В военные годы докшичанину рожь спасла жизнь

На снимке: Семён Семёнович Гайдук.

1 чэрвеня 1943 года стаў другім днём нараджэння для Сямёна Сямёнавіча Гайдука. Хлопчыку ў той час было 9 гадоў. Магло столькі застацца  назаўсёды, каб не здолеў выбегчы з роднай вёскі Сасноўка, якую акружылі фашысты і знішчылі яе жыхароў. 90 чалавек ляжаць у брацкай магіле: дарослыя і дзеці. У жывых засталося толькі 11. Сярод іх Сямён і два яго браты. Той дзень і тыя падзеі помняцца добра. Нават цяпер ад успамінаў шчыміць душа, набягаюць слёзы ў чалавека, які на сваім шляху пабачыў многае. Хлопчык праз жыта выбег з вёскі і застаўся жыць. Жыта, якое ў той час стаяла сцяной, выратавала яго. З вырошчваннем жыта, збожжавых культур звязала свой  лёс дзіця вайны.

У 1961 годзе Сямён Гайдук закончыў тэхнікум і атрымаў спецыяльнасць агранома. Пачаў працу старшым аграномам па ахове раслін у саўгасе “Сітцы”. Затым была практыка па спецыяльнасці на палях калгаса “Усход”, дзе Гайдук працаваў галоўным спецыялістам раслінаводчай галіны. Пэўны час узначальваў партыйную арганізацыю ў “Вітуніцкім”. Але знайшоў сябе менавіта ў Прудніках. Тут у ролі намесніка старшыні калгаса “Іскра” і сакратара партарганізацыі адпрацаваў 35 гадоў. Дзесяцігоддзе служыў гаспадарцы пасля таго, як па ўзросце стаў пенсіянерам. І толькі 7 апошніх гадоў Сямён Сямёнавіч адпачывае. Калі можна так сказаць, бо без справы ён не сядзіць. І праблемы, і радасці гаспадаркі, якая стала роднай, не пакідаюць абыякавым былога працаўніка.

У памяці агранома калгаса “Усход” ураджайнасць збожжавых культур, якую вырошчвалі ў пачатку яго працоўнай дзейнасці, – у межах 5 цэнтнераў з гектара, бульбы – 38 цэнтнераў. Дзякуючы атрыманым ведам, набытаму вопыту, прымяненню навуковых тэхналогій вырошчвання праз пяць гадоў галоўнаму аграному ўдалося дабіцца ўраджайнасці збожжавых большай у тры разы, а бульбы – у чатыры.   

–  Навука – магутная справа, – гаворыць сёння Сямён Сямёнавіч. –  Вучыцца трэба ў любым узросце. Працаваць па новых тэхналогіях – таксама. Не так лёгка было ў той час пераламаць у свядомасці людзей і на практыцы закаранелыя метады выкарыстання ўгнаенняў, апрацоўкі зямлі, догляду за пасевамі. Шмат мяняецца ў гэтым плане і зараз. Я за тое, што трэба прыслухоўвацца да рэкамендацый вучоных, абапірацца на набыты вопыт і самому думаць,  каб дабіцца запланаванага.

Ён ва ўсім такі: гаспадарлівы, прынцыповы, адказны. Гэтаму вучыў і сваіх дзяцей.  Адзін з сыноў стаў хірургам. Палкоўнік, кандыдат  медыцынскіх навук Сяргей працуе ў Ваенна-медыцынскай акадэміі ў горадзе на Няве. Прыязджае з сям’ёй да бацькоў.  Жыве, як і належыць ваеннаму,  па строгім раскладзе.

Не пакідае без увагі і падтрымкі і малодшы сын, які з сям’ёй жыве ў Мінску.

Значыць, нягледзячы на занятасць на рабоце, працу ў сельскай гаспадарцы ад цямна да цямна і амаль што без выхадных, Сямён Сямёнавіч разам з жонкай-настаўніцай здолеў выхаваць дзяцей так, каб перад людзьмі не было сорамна.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *