На месцы першага залпу з «Кацюш»

Прайшло 65 год з дня Вялікай Перамогі. Але ў Беларусі кожны метр яе зямлі памятае тую страшэнную вайну, амаль кожная вёска, пасёлак і горад маюць абеліск з імёнамі яе ахвяр. Крывавыя часы саракавых гадоў мінулага стагоддзя нашчадкам забываць нельга, і таму, каб яшчэ раз пакланіцца подзвігу салдат, мы вырашылі разам з настаўніцамі школы І.У. Косцінай і Н.У. Рандарэвіч пайсці ў чатырохдзённы турыстычны паход і прысвяціць яго юбілею Перамогі.

У мінулым годзе мы прайшлі партызанскімі сцяжынамі нашага раёна. А сёлета вырашылі наведаць Аршаншчыну. Менавіта там славутыя “Кацюшы” ўпершыню далі адпор ворагу. Таму адной з нашых мэт было яшчэ і пабываць на месцы першага залпу з “Кацюш” у вёсцы Пішчалава (на здымку).

Аршаншчына адрозніваецца ад нашага раёна і рэльефам, і прыродай, і нават колерам зямлі. Але людзі такія ж прыветлівыя, гасцінныя, добразычлівыя. Уражанні ад паходу засталіся найлепшыя. Мы бачылі як руіны старажытных замкаў і храмаў, так і нанова адбудаваныя цэрквы і касцёлы, наведалі магілу Тамаша Зана, паплечніка і сябра А. Міцкевіча і Я. Чачота. Пабывалі ў музеі К.С. Заслонава ў Оршы, а таксама ля магілы легендарнага арганізатара і кіраўніка партызанскага падполля і партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў час вайны. Наведалі краязнаўчы музей у вёсцы Крапіўна ў Аршанскім раёне, убачылі шырокі Днепр і пакланіліся шматлікім помнікам тым, хто абараніў нашу будучыню.

Паходы дапамагаюць нам больш даведацца пра свой край, убачыць многа цікавага, адчуць подых гісторыі і самім дакрануцца да яе таямніц. А яшчэ гэта магчымасць правесці вольны час з карысцю. У Беларусі шмат маршрутаў, і я спадзяюся, што мы па многіх з іх пройдзем яшчэ.

Анастасія ГМЫРАК,
удзельніца паходу,
вучаніца УА “Крулеўшчынская ДАСШ”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *