Папярэдзіць правапарушэнні

Пра тое, як арганізавана работа па прафілактыцы
правапарушэнняў у раёне, ішла размова ў мінулую пятніцу
на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

“Прафілактыцы правапарушэнняў надаецца вялікае значэнне, бо яна напрамую ўплывае на стан законнасці, на крымінагенную сітуацыю ў раёне. Ад арганізацыі сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў залежыць эфектыўнасць праводзімай работы, – сказаў падчас пасяджэння старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Л. Пінчук. – Патрэбна прымаць усе неабходныя меры, каб забяспечыць абароненасць правоў грамадзян”. Таму сярод асноўных пытанняў, якія разглядаліся на пасяджэнні райвыканкама, была арганізацыя і эфектыўнасць работы па прафілактыцы правапарушэнняў.

Аб эфектыўнасці дзейнасці аддзела ўнутраных спраў Докшыцкага райвыканкама і суб’ектаў гаспадарання па прафілактыцы крадзяжоў, праводзімай рабоце па дэалкагалізацыі насельніцтва і прымаемых мерах па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці далажыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама М.Э. Гігола.

Ён адзначыў, што за справаздачны перыяд бягучага года на тэрыторыі Докшыцкага раёна паменшылася колькасць злачынстваў з 259 да 247, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх – з 15 да 12. Не дапушчаны рост свядомых забойстваў, зменшылася колькасць грабяжоў, не зарэгістравана згвалтаванняў. Усе цяжкія злачынствы супраць асобы раскрытыя. Колькасць злачынстваў, пачынаючы з 2006 года, у раёне змяншаецца. Назіраецца, адпаведна, зніжэнне ўзроўню злачыннасці на 10000 насельніцтва, які склаў у бягучым годзе 87 злачынстваў, што ніжэй за сярэднеабласны паказчык на 30 выпадкаў. У бягучым годзе адзначана таксама скарачэнне маёмасных злачынстваў, у тым ліку крадзяжоў са 146 да 136, грабяжоў – 6, у 2009 годзе за такі ж перыяд – 11, зарэгістраваны 2 разбоі. Назіраецца значны рост раскрываемасці крадзяжоў усіх форм уласнасці (58,1 працэнта па раёне, а па вобласці – 40,7 працэнта).

Аддзелам унутраных спраў райвыканкама сумесна з кіраўнікамі органаў улады і іншых зацікаўленых ведамстваў, арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна прымаўся шэраг папераджальных мер, каб зберагчы дзяржаўную маёмасць. У выніку ў 2010 годзе да 16 выпадкаў зменшылася колькасць крадзяжоў дзяржаўнай і грамадскай маёмасці, або 11 працэнтаў ад агульнай колькасці крадзяжоў. Адзначалася, што асобныя месцы захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў не абсталяваны сігналізацыяй, асвятленнем у начны час, адсутнічае вартавая ахова. На многіх прадпрыемствах вартаўнікі не выконваюць належным чынам ускладзеныя абавязкі. Таксама адной з прычын здзяйснення крадзяжоў з’яўляецца п’янства на вытворчасці. Прычынамі крадзяжоў з магазінаў з’яўляецца слабая тэхнічная база па ўмацаванні аб’ектаў, няспраўная сігналізацыя.

У дакладзе была прааналізавана работа, якая вядзецца РАУС па супрацьдзеянні п’янству і алкагалізму на тэрыторыі раёна. Супрацоўнікамі аддзела канфіскавана і ліквідавана 252 літры спірту, 5 566 літраў самагону і самагоннай брагі.

Дэманціраваны 1 самагонны апарат і 4 самагонныя міні-заводы. 47 чалавек па рашэнні суда накіраваныя ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. 10 грамадзян абмежаваны ў дзеяздольнасці з-за таго, што ставяць свае сем’і ў цяжкае матэрыяльнае становішча. П’янства стала асноўнай прычынай гібелі людзей на пажарах. Асабліва неспрыяльная сітуацыя з пажарамі склалася на тэрыторыі Бягомльскага пасялковага Савета.

За 10 месяцаў 2010 года на тэрыторыі раёна здзейснена 46 злачынстваў асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Адным з найбольш небяспечных відаў злачыннасці з’яўляецца рэцыдыўная злачыннасць. У мэтах папярэджання здзяйснення больш цяжкіх злачынстваў з боку раней судзімых асобаў у бягучым годзе ўзбуджаны 3 крымінальныя справы за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі, 9 – за ўхіленне ад пакарання ў выглядзе папраўчых работ. На ўліку знаходзяцца 178 асуджаных, забяспечана стапрацэнтнае працаўладкаванне асоб, якія асуджаны да папраўчых работ. У выніку праводзімай работы ў бягучым годзе рэцыдыўная злачыннасць значна зменшылася: з 50,3 працэнта да 40,7 працэнта, што ў многім абумоўлена і ліквідацыяй папраўчай установы № 12 у г.п. Бягомль.

У мэтах паляпшэння работы ўсіх органаў улады па забеспячэнні правапарадку, зніжэнні ўзроўню крадзяжоў, дэалкагалізацыі насельніцтва, папярэджвання рэцыдыўнай злачыннасці ў раёне Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт прыняў адпаведнае рашэнне.

Аб арганізацыі рэгіянальнай сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў далажыў пракурор раёна С.А. Куратнік. Ён адзначыў, што работа, якая праведзена праваахоўнымі і іншымі дзяржаўнымі органамі, аказала станоўчы ўплыў на стан законнасці, на стабілізацыю крымінагеннай сітуацыі ў раёне, пазітыўна ўплывала на абароненасць правоў грамадзян. Гэта тычыцца агульнай колькасці злачынстваў у параўнанні з мінулым годам, колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, узроўню злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва.
Аднак нельга не адзначыць, што больш злачынстваў здзейснена непаўналетнімі. Асаблівы неспакой выклікае рост гібелі людзей на пажарах.

Барацьба з негатыўнымі праявамі ў грамадстве – справа не толькі праваахоўных органаў. Гэта важная задача стаіць перад кіраўнікамі мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, суб’ектамі гаспадарання. Здзяйсненне правапарушэнняў прычыняе значныя матэрыяльныя і маральныя страты насельніцтву, перашкаджае ўстойліваму развіццю раёна. Адной з асноўных прычын распаўсюджвання злачыннасці з’яўляецца адсутнасць арганізаванай сістэмнай папераджальнай дзейнасці. З мэтай яе арганізацыі ў рамках выканання Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 года “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне, якім назначаны адказны за стан прафілактыкі правапарушэнняў на тэрыторыі раёна. Ён узначальвае і кіруе дзейнасцю камісіі па справах непаўналетніх, арганізуе работу па абагульненні вынікаў папераджальнай дзейнасці раённых суб’ектаў прафілактыкі. Неабходна распрацаваць план работы з вызначэннем канкрэтных мерапрыемстваў, аналізаваць яго выкананне. Плануецца распрацаваць палажэнне аб конкурсе паміж пассельвыканкамамі, населенымі пунктамі раёна на прызнанне лепшымі ў дзейнасці па забеспячэнні правапарадку.

На пасяджэнні райвыканкама былі разгледжаны і іншыя пытанні, па якіх прыняты адпаведныя рашэнні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *