«Забруднелы» «Выток»

Ужо пэўны час дакшычане, шпацыруючы па набярэжнай, могуць назіраць работы па ачыстцы вытоку ракі Беразіна. Мерапрыемства патрэбнае і лагічнае: забруднела крыніца – трэба даць ёй ходу. Адначасова своеасаблівай ачысткай “Вытоку” вырашыў заняцца жыхар Докшыц, пенсіянер Васіль Масла. Аказваецца, пад’езд да крамы “Выток”, што па вуліцы Савецкай, часта з’яўляецца “забруднелым” машынамі, якія спыняюцца ў недазволеным месцы. Пенсіянер звярнуўся ў рэдакцыю, каб распавесці пра праблемную сітуацыю.

– Часта даводзіцца бачыць, як машыны не толькі спыняюцца ля дзвярэй крамы, дзе гэта забараняецца двума дарожнымі знакамі, – кажа Васіль Масла, – але і, разам з тым, пасажыры выкідваюць смецце, скарыстаўшы магчымасць прыпынку.

На жаль, атрымоўваецца так, што многім вадзіцелям “вельмі цяжка” заехаць на стаянку насупраць крамы, хаця пляцоўка зручная і на ёй хапае месца ўсім. Прасцей “тармазнуць на хвілінку”, тым самым стварыўшы небяспеку для дарожнага руху. Былі выпадкі, калі людзі гінулі тут у ДТЗ. Штодзень на небяспечным месцы, перакрыжаванні вуліц Савецкай і К. Маркса, дзяжурыць нарад Докшыцкага ДАІ. Толькі за бягучы год, згодна з арт. 18.22. Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях – прыпынак транспартнага сродку з парушэннем правілаў дарожнага руху, 48 вадзіцеляў атрымалі штраф. Па словах старшага дзяржаўтаінспектара Аляксандра Сташэвіча, да верасня 2012 года плануецца рэканструкцыя небяспечнага перакрыжавання:

– Зараз ён не зусім зручны для вадзіцеляў, бо абмяжоўвае бачнасць. Плануецца звузіць перакрыжаванне, каб машыны ехалі да пэўнага месца, адкуль ўжо дакладна будзе бачна сустрэчная паласа, і паварот будзе не такі небяспечны. Пастаянна ідзе работа па ўзмацненні кантролю за рухам на названых вуліцах.

Застаецца спадзявацца, што гэта паменшыць колькасць штрафаў і аварый. Але галоўны “інспектар” чалавека – гэта ўсё ж такі сумленне, хай жа і яно таксама выйдзе на барацьбу з вадзіцелямі, якія парушаюць парадак.

Таццяна МАЦЮШОНАК. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *