Живые цветы земли
Жывымі кветкамі зямлі назваў дзяцей вялікі пралетарскі пісьменнік Максім Горкі, а наш беларускі класік Янка Брыль сцвярджаў, што адносіны да дзяцей – гэта беспамылковая мера духоўнай годнасці чалавека. На думку пісьменніка, не любіць дзяцей і абмяжоўвацца іх мінімальнай колькасцю без важных на тое прычын, можа толькі чэрствы, эгаістычны чалавек. Пра тое, што думаюць наконт гэтага нашы сучаснікі, мы даведаліся з адказаў некаторых нашых чытачоў.
Таццяна, 31 год, маці 2-х дзяцей:
– Калі Бог дасць, то будзе, пэўна, і трэці. Муж са мной згодзен. Дзяцей толькі гадаваць цяжкавата, затое якое шчасце ў старасці! Назіраю за гэтым на прыкладзе сваёй маці, у якой ёсць сёстры, а ў мяне толькі адзін малодшы брат. І мне ад гэтага не камфортна. Да шматдзетных сем’яў адношуся з павагай. Асабліва да такіх, як сям’я Вольгі і Вадзіма Кішулькаў з Докшыц.
Таццяна, 32 гады, маці 1-го дзіцяці:
– На мой погляд, сямейнае шчасце не залежыць ад колькасці дзяцей. Для таго, каб было дзеля чаго жыць, хопіць і аднаго, бо расціць дзяцей – гэта вялікія клопаты і вялікая праца. Таму да бацькоў, якія маюць трох і больш дзяцей, адношуся як да герояў.
Аляксандр, 52 гады, бацька 2-х дзяцей:
– Нараджэнне дзіцяці наогул – гэта самы вялікі цуд і самае вялікае шчасце на зямлі, якія даў чалавеку Бог. Для сям’і – гэта неабходнасць для поўнага шчасця. Хаця ведаю бяздзетныя сем’і, якія не скасавалі шлюб. Праўда, з-за адсутнасці дзяцей, яны ўсё ж такі гаруюць. Ведаю і тых, хто развёўся, маючы дзяцей. Сам з такіх. Першы мой шлюб дзве дачушкі захаваць не дапамаглі. Другі атрымаўся, калі нам з цяперашняй жонкай ужо было за сорак. Мы шчаслівыя ўжо 10 год, але часам так хочацца мець наша з жонкай прадаўжэнне – дачушку.
Таццяна, 26 год, незамужняя:
– Калі выйду замуж, то ў ідэале хацелася б мець траіх дзяцей. Мая маці з вялікай сям’і, у якой дзевяць дзяцей. Гэта так здорава, калі шмат радні. А ў мяне толькі адзін брат. У дзяцінстве мне заўсёды здавалася, што бацькі яго больш любяць. А была б у мяне яшчэ сястрычка для раўнавагі, то так бы не было.
Марыя, 54 гады, маці дваіх дзяцей:
– У сем’ях майго пакалення ў асноўным ва ўсіх па двое дзяцей. У маладосці гэтага здавалася дастаткова, а ў жыцці далёка не заўсёды бывае так, як мы плануем. Сын у нас загінуў у аўтамабільнай катастрофе, калі яму было толькі 30 год. Застаўся ўнук, але нявестка хутка выйшла замуж, і зараз яны жывуць у Мінску. Апошні раз хлопчыка мы бачылі два гады таму, а калі будзе наступны, не ведаем. Дачка жыве ў Гомелі, прыязджае толькі раз у год у водпуск, бо далёка ж. Вось так з таго, што было дастаткова, не засталося амаль нічога, а былі б яшчэ дзеці, магчыма, нехта б з іх і ля бацькоў застаўся. Старасць без дзяцей і ўнукаў – гэта страшная адзінота і пустата. Няхай падумаюць пра гэта тыя, хто ў маладосці баіцца дзіцячага крыку, пялёнак і хвароб.
Вадзім, 38 год, бацька 4-х дзяцей:
– Калі жаніліся, то планавалі спачатку мець толькі дваіх дзяцей. Але Бог даў трэцяга, чацвёртага, і мы гэтаму не супраціўляліся. Людзі хочуць мець дзяцей, а ім не дадзена, дык як можна адмаўляцца ад таго, што даецца? Аб гэтым у нас з жонкай нават пытанне не паўставала. Там, дзе ёсць месца двум, будзе і чатыром. Я ў стане забяспечыць сваю сям’ю, да гэтага павінен імкнуцца кожны мужчына. Зараз у нашым доме жыве бязмернае шчасце, і, сцвярджаючы гэта, я ніколькі не перабольшваю.
Гутарыла Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.