У кожнага «медаля» — два бакі

Як цывілізавана выкідваць смецце

Скрынкі для смецця на вуліцах горада, адна з апошніх выгод, якімі радуюць камунальнікі гараджан. На некаторых вуліцах месцы, дзе ўстаноўлены кантэйнеры, маюць вельмі цывілізаваны выгляд: скрынкі стаяць на падмурках, закрыты ад усеагульнага вока агароджай. На падобнае абуладкаванне ўсіх месцаў устаноўкі скрынак у РУП ЖКГ пакуль сродкаў не хапае, але магчымае робіцца: падкошваецца трава вакол іх, прыбіраецца выкінутае смецце. А як жа мы, гараджане, карыстаемся скрынкамі? – Без ніякага сумлення, – сцвярджае майстар участка па добраўпарадкаванні РУП ЖКГ Галіна Глымушка. – У скрынкі, якія прызначаны для збору цвёрдых бытавых адходаў, нашы грамадзяне нясуць усё, што можна знайсці на панадворку і ў агародзе: траву, бульбоўнік, галлё, а то і цэглу з глінай пасля разборкі старой грубкі. Кантэйнеры ачышчаюцца ў адпаведнасці з графікам. Але з такімі адносінамі грамадзян да іх запаўнення, графік прыходзіцца пастаянна парушаць: замест прызначаных двух разоў пасылаем смеццявозы рабіць па чатыры і больш рэйсаў. А гэта незапланаваны перарасход паліва і іншыя праблемы. Таму, парушальнікаў правіл збору бытавых адходаў будзем прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Іншага выхаду няма. Можа такім спосабам навучым людзей з пустазелля, бульбоўніка рабіць кампосты, як гэта было раней, а галінкі з дрэў і кустоў сячы і паліць. За чысты горад змагацца трэба ўсім, а не толькі камунальнікам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *