Спектр работ пашырыўся

Спектр работ пашырыўся

У аўторак на пашыраную планёрку ў райвыканком былі запрошаны кіраўнікі службаў, аддзелаў і арганізацый раёна, старшыні і сакратары пассельвыканкомаў. Прысутнічаў на планёрцы памочнік дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Віталь Мікалаевіч Шыпко. Як звычайна, старшынствуючым быў Алег Леанідавіч Пінчук. І як звычайна, быў падняты шэраг жыццёва важных пытанняў. Першай трымала справаздачу першы намеснік старшыні райвыканкома, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Н.П. Бортнік. Упачатку яна гаварыла пра справы ў жывёлагадоўлі.

Спынілася на пытаннях вытворчасці малака і яго рэалізацыі. Выказала незадаволенасць гаспадаркамі (РУВСП племзавод “Порплішча”, СВК “Таргуны” і ААТ “Докшыцкі райаграсервіс”), якія не выконваюць план яго продажу дзяржаве. Звярнула ўвагу на нізкі тэмп росту валавой вытворчасці малака. Спынілася на якасці прадукцыі, якая рэалізоўваецца, і акрэсліла прычыны. Яна гаварыла пра закуп цялят у насельніцтва і падрыхтоўку да пашавага ўтрымання, а непасрэдна – перасоўных даільных установак. Асаблівую ўвагу прысутных засяродзіла Наталля Паўлаўна на пачатку вясенніх палявых работ. Было адзначана, што тэхніка да работы ў полі гатова. 32 энерганасычаныя трактары, 39 адзінак чызельных культыватараў, 31 – абаротных плугоў, 10 пасяўных агрэгатаў хоць зараз гатовы прыступіць да найбольш адказнай хлебаробскай справы. Праўда, каб своечасова справіцца з вясеннімі клопатамі хлебаробаў, не абысціся і сёлета без дапамогі работнікаў прамысловых прадпрыемстваў раёна. Зацверджаны план выдзялення людзей і тэхнікі з горада ў вёску. Н.П. Бортнік гаварыла таксама пра выкананне праграмы “Чыстае поле” і закранула некаторыя іншыя пытанні.
У сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкома па эканоміцы Л.В. Мальчык канстатавала факт: з 13 прагнозных паказчыкаў раёнам не выкананы 11. Не выйшлі на запланаваны рубеж у 200 умоўных адзінак па выплаце заработнай платы 10 арганізацый раёна. Толькі тры арганізацыі выканалі план платных паслуг. Не задавальняе тое, што КУПБА “Бытавік” – прадпрыемства, якое непасрэдна створана для аказання паслуг насельніцтву, – не спраўляецца са сваёй функцыяй. Дадзены месяц, каб выправіць становішча. Экспартуе тавар з раёна практычна толькі СП “Хэндэкс імпарт-экспарт” ТАА. Неабходна актывізаваць гэту работу Докшыцкаму райста, сельгасарганізацыям, ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” і КУВП “Докшыцкі КБМ”. Дарэчы, пробная партыя новай прадукцыі камбінатам будаўнічых матэрыялаў ужо выпушчана, і цяпер стаіць задача наладзіць серыйны выпуск. Не ўсё гладка, засяроджвала ўвагу Ларыса Васільеўна, у рабоце раённага спажывецкага таварыства. Напрыклад, нельга знайсці апраўданне таму, што ў крамах не хапае будаўнічых тавараў. Пакуль не выканана задача забеспячэння жыхароў вёсак праз вясковыя крамы нехарчовай групай тавараў.

Прапанавана ў цэнтральных сядзібах сельгаспадарак за кошт свабодных плошчаў у крамах арганізаваць продаж нехарчовых тавараў.

У справаздачы намесніка старшыні райвыканкома па будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы В.С. Жаўнеркі гучала заклапочанасць па пытанні ўводу жылля. За 2 месяцы бягучага года будаўнічыя арганізацыі раёна з планам не справіліся. Зацягнуліся работы ў будаўніцтве кааператыва № 6. Між тым, у чарзе на жыллё ў раёне стаяць 800 чалавек, дзесьці каля 600 – у райцэнтры.

В.С. Жаўнерка спыніўся на рабоце дарожнай службы, камунальнай гаспадаркі раёна. У комплексе трэба весці работы па ямачным рамонце дарог, абрэзцы старых дрэў, камплектацыі гарадскіх паркаў, асвятленні вуліц і шматлікім іншым.

Дэмаграфічная бяспека – тое, што стаіць, лічы, на першым плане ў рабоце намесніка старшыні райвыканкома па сацыяльных пытаннях М.М. Маркаўца. Міхаіл Міхайлавіч спыніўся на той рабоце, якая праводзіцца ў раёне, і на тым, чаго не стае ў арганізацыі работ.

Падагульніў выступленні, паставіў канкрэтныя задачы старшыня райвыканкома А.Л. Пінчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *