Ситцевский золотник

У аграгарадку Сітцы, каля старога панскага парку, якраз насупраць старой крамы, стаіць аблеплены глінай і пабелены домік. Маленькі сам, з маленькімі вокнамі. Таксама стары і, калі сказаць праўду, то невыглядны. Аднак завіталі мы сюды таму, што жыве ў ім адзінокая кабета Ядвіга Юльянаўна  Баравок, якая ў 77 гадоў ніяк не развітваецца з кароўкай.

– А як жа, – замахала рукамі бабуля. – Я ж без яе як без рук.  Пенсію маю, але ж малачком і аўсянку прыбялю, і чай прыпраўлю, пап’ю, занясу на стол (маецца на ўвазе, што здае лішкі дзяржаве). Кароўка трэба. Ды як яе не трымаць, калі сена ёсць? Я, золатка ты мая, папрашу ў агранома рулонаў, а ён мне і не адмовіць. Як жа адчапіцца ад старой? Я яму кажу: “Ягадка ты мая, а не дай прапасці кароўцы”. Дык мне на трактары прывязуць, пад хлеў запіхнуць. Мая справа пакарміць рагульку, падаслаць, каб і чыста было ў яе, і цёпла.

Па словах бабулі Ядзі, яе прыцягненне да жывёліны пачалося  ад бацькі. Той стары ўжо быў, а ніяк не прадаваў карову. Казаў усё: «Цялушачка мая залатая». А карова ж, і праўда, як золата. Ад яе прыбытак маеш вялікі. «Ды хіба ў краме купіш такога малака, якога надоіш сам? Хіба масла параўнаеш з пакупным? –– Не, не, вы мяне не пераконвайце, я толк у малочнай прадукцыі ведаю, – шчыра ўсміхаецца бабуля. – Каб не малачко, то можа б да гэтых гадоў і не дажыла. А магчыма і работа спрыяе даўгалеццю. Вось глядзіце, цяпер не рэдкасць, што такія маладыя людзі паміраюць. Здаецца, чаму б ім не жыць: такое багацце маюць, так смачна ядуць, а ўсё роўна век кароткі. Я лічу, што не баяцца працы трэба, а, наадварот, хацець яе. Каб увесь час у руху, у пасільных клопатах. Не так даўно ў Параф’янаве з’явіўся новы ксёндз. Ды такі чалавек добры, працавіты. Сам усюды наперадзе, а за ім і людзі цягнуцца. Вырашыў ён могілкі давесці да толку, пачалі зразаць старыя дрэвы, а мы з Анцяй  — тут як тут. Не маглі цягаць вялікія калодкі, дык галлё зносілі. А ўсё ж пры справе».

–  Мы з сястрой двайнюкі, – зноў распавядае без сакрэтаў бабуля. – Іншы раз іду па вёсцы, а ў мяне пытаюцца:  “Ты Анця ці Ядзя?”  А я ім у адказ: “А як хочаце, так і назавіце.  Мы ўсё роўна аднолькава думаем”.

Праўда, адна з двайнюкоў замуж выйшла. За Ярмаковіча. Дзяцей мае, унукаў. “А я, – кажа Ядвіга Юльянаўна, – чымсьці горшая. Для мяне не хапіла мужчыны. Ды я не скарджуся на лёс. Чаго мне, золатка, бедаваць? Ногі ёсць, рукі ёсць. Ксёндз кажа, што трэба радавацца жыццю, дык я і радуюся. Добра мне жыць. Хатка мая з хлява зробленая. Некалі бацька, які працаваў у пана, у ёй трымаў жыўнасць. Але ж у беднаце сям’я жыла, без дастатку. А таму ў хляве прарэзаў вокны, палажыў падлогу, дык я і стала тут векаваць. Калі холадна — дык шусь да сястрыцы. Паляжу ў цёплай хаце, пачастуюся, а раніцай – дамоў. Кароўку падаю, малачко працаджу, здам лішняе. А сабе чайку завару, мяса прыгатую, ды што ўздумаецца. Чаму тут засмучацца?”

Здаецца, бабуля ў гадах, дом, які пабачыў віды, але абстаўлены сучаснай бытавой тэхнікай. У бабулі Ядзі ёсць халадзільнік, дыскавы электрачайнік, мікрахвалевая печ – гэта тое, што кінулася ў вочы. Аднак больш за ўсё здзіўлялі і захаплялі старэчы аптымізм, душэўная цеплыня і камфорт, які струменіўся ад шчырай, вясёлай, рухавай і, здавалася, маладой жанчыны, у якой яшчэ ўсё наперадзе.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *