Праздник «белорусской хаты» прошёл в деревне Горелое Докшицкого района
Свята беларускай хаты адзначылі ў вёсцы Гарэлае Бягомльскага пассавета. Хаця аповед пра тое, што значыла для селяніна ў даўнейшыя часы жытло, якія існавалі абрады ў нашых продкаў для яго аховы, былі не больш, чым падставай для таго, каб нешматлікія жыхары вёскі мелі магчымасць сабрацца разам, пагутарыць, паслухаць прыезджых артыстаў, адным словам, пасвяткаваць. І ім гэта ўдалося, як нельга лепш.
Месцам правядзення свята быў выбраны панадворак Соф’і Мікалаеўны Церах, бо ён вельмі маляўнічы і прыгожы. На ім знаходзяцца дзве хаты. Адну Соф’я з мужам-франтавіком пабудавалі ў 1958 годзе. Аляксандра Іванавіча ўжо няма 10 год, але будынак, у якім ён усё зрабіў сваімі рукамі, яшчэ, здаецца, да сённяшняга захоўвае цяпло яго сэрца. У гэтай хаце выраслі чацвёра дзяцей Церахаў. Зараз яны разляцеліся з бацькоўскага гнязда, але вельмі часта прыязджаюць да матулі. Сын Юрый, які жыве з сям’ёй у Маскве, вырашыў на бацькоўскай сялібе выканаць адно з прызначэнняў мужчыны на зямлі – пабудаваць дом. Летні домік паставіў насупраць бацькавай хаты, побач — лазню, добраўпарадкаваў крынічку — і атрымалася цудоўная вясковая пастараль.
Ганаровых гасцей: старшыню Бягомльскага пассавета Мікалая Трахініна, дырэктара СГФ “Бягомльскі” Анатолія Бальшунова, настаяцеля Бягомльскай царквы «Усіх Святых» айца Валерыя Цімкова, удзельнікаў канцэртнай брыгады Бягомльскага ГДК разам з яго дырэктарам Вольгай Круглянінай, якія завіталі на свята, — Соф’я Мікалаеўна сустракала на сваім панадворку караваем. Разам з ёй былі і ўсе нешматлікія жыхары Гарэлага. Айцец Валерый падарыў вёсцы святую ікону Казанскай Божай Маці, каб зберагала яна гэтую гаротную зямлю і яе людзей ад бяды і гора.
Зараз у Гарэлым пражывае толькі 12 чалавек, а перад вайной іх было амаль 300. У 1943 годзе страшны лёс спасціг вёску. Яна была спалена разам з суседнімі Клінікамі. У полымі загінулі 200 вяскоўцаў. Пасля вайны вёска крыху адбудавалася, але так і не дасягнула даваеннай колькасці насельніцтва. Гарэлае стала адной з брыгад саўгаса “Бягомльскі”. Брыгадзірам у ёй быў былы франтавік Мікалай Лапцеў. Працоўную славу вёсцы здабывалі перадавікі-трактарысты Пётр Бусла і Андрэй Крывец.
Крыху ажывае вёска летам, калі ў бацькоўскія хаты прыязджаюць на пабыўку з горада дзеці, унукі, а то і праўнукі вяскоўцаў. Вось і ў гэты раз ім было цікава даведацца пра мінулае малой радзімы сваіх бацькоў, пра тое, якое значэнне заўсёды мела хата ў жыцці беларуса, паслухаць словы ўдзячнасці ад мясцовай улады і кіраўніцтва гаспадаркі ў адрас былых працаўнікоў і, канечне, горача паапладзіраваць бягомльскім самадзейным артыстам. Для вяскоўцаў хораша спявалі Вольга Кругляніна, Зоя Трахініна, Галіна Дземянкова, Аліна Анісовіч, Таццяна Кальцова, Наталля Шыбкова.
Закончылася свята агульным фота напамяць (на здымку). Госці паехалі дадому, а вяскоўцы засталіся абмяркоўваць падзею, якая столькі радасных імгненняў прынесла ў іх спакойнае, мернае жыццё.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.