтай сям’і прынялі і абагрэлі.

– Ідуць да нас, колькі жывём, невядома адкуль каты ды сабакі, як быццам ведаюць, што не зможам прагнаць, – разважае гаспадыня. – Яшчэ некалькі тыдняў таму катоў сямёра было, палову ўдалося “размеркаваць” па іншых кватэрах. Не так даўно і Дружок у нас з’явіўся.
Дружок – прыгожы і вельмі ласкавы сабака. Выглядае шчаслівым і штохвілінна выказвае прыязнасць да гаспадароў, якія бачаць у ім не жывую цацку, а разумную істоту, здольную на ўвесь спектр пачуццяў. Але калі з Дружком клопатаў няма, то за бусліка Чарняўскія вельмі перажываюць, тлумачаць, што забяспечваць яго харчаваннем складана: злоўленых жаб ды рыб недастаткова, кілаграма путасу птушцы хапае на два дні, а расліннага корму гаротнік не прызнае. Да ўсяго не ведаюць, куды памясціць яго на зіму. У хаце ж не паселіш, у хляве холадна. Будуць рады дапамозе з кармамі, а таксама падказцы, куды прыстроіць бусліка, каб ён перажыў халады, падужэў. А там, хто ведае, можа, і ­лятаць атрымаецца. Усе, хто жадае дапамагчы, могуць звязацца з Янінай Браніславаўнай па нумары 8 029 756 84 57.

– Як наш гадаванец зваў сваіх сародзічаў, калі яны адляталі ў вырай, як махаў крыллем, спрабуючы ўзляцець, – без слёз нельга было глядзець, – згадвае жанчына. – Прыпомніла тут “Жураўліны крык” Васіля Быкава, уласны верш напісаўся. Усё разумею: законы прыроды, натуральны адбор. Але калі ёсць хоць нейкая магчымасць дапамагчы, чаму яе не скарыстаць? Тут не розумам трэба кіравацца, а сэрцам.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *