З клопатам аб чысціні наваколля
У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пастаянна дзейнічае тэлефонная “ гарачая лінія”. Пазваніўшы па нумары гарадской тэлефоннай сеткі: 2-15-78, 2-17-42 і 2-28-78, а таксама на сотавы нумар 8(033) 614-46-60, можна паведаміць аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства, атрымаць інфармацыю па хвалюючых пытаннях аховы акаляючага асяроддзя, выкарыстання прыродных рэсурсаў. За першае паўгоддзе гэтага года на тэлефон “гарачай лініі” інспекцыі паступіла 12 зваротаў і паведамленняў грамадзян па пытаннях, якія датычацца стану навакольнага асяроддзя. Вось некаторыя з іх. Жыхарка г.п. Бягомль Л.С. Марцінкевіч паведаміла аб размяшчэнні ўнутрыгаспадарчага кар`ера побач з грамадзянскімі могілкамі вёскі Замасточча. Здабыча гравію была спынена. Са скаргай на тое, што з тэрыторыі Докшыцкай АЗС № 64 Крулеўшчынскага філіяла РВУ “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт” снег з пяском і соллю вывезены на зямельны участак, што ў вёсцы Туркі, звярнулася жыхарка гэтай вёскі Докшыцкага сельсавета. Скарга пацвердзілася. Парушэнне было ліквідавана. Адказная асоба філіяла прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, накладзены на яе штраф склаў 10 базавых велічынь. Пра тое, што ў выніку руху транспарту з вадкай арганікай забруджваецца вуліца Маладзёжная вёскі Станіслаўцы Валкалацкага сельсавета, паведаміў у інспекцыю жыхар гэтай вёскі У.М. Кудрыцкі. Зварот грамадзяніна быў разгледжаны, і рух транспарту з арганікай па гэтай вуліцы быў спынены. Жыхар г. Мінска В.І. Масло занепакоены забруджваннем вадаёма г. Докшыцы ліўневымі і талымі водамі. Грамадзяніну растлумачана, што ў горадзе адсутнічаюць ачышчальныя прыстасаванні для ачысткі ліўневых і талых вод. Аб наяўнасці несанкцыянаванага сметніка цвёрдых адходаў у вёсцы Грабяні ў інспекцыю Бярозкаўскага сельсавета паведаміў мясцовы жыхар В.І. Іваноў. Факт пацвердзіўся. Бярозкаўскім сельвыканкамам забяспечана навядзенне парадку ў гэтай вёсцы. З падобным сігналам у інспекцыю звярнулася жыхарка вёскі Крулеўшчына А.С. Шарабайка. Яна была занепакоена размяшчэннем адходаў на зямельным участку, што за вуліцай Гагарына. Было ўстаноўлена, што размова ідзе пра санкцыянаваны міні-палігон для размяшчэння цвёрдых камунальных адходаў. У цяперашні час адходы на міні-палігоне пахаваны, зямельны ўчастак рэкультываваны і вернуты ранейшаму землекарыстальніку – КУП “Докшыцкі”.