Звярнуліся да старшыні

5 красавіка бягучага года адбылася «прамая лінія» са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Алегам Леанідавічам Пінчуком. На красавіцкай “прамой” сустрэчы было чатыры тэлефонныя званкі. Два з іх – пытанні, два – праблемы.

Першым патэлефанаваў жыхар горада Мінска Сяргей Фёдаравіч Камінскі, які родам з вёскі Баяры Бягомльскага пассавета. Яго хвалявала пытанне складзіравання драўняных адходаў на рэканструяваным кар’еры пясчана-гравійнай сумесі каля вёскі. Разабрацца з гэтай сітуацыяй адразу былі накіраваны дзве службы: землеўпарадкавальная і прыродаахоўная.

Другую праблему спрабавалі вырашыць жыхары вёскі Дзядкі Сітцаўскага сельсавета. Ад імя пенсіянера І.І. Пухальскага патэлефанавала яго дачка і расказала пра тое, што па вуліцы Зялёнай са снежня не дзейнічае калонка. Браць ваду даводзіцца з адзінага калодзежа, які размешчаны ад калонкі на дастаткова вялікай адлегласці.

У гэты ж дзень рамонтная брыгада КУВСГП “Сітцы” пачала работы па размарожванні водаправода, і зараз жыхары вёскі Дзядкі карыстаюцца вадой з калонкі.

Мікалай Ягоравіч Пятровіч з Докшыц цікавіўся, чаму не затрымліваюцца маладыя кадры медыцынскіх работнікаў у раёне. На гэта Алег Леанідавіч Пінчук адказаў:

– На сённяшні дзень у раёне маецца 11 свабодных вакансій урачоў. Для таго каб маладыя спецыялісты засталіся працаваць і пасля адпрацоўкі абавязковых двух гадоў, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. У першую чаргу, урачам выдзяляецца жыллё. Сёлета ў Докшыцах выдзелілі дзве кватэры для ўрачоў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца райвыканкомам на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы аховы здароўя.

Пра тое, як ажыццяўляецца прыём грамадзян дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Андрэйчанкам, цікавіўся жыхар Докшыц Мікалай Андрэевіч Каляга. Алег Леанідавіч Пінчук растлумачыў, што Уладзімір Паўлавіч ажыццяўляе прыём адзін раз у тры месяцы. Дадатковую інфармацыю аб прыёме старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П. Андрэйчанкі можна атрымаць у раённай газеце і па раённым радыё”.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *