После долгого перерыва в Докшицком районе возобновились соревнования сандружин

Пасля доўгага перапынку (працягласцю ў дваццаць год) у нашым раёне аднавіліся спаборніцтвы санітарных дружын. Яны прайшлі на мінулым тыдні на беразе гарадскога возера.

Актыўны ўдзел у спаборніцтвах прынялі дзесяць каманд з арганізацый раёна: РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, Докшыцкі хлебазавод, райста, РВУ “Докшыцырайгаз”, ПМК-52, ЦБП №209 ААТ “Беларусбанк”, ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”, РВЭС, РЭС і РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт” Крулеўшчынскі ўчастак Наваполацкага цэха эксплуатацыі складоў захоўвання нафтапрадуктаў і АЗС.

Удзельнікаў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шнітко:

– Спаборніцтвы, якія мы сёння будзем праводзіць, дазволяць праверыць узровень вашай гатоўнасці пры ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый. Дзякуючы набытым ведам і навыкам, вы зможаце аказаць цяпер пры патрэбе дапамогу сваім родным, блізкім і суседзям.

Трэба аддаць належнае арганізатарам спаборніцтваў – раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях і ЦРБ, якія адказна падышлі да даручанай ім справы. На працягу трох дзён члены санітарных дружын наведвалі ЦРБ, дзе праводзіліся заняткі па аказанні першай медыцынскай дапамогі.

Удзельнікам спаборніцтваў трэба было прайсці чатыры этапы: уменне аказаць першую меддапамогу, “папрацаваць” у ачагу камбінаванага паражэння, а таксама ў ачагах хімічнага і інфекцыйнага забруджвання. З пастаўленымі задачамі ўсе справіліся добра, але больш якасную падрыхтаванасць паказала каманда з РВУ “Докшыцырайгаз”, якая і атрымала лаўры перамогі. Другое месца заняла каманда «Беларусбанка», трэцяе – каманда Крулеўшчынскага ўчастака Наваполацкага цэха эксплуатацыі складоў захоўвання нафтапрадуктаў і АЗС. У намінацыі “Лепшы камандзір сандружыны” была названа Вольга Гадулевіч (РВУ “Докшыцырайгаз”), а “Лепшай сандружынніцай“ стала Алена Курныш (ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”).   

Усіх пераможцаў павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. Камандам і прызёрам былі ўручаны Ганаровыя граматы, салодкія падарункі і парфумныя наборы.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *