В Докшицах чествовали олимпиадников

Песня славы роднай зямлі складаецца са шматлікіх “мелодый”, “акордаў” і “нотак”. У ёй — пачэсная праца і дасягненні прадстаўнікоў розных прафесій, людзей, якія адбыліся ў сваёй справе. Але праслаўленне роднага краю не мае ўзросту: шмат маленькіх дакшычан сваімі перамогамі і поспехамі ўжо надаюць моцы гучанню раёна на абласным і рэспубліканскім узроўні. На мінулым тыдні яны і іх настаўнікі пад апладысменты падымаліся на сцэну ГЦК – раён ушаноўваў маленькія перамогі дзеля вялікай будучыні.

– Гэта поспехі не аднаго дня, – заўважыла ў сваім слове намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. – Кожны з вас прыклаў шмат намаганняў, праявіў вялікае цярпенне і волю да перамогі. Акрамя таго, гэта перамога агульная – тандэма вучань-настаўнік-бацькі. Вы добра папрацавалі, жадаю вам з надыходам летніх канікулаў добрага адпачынку, каб ён садзейнічаў новым здзяйсненням.  

Такім чынам, урачысты сход, прысвечаны ўшаноўванню лепшых навучэнцаў устаноў адукацыі раёна, стаў добрым вынікам усяго навучальнага года 2011 — 2012. На сцэну былі запрошаны пераможцы абласнога і рэспубліканскага этапу алімпіяды па вучэбных  прадметах. 19 докшыцкіх школьнікаў адстойвалі гонар раёна на вобласці, і двое сталі прызёрамі на рэспубліцы. Руская, беларуская і англійская мовы, біялогія, геаграфія, матэматыка, гісторыя і тэхнічная праца – вось тыя прадметы, у якіх праявілі сябе вучні Параф’янаўскай, Глінскай, Бягомльскай, Докшыцкай школы № 2 і № 1 на вышэйшым узроўні. Антон Пашкоўскі, Паліна Пісарэнка, Аксана Савіцкая, Дар’я Біратка, Таццяна Камінская, Сяргей Долгій, Яўгенія Баранава, Ганна Федусь і Іван Грышкевіч сталі дыпламантамі абласнога этапу. На рэспубліканскім узроўні прагучалі імёны дзевяцікласніц Дар’і Абірала і Ірыны Круковіч – яны былі аднымі з лепшых у беларускім слове. Дыпломамі былі таксама ўшанаваны тыя, хто стаў падмуркам для перамог таленавітых докшыцкіх школьнікаў – іх настаўнікі. Узняліся на сцэну таксама і прызёры  рэспубліканскіх творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. Кожная сфера, у якой былі праяўлены талент і выключныя здольнасці, не засталася без увагі райвыканкама і аддзела адукацыі. Увогуле, вынікі работы школ за 2011 — 2012 навучальны год былі падведзены па некалькіх  намінацыях: “Разумнікі і разумніцы”, “Хутчэй, вышэй, мацней”, “Зрабі свет прыгажэйшым”. Былі адзначаны лепшыя школы ў зборы металалому і макулатуры, прызёры дыстанцыйных конкурсаў і алімпіяд, пераможцы фестывалю тэатральнай творчасці і гэтак далей.

– Вялікі дзякуй вам за вашы перамогі, – сказаў начальнік аддзела адукацыі Васіль Лаўцэвіч. – Яны пакуль маленькія, але складаюць вялікую перамогу ўсяго нашага раёна. Так трымаць! 

Таццяна МАЦЮШОНАК.

НА ЗДЫМКУ: намеснік старшыні райвыканкама В.Ю. Рандарэвіч уручае грамату раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Параф’янаўскай сярэдняй школы Раісе Юльянаўне Падляшчук; сёлета яе вучаніца Ірына Круковіч атрымала на рэспубліканскай алімпіядзе дыплом ІІ ступені.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *