Светлана Кукуть

Надвор’е – кактэйль ці з адчаю, ці з суму,
Ці з сумесі яркай гаркоты рабін.
Цяжкія хвіліны адна я адбуду,
А ты мяне ў шчасці маім не пакінь.

Як брудная вата шматкамі па небе
Раскінуты хмары над шэрай зямлёй.
Цябе я шукала па ўсім белым свеце,
А ты на хвіліну застанься са мной.

Слязою дажджу б’ецца боль у ваконне,
Халодным абдымкам вятрыска хіне.
У самотным маім адзіноты бяздонні
Хоць лёгкаю марай прыйдзі да мяне.

Прыйдзі, і адразу мне стане ўтульна
У шэрым надвор’і з халодным дажджом.
Пад музыку ветру мы сонца адзінасць
І вернасць насуперак усім панясём.

Надвор’е – кактэйль ці з адчаю, ці з суму,
Ці з сумесі яркай гаркоты рабін.
Твой вытканы вобраз са мною ў думах,
Малю цябе ціха, прашу: “Не пакінь…”

* * *

Ты кажаш, што я добрая.
А я такая, якая і ёсць,
Сапраўдная,
Без маскі на твары
І без злога намеру.
Ты кажаш, што я смешная.
А я шчырая ў сваіх пачуццях
І гатовая смяшыць
Увесь свет,
Бо мне радасна.
Ты кажаш, што непаўторная.
І адыходзіш да іншай,
Бо я не тваё каханне,
А запасны варыянт
На штодня.
Ты адыходзіш…і застаюцца
Толькі словы,
Якія гучаць з вуснаў
Іншых…
Мінакоў…
А я застаюся такой жа.

* * *

Ты зачаруе
Сваёй усмешкай,
Закалыхаеш сваім голасам,
Закахаеш сваёй сутнасцю
Да майго самазабыцця.
А потым возьмеш маё сэрца,
Як пажоўклы ліст восені,
І кінеш у шалёную буру
Халоднага ветру;
Разатрэш буйной
Слязой дажджу
Па шыбе запацелага вакна;
Парвеш на маленькія
Кавалачкі нотны
Сшытак маёй душы…
І спытаеш: “Табе не балюча?”

* * *

Ты думаў, што я заплачу,
А я засмяялася
І моўчкі пайшла,
Схаваўшы свой боль і неспакой,
Чарговую няўдачу…
А я засмяялася,
Хоць шчасця і не знайшла,
А піла нагбом горыч…
Ты думаў…а я пайшла.

* * *

І ўсё-такі яно вечнае,
Пачуццё зямное – каханне…
Толькі не тое, якім
Разбаўляюць свой час
Максімалісты-падлеткі,
Якое прымаюць за разбэшчанасць
Сапсаваныя юнакі
І якое сціраецца
Шматгадовым сямейным бытам.
Сутнасць яго вечная
Сама па сабе,
А адзінае на сто год
Сапраўднае пачуццё
Набліжае яго да нябеснага.

* * *

Законы логікі з
Законамі філалогіі
Несумяшчальныя.
Але скажы мне,
Па якіх тэорыях
Пры сустрэчы з табой
Паветра перахоплівае дыханне,
У галаве пачынае кружыцца
віхор думак,
Па твары бяжыць чырвоны
здрадлівы румянец,
А вусны нямеюць,
Забыўшыся на іх
Асноўную функцыю –
Гаварыць.

* * *

Я запрасіла цябе ў кіно,
Створанае па даўно
Мною напісанаму
Сцэнарыю.
Толькі ты не ведаеш,
Што месца галоўнага
Героя ў ім адведзена табе,
І твой неасцярожны
Акцёрскі жэст
Можа ўсё зруйнаваць.

* * *

 Адзіноцтвам майго выбару

Дыхае марозны вечар.
А ў галаве віхураць думкі:
“Ці жыццё мне
Ставіць перашкоды,
Ці сама сабе
Іх прэзентую?”
Можа, меў рацыю
Славуты філосаф,
Што жыццё – гэта пакута?
Пакута быць без выбару
І пакута рабіць выбар.
Замкнёнае кола…

 

Один комментарий для “Светлана Кукуть

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *