У Докшыцах створана новая структура
У Беларусі з 1 студзеня 2012 года распачала сваю дзейнасць новая структура – Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці палкоўніка юстыцыі Алега Алхіміна, гэта ўжо не першая спроба зрабіць самастойнымі і незалежнымі следчыя органы краіны. Атрымалася на трэці раз, і, так як гэтаму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая інспекцыйна-арганізацыйная работа, камітэт павінен апраўдаць сваё стварэнне.
Гэта дзяржаўная ўстанова аб’яднала пад сваім дахам былых следчых пракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Але касцяк складаюць следчыя сістэмы МУС. Галоўная стратэгічная задача нановастворанай структуры – забеспячэнне самастойнасці следчага ў час прыняцця працэсуальных рашэнняў, яго незалежнасці ад праваахоўных структур, органаў юстыцыі і г.д. Гэта з аднаго боку, а з другога – забеспячэнне праў пацярпелых, а таксама тых, каго падазраюць ці абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства.
Раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Докшыцкім раёне ўзначаліў падпалкоўнік юстыцыі Уладзімір Вішнеўскі (на здымку). Уладзімір Уладзіміравіч з патомнай міліцэйскай сям’і. Яго бацька, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, Уладзімір Мікітавіч у свой час узначальваў следчае аддзяленне раённага аддзела ўнутраных спраў. Перш чым узначаліць аддзел, Уладзімір Вішнеўскі закончыў Акадэмію міліцыі, прайшоў шлях ад оперупаўнаважанага АБЭЗ, дазнавальніка да начальніка следчага аддзела РАУС.
Яго намеснікам з’яўляецца маёр юстыцыі Віталь Фурсевіч. Следчую работу ажыццяўляе 10 следчых. Размяшчаецца раённы аддзел Следчага камітэта пакуль што ў тым жа будынку, дзе раней знаходзіўся следчы аддзел раённага аддзела ўнутраных спраў.