Григорий Петько в лес заходит, как в храм

Рыгор Пятровіч Пяцько ўзначальвае  Тумілавіцкае доследна-вытворчае лясніцтва. Лесаводчай справе аддаў 36 год  жыцця. Пачынаў простым рабочым, быў майстрам лесу і ўжо больш за 24 гады працуе ляснічым. За сваю працу мае высокія ўзнагароды: шэраг грамат ад Глыбоцкага лясгаса, Ганаровую грамату Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў. Тры гады таму быў занесены на Дошку гонару Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання. Практычна кожны год яго лясніцтва займае прызавыя месцы ў абласных спецыялізаваных спаборніцтвах за выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Рыгор Пятровіч  займаецца назіральна-даследчай дзейнасцю, супрацоўнічае са знакамітымі беларускімі  навукоўцамі і даследчыкамі. Ён чалавек апанаваны  сваёй прафесіяй, любоўю да прыроды, вялікі  патрыёт сваёй радзімы,  цікавы субяседнік з непахіснымі перакананнямі, высокай маральнасцю і інтэлектам, эрудзіраваная,  творчая асоба.   У маладосці ён пісаў вершы, большасць з іх прысвячаў прыродзе. У іх лес  называў храмам, прыроду – маці.  Запэўнівае, што лес мае вялікую сілу, моцную энергію. Гаворыць, што калі чалавек ідзе ў лес з даверам і шчырасцю, то атрымлівае ачышчэнне, прыліў сіл, яснасць думкі. Відавочна, што сам Рыгор Пятровіч зрадніўся з прыродай, бо ад яго самога ідзе такая ж энергетыка:  спакою, высакароднасці і моцы.
Нездарма ў Тумілавічах ляснічы  карыстаецца вялікай павагай і аўтарытэтам. Яго цэняць не толькі як прафесіянала, але нават, больш як мудрага, адукаванага, шчырага, прыстойнага, усебакова развітага чалавека. Яго парады лічаць каштоўнасцю, яго прыхільнасць  – гонарам. Сёння ён з’яўляецца героем нашай рубрыкі  «сустрэча з цікавым чалавекам», і прыязна адказвае на традыцыйныя пытанні.

1. Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе Вашы карані?

– Я нарадзіўся ў вёсцы Рачныя, што ў шасці кіламетрах адсюль. Бацькоў маіх ужо няма на гэтым свеце. Родную сядзібу мы з сястрой даглядаем. Былі прапановы прадаць яе, бо ў тых мясцінах вельмі прыгожыя краявіды, шмат людзей будуюць там дачы, але мы не згадзіліся. У той хаце прайшло наша дзяцінства, там нашы карані, там я адпачываю душой. Дом яшчэ дабротны, застаўся бацькоўскі сад і пчолы. За сядзібай на ўскрайку лесу расце пасаджаны мной міні-дэндрапарк. Там я пасадзіў каля 30 відаў экзатычных хваёвых дрэў і кустоў. Пабываў у многіх краінах, шмат дзе мне падабалася і была магчымасць застацца, але прыцяжэнне роднай зямлі было моцным. Лічу, што ў далечыні ад радзімы чалавек губляе жыццёвую лінію, губляе сілу, духоўнасць і еднасць, а без гэтага ў жыцці цяжка. Таму без асуджэння, але з сумам успрымаю тое, калі маладыя людзі пакідаюць радзіму ў пагоні за матэрыяльнымі дабротамі.

2. У нас ва ўсіх былі настаўнікі. Хто вёў Вас па жыцці?

– Прыкладам, аўтарытэтам  для мяне былі і застаюцца мае бацькі. З дзяцінства памятаю парады свайго дзядулі, які быў выдатным майстрам па дрэве, адметным гаспадаром. Карыстаюся імі на працягу ўсяго жыцця. Дзядуля казаў: “Наперад не савайся, але і ззаду не заставайся”, – яшчэ – “Служы верна, і бяры мерна”. Я згодны, што чалавек павінен быць верным сваёй справе і браць на сябе пасільную нагрузку, ставіць перад сабой рэальныя мэты. 

У прафесіі маім настаўнікам быў першы ляснічы Тумілавіцкага лясніцтва Сямён Аляксеевіч Дзенісёнак, пры якім я пачынаў свой працоўны шлях. Гэта вопытны чалавек, 28 год адпрацаваў у лясніцтве. У яго я вучыўся прыстойнасці, паважнасці, абгрунтаванасці ў справах. Яго парадамі карыстаюся і зараз. Многа даў мне ў прафесійным плане былы дырэктар Глыбоцкага лясгаса Мікалай Канстанцінавіч Крук. У яго стараўся пераняць лідарскія здольнасці, уменне весці за сабой, вучыўся дасканаласці ў рабоце.

3. Хто яны, Вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?

– Сям’я – гэта святое. Канечне, люблю сваю жонку,  сваіх дзяцей: сына і дзвюх дачок. У сына ўжо ёсць свая сям’я. Унуку  Цімафею два гады – вельмі пацешны, кемлівы хлопчык, нават ужо праяўляе характар. Дочкі абралі педагагічныя прафесіі, вучацца ва ўніверсітэце ў Віцебску.  Другім домам лічу сваё лясніцтва, родным – свой калектыў. Я радуюся, калі ў маіх супрацоўнікаў усё добра, калі яны  атрымліваюць годную зарплату, маюць задавальненне ад працы. Калі мае дзеці былі маленькімі, і ім задавалі пытанне: дзе тата, яны адказвалі: ну, дзе ж – пайшоў у свой любімы горад Адэсу (гэта кантора). Проста мне вельмі падабаецца гэты горад, я многа ім расказваў пра яго, і яны, узважыўшы маю прыхільнасць да Адэсы і работы, правялі такую паралель. Таму ўсе прывыклі, што ў мяне два любімыя дамы.

4. Ваша прафесійная дзейнасць — гэта…

– Служэнне лесу. Гэта магчымасць пакінуць пасля сябе спадчыну: захаваць пакаленням прыроду. Існуе такая народная мудрасць: Думаеш на гады – садзі хлеб, думаеш на стагоддзі – садзі лес. Я хачу думаць на стагоддзі.

5. Вашы захапленні?

– Я згодны з высновай, што хобі не павінна быць прафесіяй, бо яно для адпачынку і забавы. Але ў процілегласць гэтаму нада сказаць, што мае захапленні сумежныя з прафесіяй. З 1973 года я захапляюся арніталогіяй. Таму, ідучы ў лес, заўсёды браў з сабой дзённікі і рабіў пісьмовыя назіранні за птушкамі. З цягам часу для задавальнення адных птушак стала мала і я запісваў усё, што лічыў цікавым. На сённяшні дзень маю вялізны стос дзённікаў, у іх шмат рубрык: птушкі, жывёлы, цікавыя месцы, з’явы і іншыя. У адным з іх ёсць запіс, нават, пра паўночнае ззянне. Уявіце сабе, даўно ў марозную ноч мне пашчасціла назіраць  гэту з’яву ў нас у Беларусі і апісаць яе. Лічу гэта вялікім падарункам прыроды і шчаслівым знакам. У дзённіках я запісваю ўсё, што бачу ў лесе: сляды жывёл, расліны, разнастайныя з’явы – факты стараюся храналагічна ўпарадкоўваць. Калі натхняюся чым-небудзь, раблю лірычныя адхіленні, нярэдка, яны атрымліваюцца на некалькі старонак. Уладзімір Іваноўскі, вядомы арнітолаг, з якім сустракаемся на з’ездах рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і сумесна вядзём назіральную дзейнасць, калі чытаў мае запісы, сказаў, што я пішу, як Прышвін, раіў выдаваць кнігу. Канечне, нічога выдаваць я не буду, але было прыемна.

6. Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, якія – адмоўныя пачуцці?

– Паважаю, прыстойнасць, прастату, чалавечнасць, патрыятызм, сілу духа. Мне цікава з захопленымі, мэтанакіраванымі людзьмі. Не падабаюцца ў людзях авантурызм, інтрыганства, двудушнасць. Хаця, я лічу, што ў кожным чалавеку ёсць добрыя рысы характару, а таму стараюся іх заўважаць у першую чаргу.

7. Самы шчаслівы Ваш дзень?

– У мяне кожны дзень шчаслівы. Я прачнуўся, здаровы, здаровы мае блізкія, ёсць любімая работа – гэта шчасце, яго толькі трэба ўмець заўважаць.

8. Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?

– Хіба толькі аб тым, што час хуткацечны.

9. Ці актуальна сёння, па Вашым меркаванні, выказванне: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў”?

– Канечне, лічу актуальным! Чалавечае, духоўнае заўсёды даражэйшае за матэрыяльнае.

10. Што галоўнае для Вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?

– Я ўжо казаў, што ў мяне дзве сям’і: адна дома, адна на рабоце – яны самыя важныя. Ніколі не працаваў дзеля кар’еры і грошай, найперш – па закліку сумлення і для душы.

11. Выкарыстаўшы магчымасць, што б Вы хацелі сказаць людзям?

– Найперш хачу павіншаваць з прафесійным святам, што адбылося ў нядзелю, усіх работнікаў лесу, а таксама ўсіх аматараў прыроды. Хачу сказаць, што ў апошні час заўважаю, як мяняецца ў лепшы бок культура людзей. У лесе сталі менш пакідаць смецця. Вельмі радуюся і дзякую за гэта.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *