В Докшицах впервые состоялся областной экологический праздник-конкурс
Упрыгажэннем Дня горада, што адбыўся ў мінулыя выхадныя, стаў абласны экалагічны свята-конкурс “Квітней мая радзіма”. Удзел у ім прынялі аўтаклубы з 14 раёнаў вобласці. На Докшыцкай зямлі такое масавае і разнапланавае экалагічнае мерапрыемства праводзілася ўпершыню.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Сідарэнка сказаў, што для правядзення экалагічнага свята-конкурсу Докшыцы былі абраны не выпадкова. З 21 раёна вобласці Докшыцкі назваў асаблівым, бо ён з’яўляецца водападзелам Чорнага і Балтыйскага мораў. Тут бяруць пачатак рэкі Вілія і Бярэзіна і знаходзіцца сапраўдная жамчужына прыроднай спадчыны Еўропы – Бярэзінскі біясферны запаведнік.
– Докшыцкі раён мае бясцэнныя прыродныя багацці, аднак самае каштоўнае з іх – гэта працавітыя, таленавітыя людзі, – гаварыў Аляксандр Пятровіч. – Я віншую ўсіх жыхароў Докшыц з Днём горада. Жадаю гэтай зямлі міру, дабрабыту і росквіту. Спадзяюся, што экалагічныя святы стануць тут добрай традыцыяй, бо ўсё неабходнае для правядзення абласных і нават рэспубліканскіх мерапрыемстваў раён мае.
Галоўнай падзеяй конкурсу было выступленне аўтаклубаў вобласці на лепшае прадстаўленне праграмы-візітоўкі экалагічнага напрамку. На працягу чатырох гадзін на сцэне ля гарадскога Цэнтра культуры спявалі тэматычныя песні, расказвалі вершы, паказвалі інсцэніроўкі, праводзілі віктарыны і гульні. Кожная каманда заклікала да беражлівых адносінаў да прыроды, навядзення чысціні на зямлі. Каманда Докшыцкага аўтаклуба па задуме кіраўніка Ірыны Сварцэвіч зрабіла акцэнт на прадстаўленні славутых мясцін нашага раёна і неабходнасці іх аховы. Любоў да чалавека параўнала з любоўю да роднага краю і запэўніла ў непадзельнасці гэтых пачуццяў:
“Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс.
Цаніце працу чалавека –
І Бог Вам дасць спагадны лёс”, – заклікалі закаханыя Янка і Алёнка.
Выдатна аздобілі праграму нашага аўтаклуба выступленні ансамбля “Вярба” Докшыцкай школы мастацтва і народнага вакальнага ансамбля “Землякі” Параф’янаўскага СДК.
На працягу ўсёй праграмы на дзвюх плошчах каля гарадскога Цэнтра культуры працавалі тэматычныя пляцоўкі. На адной аматарскія аб’яднанні садаводаў, кветкаводаў, фларыстыкі прадстаўлялі выставы візітоўкі-абарону свайго клуба. Выставы здзіўлялі эстэтычным арыгінальным афармленнем, разнапланавасцю захапленняў, разнастайнасцю прэзентаванай экалагічна чыстай прадукцыі. Адны імкнуліся паказаць прыгажосць кветак, другія – разнастайнасць карысных раслін, трэція заманьвалі кампазіцыямі з садавіны і агародніны. Прапаноўвалі паспытаць гарбату з лекавых траў, саленні, варэнні, выпечку, дзяліліся рэцэптамі і тэхнічнымі сакрэтамі. Тут можна было купіць тавар, які асабліва спадабаўся: карціны і кампазіцыі з прыроднага матэрыялу, лекавыя расліны, кветкі і нават падушку з лекавых траў.
На другой пляцоўцы ля фантана працаваў “Экалагічны вернісаж”. Тут былі прадстаўлены прадукты харчавання з раёнаў вобласці. Іх можна было спрабаваць і прагаласаваць у карысць таго, які найбольш спадабаўся. “Яблычны форум” прэзентаваў яблыкі. “Восеньскі нацюрморт” прадстаўляў кампазіцыі з садавіны і агародніны. На пляцоўцы “Вада – жыцця аснова” былі прадстаўлены мінеральныя воды ўсіх вытворцаў вобласці. Тут можна было паспытаць як газіраваныя воды, так і крынічныя, даведацца пра карысць вады і самыя чыстыя крыніцы вобласці, а потым паўдзельнічаць у прызавым атракцыёне “Белы гарлачык”. На суд дэгустатарам былі яшчэ прапанаваны хлеб, мёд, варэнне з разнастайных ягад і траў. Рады жадаючых прадэгуставаць прадукцыю не радзелі на працягу ўсяго свята.
Вынікі конкурсу падводзіліся ўвечары. Дакшычане атрымалі 6 дыпломаў упраўлення культуры Віцебскай вобласці ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. Андрэй Чабан заваяваў дыплом 2 ступені як удзельнік праграмы. Віталь Замулка і Вольга Кругляніна атрымалі дыплом у намінацыі “Лепшыя вядучыя”. Аматарскае аб’яднанне кветкаводаў “Архідэя” Сітцаўскага СДК стала лаўрэатам 3 ступені ў намінацыі “Лепшая кампазіцыя-афармленне выставы-пляцоўкі”. Дыплом уручылі клубу нацыянальнай кухні і гульні “Шчадроўка” раённага вучэбна-метадычнага цэнтра, кіраўніком якога з’яўляецца Вольга Пракаповіч. Дыпломамі адзначылі таксама выступленні вакальнага гурту “Вярба” і народнага вакальнага ансамбля “Землякі”.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Дэгустацыя варэння. 2. Прадстаўленне візітоўкі Віцебскага клуба аматараў фларыстыкі “Анюта”.
Фота А. Варанковіча.