Заўсёды на сувязі
У вёсцы Валасатка, якая некалі стаяла побач з Паўночным Гняздзілавам, бацька героя майго аповяду меў 65 гектараў зямлі, альбо трэцюю частку ад усёй, што належыла ўсім яе насельнікам разам узятым. Лічыўся моцным гаспадаром. Былі ў яго работнікі, якія і зямлю аралі, і статак пасвілі. Наймаліся на працу да Альхімовіча тыя вяскоўцы, якія не мелі зямельных участкаў альбо не маглі з іх пракарміцца. Працавала пакаёўкай у пажылога Стэфана маладая дзяўчына, якая з цягам часу стала яго законнай жонкай перад людзьмі і Богам. У сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей. Хлопчыка, які з’явіўся на свет у 1932 годзе, назвалі ў гонар бацькі – Стэфанам.
Розніца ў гадах Альхімовічаў была вялікая, і калі малодшаму Стэфану споўнілася 13 гадоў, бацька памёр. З гэтага часу хлапчук і стаў гаспадаром сядзібы. Калі іншыя дзеці ішлі ў школу, Стэфан працаваў дома. Давялося маладому гаспадару адмовіцца ад большай часткі зямлі, сярод якой была чацвёртая частка лесу. Зрабіў гэта тады не вагаючыся, бо плаціць падаткі не было з чаго. Цяпер успамінае, што для бацькі быў лес чымсьці большым, чым дрэвы. Іншы раз трэба было зрэзаць якое, то доўга хадзіў з паднятай галавой: шукаў ствол крывы, крону аднабокую.
У бацькавым доме дружна жыла вялікая сям’я. Нявестка з дачкой старэйшага сына, які загінуў на вайне, сям’я малодшага. Маці. Сюды прывёў і Стэфан сваю суджаную. Узяў сабе ў жонкі аднавяскоўку. Яна смяецца, што разам свіней пасвілі, вось і сышліся. Ён жа ўдакладняе, што, як бы цяжка ні жылося, а свіней ніколі не пасвіў. Было чым карміць жыўнасць. У той час нават за 30 пудоў жыта каня сабе купіў: напытаў у Касцюках.
Жонка Альхімовіча – Любоў Мікалаеўна Андарала – таксама была напалову сіратой. У яе рана памерла маці. Старэйшая сястра хутка выйшла замуж, і яна, малодшая з дзяцей, засталася ў хаце гаспадынькай. Трэба было абмыць, накарміць чатырох мужчын. Яны не галадалі, але жылося цяжка.
Сышліся два “гаспадары”. Схадзілі пехам у Янкі распісацца, у Параф’янава – павянчацца. Пачалося сямейнае жыццё. Нажылі чатырох дзяцей. Перавезлі дом у Чырвонае Беразіно, а праз нейкі час тут, як некалі ў Валасатцы, пчаліным роем загудзеў новы дом. Старэйшая дачка, а затым і малодшая прывялі ў хату мужоў. Кожнаму хапала свайго куточка, а вось за стол садзіліся разам – вялікай і дружнай сям’ёй. Разам спраўляліся па гаспадарцы, бо жыўнасці было многа. Разам затым узводзілі дамы з гаспадарчымі пабудовамі. Абедзве дачкі жывуць у сваіх “харомах”.
Стэфан Стэфанавіч паказвае свае натруджаныя, у тоўстых сініх жылах рукі і з маладзецкім запалам гаворыць:
– Вось гэтымі рукамі ўзводзіў жыллё для сваіх дзяцей. Здаецца, і цяпер бы пайшоў у працу, ды сын, які жыве побач, зяці і ўнукі не дазваляюць. Дровы пашчапаюць. У агародзе справяцца. Я душой свае 80 не адчуваю, а вось той сілы ўжо няма.
Усё жыццё адпрацаваў Стэфан Альхімовіч манцёрам у электрасувязі. Цягнуў лініі радыёперадач, тэлефонныя. Кожны куточак у раёне ведае. Ведаюць многія жыхары і яго.
Мы наведаліся ў дом да Альхімовічаў якраз у дзень нараджэння гаспадара. Пакуль размаўлялі, не адзін раз раздаваўся тэлефонны званок. “Заўсёды на сувязі”, – удакладніла бабуля. Бацьку і дзядулю віншавалі з чарговым юбілеем. Ён бойка дзякаваў за цёплыя словы і пастаянна каменціраваў: «Юлька пазваніла. Унучачка мая. Яшчэ адзін з Бальшуновых не тэлефанаваў. Абавязкова павіншуе. Добрыя ў нас дзеці. Добрыя і ўнукі. Вось Максімка, напрыклад, за юрыста вывучыўся. Прыйшоў летам да нас, усе дываны вынес з хаты, праветрыў, выбіў з іх пыл. Падлогу вымыў. Бабуля нават стрымлівала хлопца, маўляў, ты ж у нас вучоны. А ён у адказ, што гэта нічога не мяняе».
Галоўнае ў жыцці — не зачарсцвець душой, не згубіць ні годнасць, ні сумленне, лічыць жыхар вёскі Чырвонае Беразіно Стэфан Стэфанавіч Альхімовіч і раіць не гнацца за матэрыяльным багаццем. Багацце – гэта тое, што ў цябе ў душы.
НА ЗДЫМКУ: Любоў Мікалаеўна і Стэфан Стэфанавіч Альхімовічы.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ і Вячаслаў ЧАРВІНСКІ (фота).