Ходоровка — слово, сложенное из боли

Адным з мерапрыемстваў у гонар Дня Незалежнасці ў Докшыцах стала асвячэнне новага крыжа на мемарыяльным комплексе “Ходараўка”, якому сёлета спаўняецца 20 гадоў.

Здавалася, прырода перастала дыхаць. Паліла сонца. Жыта, што сцяной стаяла абапал комплексу, спыніла павольны рух сваіх каласоў. Высока ў неба на тонкіх белых ствалах паднялі свае кроны гонкія бярозы,  быццам, прасілі: “Памілуй, Божа, ад такіх падзей!”. Яшчэ ніжэй апусцілі галовы 12 жаночых фігур, постаці і твары якіх адлюстроўваюць смутак і боль. А ў цэнтры – скульптура мужчыны, якая быццам вырастае з самой зямлі. У ёй – сляды нясцерпных пакут, неразуменне і нязгода з тым, што тут адбывалася. Хто ён? Беларус? Італьянец? А можа сам Ісус Хрыстос раскінуў рукі перад смерцю?   Той, хто прайшоў дарогай пекла, хто сваім жыццём збавіў нас, сённяшніх жывых, ад фашысцкага іга. За яго пакуты, смерць плачуць усе жанчыны Беларусі. Менавіта такую задуму ажыццявілі ў сваёй рабоце скульптары.

На асвячэнне новага крыжа, які паставілі на мемарыяле па ініцыятыве пробашча Параф’янаўскай каталіцкай парафіі айца Рамана Мурзіча, сабраліся, бадай, усе жыхары бліжэйшых да Ходараўкі населеных пунктаў Сітцаўскага сельсавета. Разам з імі ў гэты дзень быў і старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук, іншыя адказныя асобы райвыканкама. Асвяціў крыж біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. Пад акампанемент арганіста Станіслава Красоўскага хорам спявалі:

Малюся за цябе, Беларусь,
За тваіх дачок і сыноў,
Каб была паміж намі любоў.
Я малюся да Бога і прашу…

Раўнадушных не было. Змахвалі са шчок слёзы жанчыны. У задуменні паніклі галовамі мужчыны. І толькі немаўляткі перабіралі сваімі ножкамі па гладка скошанай траве, выкладзенай пліткай дарожцы. Жыццё працягваецца…

Напачатку прайшла святая літургія. Маліліся за не сваёй смерцю памерлых 600 нявінных мірных жыхароў, якія былі сагнаны ў канцлагер “Лібараўшчына”, і за 200 палонных італьянскіх салдат. Яны па волі лёсу знайшлі вечнае прыстанішча ў беларускай зямлі.

Ніхто з відавочцаў тых жудасных падзей не застаўся ў жывых. А вось іх успаміны занатавала ў летапісе і беражліва захоўвае настаўніца гісторыі Сітцаўскай школы Тамара Каляга. Яна расказвала:

– Некалі прыгожы фальварак Ходараўка адначасова стаў бязлюдным месцам. Напуджаныя людзі тры дні баяліся сюды зайсці. І толькі хлапчукі рызыкнулі і сталі першымі сведкамі здарэння. Казалі, што курган дыхаў і ішоў стогн з-пад зямлі, якая сціснула грудзі кінутых у агульную магілу  недабітых людзей. Валяліся не прыкапаныя трупы.

Гэта было 27, 28, 29 чэрвеня 1944 года. Да вызвалення заставаліся лічаныя дні. Немцы спешна адступалі, паліцаі замяталі сляды сваіх злачынстваў… Варвараў, якія здзейснілі гэта злачынства, знайшлі толькі ў 70-ыя гады на ўсесаюзных будоўлях і асудзілі. Праўда, мясцовыя жыхары не хочуць  ведаць нават іх імёны. А вось знайсці імёны пахаваных тут настаяцель мясцовага прыходу ксёндз Мурзіч, апантаны ідэяй, лічыць справай гонару. У тых, хто ведае гэтага сціплага, працавітага і мэтанакіраванага чалавека і святара, сумнення ў ажыццяўленні ідэі не ўзнікае.

Сустрэча ў былым фальварку Ходараўка, цяпер аднайменным мемарыяльным комплексе, суправаджалася музыкай ваеннага духавога аркестра з Полацка. У прастор несліся і вершаваныя радкі мясцовай паэткі Марыі Дзюбак:

Жалобна шумяць тут
Бярозкі белыя
Побач са стэлаю,
Побач са стэлаю.
Крыж мімаволі жагнае рука…
Слова, складзена з болю:
Хо-да-раў-ка…

– Сумесная малітва і памяць – тое, што мы можам зрабіць для забітых і пахаваных тут людзей, – сказаў у сваёй пропаведзі біскуп Уладзіслаў Блін.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

 

 

 

 

 

 Фота А. Варанковіча.

Один комментарий для “Ходоровка — слово, сложенное из боли

  • 09.07.2012 в 9:25 пп
    Permalink

    К сожалению автор совсем не вспомнила про спиленную руку памятника, которую никак и не востановили, а этот вопрос стоило поднять в присутствии всех высокопоставленных лиц района…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *